Адпачынак без межаў

№ 31 (1002) 30.07.2011 - 05.08.2011 г

Больш за 200 хлопцаў і дзяўчат — членаў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі ўдзельнічаюць у юбілейным, XX Міжнародным маладзёжным летніку “Бе-Lа-Русь”. Распачаўся ён днямі ў Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці і аб’яднаў актыўных людзей з нашай краіны, Расіі і Латвіі.

Арганізатарам летніка ў 2011-м з'яўляецца Расійскі Саюз Моладзі, які сёлета святкуе 20-годдзе свайго існавання. Сустрэча моладзі трох краін адбываецца пад знакам гэтай даты, а таксама з нагоды 50-годдзя палёту ў космас Юрыя Гагарына. Касмічнай тэмай прасякнуты многія мерапрыемствы і асяроддзе летніка: усе пляцоўкі атрымалі спецыяльныя назвы і афармленне, а сёння, напрыклад, моладзь паўдзельнічае ў сюжэтнаролевай прыгодніцкай гульні "Наш космас".

Не абыходзяцца тут без культурнай праграмы: штодзень праходзяць канцэрты, сярод іх - і фестываль "Бе-Lа-Рускія досвіткі", у якім учора прымалі ўдзел таленавітыя маладыя людзі з трох краін. Спаборніцтва дзі-джэяў, конкурс "Моднае дэфіле", фотакрос - у гэтых мерапрыемствах сваё майстэрства прадэманструюць творцы-пачаткоўцы.