Адкрыцці "Белавежы"

№ 31 (1002) 30.07.2011 - 05.08.2011 г

Складана знайсці мастака, які не любіў бы пленэры. На натуры, а тым больш — побач з калегамі, працуецца вельмі плённа: такая атмасфера натхняе творцаў на новыя вяршыні і адкрыцці.

/i/content/pi/cult/334/6118/pic_20.jpgАсабліва цікавым з /i/content/pi/cult/334/6118/pic_22.jpgтакога пункта гледжання аказаўся двухгадовы праект Беларускага саюза мастакоў "Белавежа", які распачаўся ў жніўні 2009-га. Тады група мастакоў працавала ў вёсцы Камянюкі Камянецкага раёна, а таксама ў розных кутках на Берасцейшчыне і Гродзеншчыне. Зразумела, што вынікі працы на пленеры - накідныя матэрыялы і эцюды- можна было прадстаўляць ужо тады, у 2009-м. Але з самага пачатку ідэя праекта заключалася ў тым, каб даць магчымасць яго ўдзельнікам апрацаваць сабраны матэрыял ва ўласных майстэрнях, падсумаваць набыты вопыт, асэнсаваць убачанае і прадставіць на суд гледачоў і калег паўнавартасныя мастацкія работы. Творчую справаздачу праекта сёння можна ўбачыць у сталічным Палацы мастацтва.

 Фармальнай падставай для правядзення пленэру стаў юбілей - 600-годдзе надання Белавежскай пушчы статуса прыроднага запаведніка. Здавалася, яе флора і фаўна зоймуць цэнтральнае месца ў работах майстроў. Але апошнія прадставілі больш шырокі і поўны погляд на запаведнік і яго жыццё. "Белавежская пушча - не толькі вялікі лесаі жывёлаахоўны, але і культуралагічны арганізм. Тут можна правесці дзесяць гадоў, і кожны раз знаходзіць для сябе нешта абсалютна новае і гэтае новае развіваць", - распавядае куратар праекта Мікола Купава. Палёт думкі і тэматычна-стылёвая шырыня прадстаўленых работ шчыра парадавалі гасцей выстаўкі. Кожны мастак абраў сваю канцэпцыю, якую два гады і развіваў. Так, напрыклад, Кастусь Качан і Алесь Суша ў першую чаргу цікавіліся пушчанскімі вёсачкамі, Ігар Скавародка - архітэктурнымі помнікамі Белавежскага рэгіёна, Жанна Чыстая і Васіль Касцючэнка працавалі над вобразамі сімвалаў Пушчы - зуброў. Вельмі разнастайнымі аказаліся творы і па манеры выканання: ад натуралістычных замалёвак таго ж Купавы да вобразна-абстрактных кампазіцый Юрася Хілько.

/i/content/pi/cult/334/6118/pic_21.jpgДарэчы, пленэр можна смела называць міжнародным: побач з беларускімі калегамі ў Пушчы працаваў польскі графік Лукаш Левандоўскі. Работы для выстаўкі ствараў адразу ва ўнікальнай для нашай графікі тэхніцы: выявы рэзаў на паліраваным гіпсе і тут жа рабіў адбіткі. Словам, мастакам удалося не толькі папрацаваць, але і павучыцца адно ў аднаго.

Арганізатары пленэру запэўніваюць, што сёлетняя выстаўка - толькі пачатак, і абяцаюць аматарам мастацтва яшчэ шмат цікавых і нечаканых адкрыццяў ад праекта "Белавежа".

Дар'я ДАНІЛЕВІЧ