Вобраз Юрчанкова

№ 31 (1002) 30.07.2011 - 05.08.2011 г

Днямі ў Тэатры-студыі кінаакцёра адбылося ганараванне вядомага акцёра тэатра і кіно Пятра Юрчанкова.

/i/content/pi/cult/334/6121/pic_27.jpgМіністр культуры краіны Павел Латушка агучыў радкі з Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ад 3 чэрвеня 2011 года № 226:

- За шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм узнагародзіць Юрчанкова Пятра Пятровіча, вядучага майстра сцэны Тэатра-студыі кінаакцёра Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" званнем "Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь".

Міністр культуры, звяртаючыся да Пятра Пятровіча, адзначыў, што з дзяцінства памятае фільмы з яго удзелам - "Дзяржаўная мяжа" і "Час выбраў нас". "Ваш вобраз заўсёды стаяў у мяне перад вачыма, - дадае Павел Латушка, - гэта ўнікальна выкананыя ролі. У нашым кінематографе было мала роляў, якія б акцёр тэатра і кіно іграў так неверагодна таленавіта. Я сапраўды шчаслівы, што маю гонар уручыць вам такую высокую дзяржаўную ўзнагароду... Дзякуй вам вялікі, што вы ёсць, і- чакаем на сцэне!"

Генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" Алег Сільвановіч таксама павіншаваў творцу: "Кінастудыя як бацька ці маці Тэатра-студыі кінаакцёра вельмі ганарыцца вамі. Любоў гледачоў у вас ёсць, неабходна толькі, каб узнагароды знаходзілі вас, асабліва ў той час, калі яны вельмі важныя і патрэбныя".

На здымках: Пётр Юрчанкоў побач з жонкай Лідзіяй Мардачовай ды актрысай Святланай Сухавей.