Свята для трох краін

№ 31 (1002) 30.07.2011 - 05.08.2011 г

Культурна-асветніцкае свята, прысвечанае Дню Хрышчэння Русі, адбылося 28 ліпеня ў Доме Масквы ў Мінску. Падобныя мерапрыемствы прайшлі таксама ў Кіеве і Маскве па блаславенні Патрыярха Маскоўскага і ўсяеРусі Кірыла.

/i/content/pi/cult/334/6101/pic_5.jpgПубліка на мерапрыемстве сабралася маладая: члены Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і Беларускай асацыяцыі дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў, веруючыя юнакі і дзяўчаты. Для іх прагучаў відэазварот Патрыярха Кірыла, запісаны ў Кіеве.

Прывітальнае слова ад Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта таксама было зачытана на свяце. Пасля прыцягнуў увагу сваёй размовай з моладдзю настаяцель мінскага прыхода свяціцеля Мікалая Японскага іерэй Павел Сярдзюк, які з'яўляецца таксама вядучым духоўнай праграмы на адным з айчынных тэлеканалаў.

Шчырымі апладысментамі сустракалі гледачы артыстаў - выканаўцаў класічнай, эстраднай, духоўнай і фальклорнай музыкі. Гэта былі як вядомыя, так і зусім маладыя творцы, у тым ліку - і стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

У фае Дома Масквы ў гэты ж дзень адкрылася выстаўка графічных малюнкаў і акварэлей мастачкі Галіны БараноўскайПлотнікавай. Яе работы адлюстроўваюць храмы Беларусі і Расіі, архітэктурныя пейзажы з імі. Мастачка з імпэтам праводзіла на вернісажы "экскурсіі па святых мясцінах" для ўсіх ахвотных...

На здымку: пад час урачыстасцей.