Ураджай з “Максімавага сада”

№ 31 (1002) 30.07.2011 - 05.08.2011 г

Паміж Мінскам і Маладзечнам, сярод цудоўных палеткаў і лясоў, знаходзіцца маленькая маляўнічая вёсачка Ракуцёўшчына. Менавіта тут, у фальварку дробнага шляхціча Вацлава Лычкоўскага, летам 1911-га, роўна сто гадоў таму, пабываў Максім Багдановіч. І цяпер гэты фальварак як сімвал вяртання пісьменніка на Радзіму цягам ужо дваццаці гадоў вітае гасцей на Рэспубліканскім свяце паэзіі і песні “Ракуцёўскае лета”.

/i/content/pi/cult/334/6108/pic_11.jpgРаспачалася паэтычна-музычная імпрэза ля памятных камянёў, якія былі ўсталяваны на перакрыжаванні дарог на Ракуцёўшчыну і суседнюю вёску Чысць. Госці ўскладалі кветкі, казалі прывітальныя словы, успаміналі беларускіх літаратараў і краязнаўцаў, якія ў 1970-я знайшлі гэтае месца (да таго часу было невядома, дзе жыў Багдановіч улетку 1911 года), а пазней, у 1981-м, сталі ініцыятарамі стварэння ля помніка першага на Беларусі пісьменніцкага парку пад назвай "Максімаў сад".

Сярод іншых гасцей, пабываў на свяце і міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка. А як адзначыў намеснік міністра Тадэуш Стружэцкі, гэты год, калі шырокая грамадскасць святкуе юбілей з дня нараджэння Максіма Багдановіча, сапраўды дае магчымасць людзям яшчэ больш спрычыніцца да творчасці класіка нашай літаратуры.

Адметна, што сярод прысутных была і Маргарыта Пярова - унучатая пляменніца Вацлава Лычкоўскага. На фестываль таксама прыехалі Ірына Ніжанкоўская - прыёмная дачка Браніслава Тарашкевіча, Вольга Дашкоўская - далёкая сваячка Багдановіча... Зразумела, прысутнасць нашчадкаў знакамітых беларусаў надало святу асаблівы каларыт і незабыўнасць.

Уся шматлюдная працэсія пад спевы ансамбля "Талака" рушыла непасрэдна да Ракуцёўшчыны. Далей імпрэза працягвалася ўжо непасрэдна на сцэне. Уладзімір Трапянок у вобразе Максіма Багдановіча, саліст Беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры" Андрэй Усанаў, іншыя артысты беларускай эстрады, а таксама пісьменнікі Анатоль Бутэвіч, Навум Гальпяровіч, Людміла Рублеўская, Віктар Шніп ды шмат хто яшчэ радавалі публіку багдановічаўскімі радкамі, песнямі на вершы паэта і творамі, на якія класік натхніў сваіх таленавітых паслядоўнікаў.

Надзея ПЯКАРСКАЯ, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ