Навіны беларусаў свету. Класіка ў Кішынёве

№ 31 (1002) 30.07.2011 - 05.08.2011 г

Пасля І Фестывалю мастацтваў беларусаў свету і правядзення ІІ Пасяджэння Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа ў рэдакцыю пачынаюць прыходзіць навіны ад суайчыннікаў з розных краін. Вось адна з іх.

У будынку мэрыі Кішынёва сёння завяршаецца персанальная выстаўка прадстаўніка беларускай дыяспары ў Малдове, таленавітага ўраджэнца Лоеўшчыны Вячаслава Ігнаценкі, які, дарэчы, у ліпені прыняў удзел і ў экспазіцыі "Беларускія мастакі ў свеце", што адбылася ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі пад час "Славянскага базару...".

Гэта ўжо 27 персанальная выстаўка творцы, і прысвечана яна Малдове. Тут можна знайсці як віды Кішынёва, так і эцюды з паездак па розных куточках краіны: "Стары Кішынёў", "Георгіеўская царква", "Малдаўскі дворык"... Вячаслаў Ігнаценка з задавальненнем піша тое, што яму падабаецца. У работах есць напружаны кантраст колеру, напрыклад, у творах "Мазаракіеўская царква", тут - жоўтае неба і сіняя зямля, ці "Зіма. Пушкіна Горка", дзе ад чорнага неба і бела-рудога снегу вее старажытнасцю. На выстаўцы за час яе працы пабывала шмат гасцей. Нашы землякі з асаблівым інтарэсам разглядалі цудоўныя, для многіх незнаёмыя, мясціны Малдовы. Застаўся задаволены вернісажам і саветнік Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова Аляксандр Салаўеў.

Вельмі ўрачыста і прыгожа сказаў пра экспазіцыю вядомы малдаўскі мастак Дзмітрый Пейчэеў: "Сёння прыкладна 99% малдаўскіх мастакоў займаюцца абстрактнай творчасцю. Тым цікавей бычыць такую выстаўку, дзе работы напісаны ў найвыдатнай класічнай манеры, з натуры, з вялікай закаханасцю ў яе".

Арганізаваць экспазіцыю Вячаславу Ігнаценку дапамаглі Цэнтр этнакультурнага развіцця і эканамічнага супрацоўніцтва "Мір" і Асацыяцыя беларусаў муніцыпіі Кішынёў. Прэзідэнт Цэнтра Юрый Максімаў адзначыў: "Мне заўсёды вельмі цікава прысутнічаць на выстаўках Вячаслава і, вядома, дапамагаць у іх арганізацыі, бо Ігнаценка- вельмі таленавіты мастак, ён знаходзіцца ў пастаянным развіцці. Хочацца пажадаць Вячаславу поспехаў і творчага прызнання на сусветнай арэне - нездарма на сённяшні дзень ён адзіны беларускі мастак у Саюзе мастакоў Малдовы".

Ганна МАЗУР

Кішынёў