Энергетыка адной школы

№ 31 (1002) 30.07.2011 - 05.08.2011 г

Сінтэз, арнамент і намёкі

/i/content/pi/cult/334/6117/pic_17.jpgАпынуцца ў мастацкім Віцебску можна і ў Мінску. У ліпені Беларускі саюз мастакоў зрабіў падарунак тром юбілярам: у Палацы мастацтва праходзіць сумесная выстаўка віцябчан Уладзіміра Вальнова, Валерыя Счаснага і Аляксандра Слепава. Арганізатары кажуць, што аб'яднаць у адной вялікай зале трох абсалютна розных мастакоў- эксперымент. І ён удаўся: агульная канцэпцыя вытрымана, еднасць творцаў адчуваецца ўжо ў самой зале. 

Думаецца, даецца ў знакі менавіта прыналежнасць да адной школы жывапісу з глыбокімі і моцнымі традыцыямі. Бясспрэчна, кожны мастак мае ўласную манеру, але дух віцебскай школы пачатку ХХ стагоддзя застаўся ў горадзе над Дзвіной, пануе ён і сёння ў залах Палаца мастацтва. Намаляваць свет лепшым, чым яго стварыла прырода, немагчыма. Таму прызначэнне мастака, яго асноўная з/i/content/pi/cult/334/6117/pic_18.jpgадача - стварыць новую, непаўторную, рэчаіснасць. Такім прынцыпам, абвешчаным яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя, віцябчане кіруюцца і сёння. І хаця ў кожнага творцы гэты свет увасоблены па-свойму, іх аб'ядноўвае напорыстасць, экспрэсіўнасць, магутная энергетыка работ.

Публіцыстычны характар творчасці Уладзіміра Вальнова дазваляе мастаку найлепшым чынам выявіць сябе, час, свае боль, веру, надзею: "Апошнім часам я ўсё больш займаюся інсталяцыямі, заснаванымі на арыгінальных гістарычных матэрыялах. Я лічу, што толькі праўда можа лячыць чалавека..." Маленькім хлопчыкам мастак перажыў вайну, выхоўваўся ў інтэрнатах, на ўласныя вочы бачыў пасляваенную разруху... Усё гэта адлюстравалася ў аўтабіяграфічных палотнах і інсталяцыях творцы, назвы якіх кажуць самі за сябе: "Бабіна лета ў мёртвай вёсцы", "Сям'я. Распяты", "Попел у неба". Агульны настрой экспазіцыі майстра - даволі песімістычны. І адзін толькі твор - "Вяртанне анёла" - нібы пасляслоўе, расстаўляе акцэнты наноў, пакідаючы ўсё ж такі надзею, надаючы веры і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Анёл зноў ляціць у заліты сонцам горад, а значыць, людзі - памілаваны і зноў апынуцца пад ягонай аховай...

/i/content/pi/cult/334/6117/pic_19.jpgРэтраспектыўны пачатак, матыў вяртання і пераасэнсавання - тое, што звязвае з творамі Вальнова палотны яшчэ аднаго ўдзельніка выстаўкі - Валерыя Счаснага. Тым не менш, і манера выканання, і звышзадача - зусім іншыя. Калі Вальноў вобразнасць сінтэзуе з рэальнасці, робіць акцэнт на фатаграфічным матэрыяле, канкрэтных прадметах з жыцця сваіх герояў, Счасны, наадварот, зводзіць усё да некалькіх мінімалістычных форм-сімвалаў. Яго знакава-канструктыўныя кампазіцыі нагадалі мне традыцыйныя беларускія ручнікі, кожная новая форма, знак на якіх - пэўны сімвал, зашыфраванае паведамленне. Мастак насычае работы яркімі арнаментальнымі матывамі. Паказальным выражэннем такой сімвальнай сістэмы ўвасаблення можна назваць цыкл работ "Крыжовы шлях", які, па словах аўтара, "дапамагае без рэалістычных падрабязнасцей прайсці шлях Збавіцеля на Галгофу".

Зусім іншая эстэтыка твораў Аляксандра Слепава. Дарэчы, сярод іншых удзельнікаў калектыўнай экспазіцыі ён, бадай, самы адкрыты да эксперыменту, больш за іншых імкнецца да пошуку. Так, побач з фігурамі на мяжы абстракцыі і кубізму на выстаўцы прадстаўлены яго драўляныя скульптуры з вытанчанай пластыкай. Побач з фавічнымі кампазіцыямі ў стылі Кандзінскага - сюррэалістычныя творы з намёкамі на Далі, філасофскія і апакаліптычныя пастэлі. І, па словах самога мастака, гэта - толькі невялікая частка яго творчага "Я".

Юбілейныя выстаўкі для мастакоў, з аднаго боку,- свята, з іншага - творчая справаздача. Што ўдалося зрабіць за гады няспыннай працы і самаўдасканалення? Ці правільным шляхам ішлі? Сёлетняя экспазіцыя засведчыла: віцебскім творцам ёсць што паказаць. Формула ж плённай мастацкай дзейнасці па-віцебску, відаць, - сумяшчэнне традыцый з асабістым стылем, уласным бачаннем і адточаным майстэрствам.

Дар'я ДАНІЛЕВІЧ