Халтуру селянін не спажывае

№ 36 (802) 08.09.2007 - 14.09.2007 г

У Баранавіцкім раёне ўсё ладам-мірам: умелае жніво, змястоўныя дыскатэкі, прыгожыя вясковыя дамкі для маладых спецыялістаў культуры, уласныя песні…

Жыллё як пацвярджэнне статуса

Гутарка з начальнікам аддзела культуры Баранавіцкага райвыканкама Анатолем ФІЛАНЧУКОМ.
— У нас даволі вялікая сетка ўстаноў культуры, — паведамляе Анатоль Пятровіч. — Гэта
/i/content/pi/cult/128/610/Kultasvet1.jpg 

1. А.Філанчук, начальнік аддзела культуры Баранавіцкага райвыканкама.

114 цэнтраў і клубаў. Бібліятэкі, музычныя школы, Цэнтр рамёстваў суседнічаюць з дамамі сацыяльных паслуг. Мы некалькі разоў пераглядалі ўсю сістэму культасветработы дзеля ўзбуйнення, але не рэзалі па-жывому. Музычныя школы, натуральна, засталіся, бо гэта падмурак, на якім трымаецца вясковая будучыня. Хочацца, каб на сяле было больш адукаваных і ўзнёслых людзей. Як без культуры і мастацтва выхаваць моладзь, новага селяніна? Як правіла, добрыя механізатары, паляводы, даяркі — усе таленавітыя! Хтосьці спявае, хтосьці малюе, камусьці бліжэй музыка, вясёлая дыскатэка.
— Маладыя спецыялісты, напэўна, здольныя ўнесці штосьці сваё ў любую клубную праграму?
— Гэта пакуль сур’ёзная праблема. Дзяржаўная праграма развіцця і адраджэння вёскі вызначае меры замацавання на сяле выпускнікоў навучальных устаноў культуры. Але хлопцаў і дзяўчат па-ранейшаму вабіць горад. Кожны кіраўнік марыць, каб маладыя людзі самі захацелі паехаць у сяло не толькі на адпрацоўку, а — жыць, абзаводзіцца сем’ямі на роўных правах з мясцовымі хлопцамі і дзяўчатамі — механізатарамі і даяркамі… Досвед тут просты: накіроўваем на вучобу сваіх, вясковых, з поўнай гарантыяй, што вернуцца.
На сёння каля 40 такіх маладзёнаў займаюцца ва Універсітэце культуры і мастацтваў, бібліятэчным тэхнікуме, музвучылішчах альбо вучылішчах мастацтваў. Гэтая работа вядзецца мэтанакіравана, навідавоку кожны студэнт, кожная асоба. Сёлета ёсць дамоўленасць з кіраўнікамі СВК, паводле якой моладзь можа займець дзяржаўнае жытло. Калі малады спецыяліст культуры зарэкамендаваў сябе прафесійна — атрымае домік з усімі выгодамі. Такім чынам імкнёмся павысіць прэстыж і статус прафесіі.
Хачу прывесці і такі прыклад. Маладая сям’я Некрашэвічаў прыехала да нас працаваць. І мы ім дапамаглі купіць дом — у сям’і лад, дастатак і трое дзяцей! Людміла скончыла Пінскае вучылішча мастацтваў, паступіла ў інстытут. А Ігар набыў прафесію ў Гродзенскім вучылішчы мастацтваў. Чым не ўзор і працы шчаслівай, і мацавання сямейнага дабрабыту ўласнымі сіламі…Баранавіцкі раён — гэта не Палессе, дзе даўнія прыпяцкія традыцыі, не сівая Віцебшчына. Баранавічам толькі 120 гадоў… І нам трэба ўсіх насельнікаў раёна ўлічыць — і спеўных палешукоў, і маладых людзей з іншых беларускіх рэгіёнаў, каб прыжыліся на нашай зямлі, каб не супернічаў прамысловы горад з сельскагаспадарчым раёнам.
— Новы селянін — адукаваны чалавек, добры сямейнік?
— Інтэлігентны перш за ўсё. Яго на мякіне не правядзеш. Адрознівае добрае ад кепскага. Халтуру не даруе. Там, дзе культасветработнікі працуюць творча, і клуб заўжды паўнюткі. Паспрабуй вясковую дыскатэку арганізаваць без сучаснага аздаблення — не атрымаецца!.. У нас не проста танцы, а паўнацэнныя вечары адпачынку, дзе цікава і падлеткам, і дарослым… Так, дыскатэкі платныя. Але гэта ўкладанне грошай не толькі ва ўласны адпачынак, а і ў развіццё культуры. Такія танцавальныя вечары запамінаюцца, іх чакаюць тыдзень, аб іх доўга гавораць…
— Вясковая культура запрацавала і з дапамогай саміх сялян! На дыскатэку — з моднай прычоскай і ў новым строі, як на баль… Вучыцца не толькі танцаваць, але і слухаць музыку…
— Натуральна, паказаць сябе, паглядзець на іншых! Дзеля гэтага абнаўляем апаратуру, рэпертуар СДК, сцэнічныя касцюмы. Вясковая дыскатэка — маленькае свята. Пасля
 /i/content/pi/cult/128/610/Kultasvet2.jpg

   Ансамбль народнай музыкі "Лірнікі".

дажынак — свята двайное…
Не магу сказаць, што нам хапае грошай на развіццё сельскай культуры. Але ж і самі вучымся зарабляць. Дыскатэкі, выступленні народных калектываў, вяселлі, урачыстасці — усяго каля 20 відаў паслуг. Усё гэта цывілізавана і прайшло праз аддзел цэнаўтварэння райвыканкама. Раённы арганізацыйна-метадычны цэнтр працуе на тое, каб усё новае ў сферы культуры без прамаруджвання трапляла ў кожнае сяло. Досвед тыражуецца для ўсіх — ці то гэта фестывалі, ці то традыцыйныя святы…
Я практык. У сістэме культуры — ужо 32 гады. Пачынаў з акампаніятара ў сельскім клубе. Скончыў Магілёўскае вучылішча — дырыжор-харавік — і Хабараўскі інстытут культуры — народнае аддзяленне… Мы арганізавалі штогадовыя святы вёсак у раёне, захавалі такую форму працы, як творчыя справаздачы перад насельніцтвам. Маю на ўвазе не толькі канцэртную самадзейнасць, але і выстаўкі рамёстваў, кірмашы. Іншым разам такая справаздача доўжыцца з ранку да вечара. І тады няма ў вёсцы ніводнага п’янага. Праграма такая змястоўная і цікавая, што няма калі строіць дурня.У раёне — 18 народных і ўзорных самадзейных калектываў: “Мірскія музыкі”, “Лірнікі”, “Міране”, “Крок”, “Імпрэза”, “Жамчужына”, “Кропелька”, “Непаседы”… Гэта наш раённы каларыт, бо ў кожнага гурта — непаўторны рэпертуар. Нашы артысты вядомы не толькі ў раёне, яны ўдзельнічаюць у міжнародных і абласных фестывалях і святах. Толькі сёлета ў іхнюю гастрольную геаграфію трапілі Масква, Санкт-Пецярбург, Адэса, Цярнопаль, гарады Польшчы. Былі нашы артысты і ў Мазыры — на фестывалі “Зямля пад белымі крыламі”, і ў Клімавічах — на міжнароднай “Залатой пчолцы”, дзе сталі лаўрэатамі і дыпламантамі.
— Анатоль Пятровіч, а знакамітая брэсцкая “Талакуха на Бярэсці” таксама ж без вашых самадзейных артыстаў не абыходзіцца?
— На гэтае вялікае свята ля возера Гаць збіраюцца з усяго наваколля. Менавіта тут мы ладзім свой штогадовы фестываль “Зорны шлях”. Пераможцы яго супрацоўнічалі потым з Міхаілам Фінбергам. Атрымлівалі заслужаныя ўзнагароды і на рэспубліканскім конкурсе “Рытмы маладосці”, дзе прадстаўляўліся і малюнак, і тэатр, і інструментальны жанр… Не дзіва, што найбольш ярка творчасць праяўляецца ў глыбінцы.Менавіта тут адшукваем і выхоўваем самародкаў. Шмат дасягненняў у Вольгі Боўбат з “Непаседамі”, Ларысы Давят з “Кропелькай”… Студыі маюць свой стыль, пішуць песні. Дзіцячая творчасць — простая і прыцягальная. Сёлета на справаздачы ў Брэсце нашае выступленне было прызнана лепшым. За дзве канцэртныя гадзіны мы паказалі ўсё, што ёсць у раёне. Нашу вёску прадстаўляла 150 чалавек. Пасля перамогі нам падарылі новую музычную і святлоколеравую апаратуру і камп’ютэры ў бібліятэкі.
Дапамога міністра культуры Уладзіміра Матвейчука тут неаспрэчная. Ён пабываў у пяці сельскіх установах культуры, пабачыў і заахвоціў нашы поспехі. 

У Новай Мышы няма калі сумаваць

У вёсцы выдалі унікальную кнігу-альбом “Новая Мыш” — у адзіным экзэмпляры.
Старасвецкія дрэвы, маляўнічае сяло са старадаўняй гісторыяй. Гартаю гэтую рэдкую кнігу ў Баранавіцкай цэнтральнай бібліятэцы, якая знаходзіцца ў Новай Мышы.
— Першая згадка сяла пазначана аж 1414 годам! — распавядае загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Ірына ТОМАРАВА. — У сельскагаспадарчым каледжы ёсць неблагі краязнаўчы музей. А вось, паглядзіце, старажытнае замчышча пад назвай Другая Мыш. Тут быў маёнтак, замак Яна Хадкевіча. А вось рэчка Мышанка — паблізу прайшло дзяцінства паэта Яна Чачота. 150 гадоў спаўняецца Спаса-Праабражэнскай царкве.
 /i/content/pi/cult/128/610/Kultasvet4.jpg
 Стылізаваная карчма.
Кніжку — уласны летапіс сяла — паспелі зрабіць менавіта да гэтай даты. Матэрыялы сабраў краязнаўца Васіль Дубейка. Даўніна даўніной, але наша бібліятэка абсталявана самымі сучаснымі камп’ютэрамі. Ёсць у нас і электронны варыянт кнігі. Вось бы ва ўсіх вёсках гэтак! Бо кожная адметная і гісторыяй, і землякамі. Дарэчы, непадалёк, у Лясной, нарадзіўся Уладзіслаў Галубок. Ягоная гасцёўня ў Мінску адметная незвычайнымі, вельмі камернымі выстаўкамі…
Ірына Пятроўна змаўкае, а я заўважаю, якая ціша ў бібліятэцы. Усё правільна — тут чытаюць! 1200 чытачоў у Новай Мышы. Самы завозны дзень — нядзеля: больш за сотню аматараў кніг можа наведацца! Тут даўно наладжаны ўнутрысістэмны кнігаабмен. Дзейнічае і міжбібліятэчны абанемент. Так што Новая Мыш знакамітая не толькі старажытнасцю, але і вялікай бібліятэкай. Нават з горада сюды прыязджаюць.
Многія чытачы дораць фонду свае кнігі — прыкладна па 200 асобнікаў у год. Не толькі чытаць любяць, але і дзяліцца гэтай радасцю з іншымі. Бадай, саамы актыўны чытач — ветурач з вёскі Прыазёрнае Сяргей Пятрыка: бывае, што па 3 — 4 кніжкі штотыднёва бярэ, “начытвае” на 200 тысяч рублёў у год, бо паслугі ж платныя. Дык можа, лепшаму чытачу скідкі рабіць?
— У Сяргея Леанідавіча адно пажаданне: “Дайце хутчэй новую кнігу!” — працягвае Ірына Пятроўна. — А Сяргей Кім з хутара Елава едзе да нас на аўтобусе. Вялікі чытацкі стаж ва Уладзіміра Шылейкі з вёскі Моўчадзь, у мясцовай бібліяфілкі Святланы Лукашэня… Новая Мыш і наваколле любяць чытаць.
Можна ў бібліятэцы зрабіць ксеракопію, можна сасканіраваць фотаздымак, можна знайсці любы падручнік для навучэнца любой установы.
— А як працуеце з моладдзю?
— Расказваем падлеткам пра аграгарадкі раёна. Выдалі самі буклет “Куды пайсці працаваць”. Бібліятэка стала месцам сустрэчы не толькі з кнігай, aле і з сябрамі.

З аматараў у прафесійнікі

Чакаем з Ірынай Пятроўнай Вольгу БОЛБАТ. Яна ўжо выйшла з пасёлка Зорны, там у яе дом і сад, дзе даспявае вінаград, наліваюцца яблыкі, ёсць маленькі басейн для малодшай дачкі. А ў бібліятэку спяшаецца з нагоды: патрэбны новыя вершы для яе “Непаседаў”. Можа, гэта будуць творы Чачота, а можа, і з сучаснай паэзіі што знойдзецца.Два гады Вольга Іванаўна кіруе дзіцячым ансамблем. Я сустракалася з ёю нядаўна ў Мазыры, на фестывалі “Зямля пад белымі крыламі”. Здзіўлялася яшчэ тады: што за спеўная Новая Мыш?
— Вакалам займаюся каля 10 гадоў, — распавядае Вольга Болбат. — Скончыла
 /i/content/pi/cult/128/610/Kultasvet3.jpg/i/content/pi/cult/128/610/Kultasvet3.jpg

 Г.Болбат, салістка “Непаседаў”.

музвучылішча і Універсітэт культуры…
Дзеці спяваюць эстрадныя песні. Пастаянна абнаўляем рэпертуар. Дапамагае кіраўнік “Імпрэзы” Алена Жуковіч, якая сама піша песні. У Інтэрнеце знайшлі старую песню Міхася Жуковіча “Папугай-салавей”. Перапрацавалі яе і выканалі на конкурсе ў Маладзечне. Міхась тады вельмі здзіўляўся, як цудоўна дзеці выконваюць ягоную даўнюю песеньку… Ёсць у “Непаседаў” дыпломы і з украінскага фестывалю “Жамчужына Чарамуша”.
На рэспубліканскім конкурсе “Рытмы маладосці” дуэт “Алёнкі” заняў другое месца. Ліза Войтуль і Маша Дубіна цудоўна выступілі на абласным фестывалі цыркавога і эстраднага мастацтва ў Брэсце. А дачка Вольгі Іванаўны — 8-гадовая Аня — таксама салістка ансамбля. І таксама шукае вершы і сваю зорную гадзіну…У Новай Мышы — старая музычная школа. Колішні выпускнік і сённяшні яе дырэктар Сяргей Міхальцэвіч паведамляе, што сярод 400 выпускнікоў 40 выйшлі ў прафесіяналы. А Мікалай Літвін нават стаў дацэнтам Акадэміі музыкі. 

Лесвіца да шчасця

— Вяселлі пойдуць пасля дажынак! — расказвае мне і метадысту РАМЦ Аляксею Ляховічу дырэктар Мірскага дома культуры Зоя ФІЛАНЧУК. — Самая экзатычная рэч у нашай установе — абрад вянчання. Нават з Мінска да нас прыязджаюць. І вельмі здзіўляюцца: рытуал каштуе толькі 25 тысяч рублёў, а запамінаецца на ўсё жыццё.
/i/content/pi/cult/128/610/Kultasvet5.jpg 
 З.Філанчук на лесвіцы шчасця ДК пасёлка Мір.
Сапраўды, у пасёлку Мір не дом культуры, а сапраўдны Палац: шыкоўная лесвіца маладажонаў, яркія вітражы, утульныя залы для рэпетыцый самых розных творчых калектываў. Тут працуе фальклорны тэатр
“Звончыкі”, тэатр эстрады “Каменка”. Ёсць так званы Мамін клубтут дзеці гатуюць пірагі і тарты і частуюць сяброў і гасцей. А дзесьці ў зале грыміць дыскатэка і, па традыцыі, ладзіцца агеньчык для ўдзельнікаў мінулага жніва.
Дзіцячы тэатр эстрадыКропельказ Крыма прывёз дыплом, — паведамляе дырэктар ДК. — Самі б ніколі не выбраліся ў гэтае замежжадапамог дырэктар саўгаса-камбінатаМірАнатоль Кокаш. Ён і білеты заўжды купіць, і транспарт да цягніка, калі едзем на гастролі, забяспечыць. Я ўжо не кажу пра грошы на цукерачныя прызы для маленькіх артыстаў…Самы знакаміты — мясцовы ансамбль “Мірскія музыкі”. Не толькі ўсю Беларусь аб’ехаў, нават да алтайскіх Срасткоў, дзе нарадзіўся Васіль Шукшын, дабраўся — прымаў удзел у фестывалі “Печкі-лавачкі”, які традыцыйна прысвячаецца памяці гэтага пісьменніка, акцёра і рэжысёра.
Беларускія народныя песні скарылі Алтай. “Мірскія музыкі” сустрэлі ў Срастках Валерыя Залатухіна. Ён сам прапанаваў сфатаграфавацца разам…Зоя Міхайлаўна расказвае і пра паездку ў Францыю. Там таксама прымалі “Мірскіх музыкаў” як мае быць. Беларусы вырашылі запрасіць французскіх артыстаў да сябе. Але для гэтага шмат трэба зрабіць. І самае галоўнае — адрамантаваць клуб. Аляксей Ляховіч пагаджаецца з Зояй Філанчук: аграгарадок у Міры прыгожы і вялікі, клуб павінен быць не горшы. 

Вольга ЯГОРАВА,
наш спецкар.
Мінск — Баранавіцкі раён — Мінск
Фота аўтара