І менавіта так гучыць дэвіз сёлетняй тэатральнай сустрэчы ў больш як тыднёвым фестывальным рэжыме.
Па традыцыі, "Белая вежа" прадстаўляе тэатральнае мастацтва калектываў з розных краін свету, гарманічна спалучаючы прадаўжальнікаў нацыянальных традыцый і калектывы, чый асноўны творчы шлях - эксперымент. За паўтара дзесяцігоддзя свайго існавання ў рамках гэтага знанага ў свеце форуму на брэсцкіх сцэнах сваё мастацтва прадэманстравалі тэатральныя калектывы з больш чым паўсотні краін свету. І сёлета ўжо не адзін дзясятак творчых груп выказаў сваё жаданне наведаць са спектаклямі горад над Бугам.
Не будзем раскрываць сакрэтаў фестывальнай афішы - няхай яны да пары да часу захаваюць сваю інтрыгу. Скажам толькі, што і сёлета, як заўсёды, брэсцкая "Белая вежа" парадуе гледачоў пастаноўкамі сусветнай і нацыянальнай драматургіі, эксперыментальнымі паказамі, у тым ліку ў жанры пластыкі і сучаснай харэаграфіі, лялечнымі спектаклямі і маладзёжнымі работамі, велічнымі прадстаўленнямі і многім іншым з таго, што цягам свайго "жыцця" выклікала цікавасць прыхільнікаў мастацтва.