Сімвалы “Дажынак”

№ 31 (1002) 30.07.2011 - 05.08.2011 г

23 ліпеня Прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч наведаў Маладзечна, дзе азнаёміўся з ходам падрыхтоўкі да святкавання Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла “Дажынкі-2011”.

Пад час візіту Міхаіл Мясніковіч наведаў спартыўна-відовішчны комплекс, які цяпер будуецца, і гарадскі парк, дзе ў хуткім часе паўстане амфітэатр. "Гэта аб'екты будучыні. Сродкі, што затрачаны на будаўніцтва, укладаюцца з карысцю. Гэта сапраўды назаўжды, надоўга", - зазначыў Прэм'ер-міністр.

Ён падкрэсліў, што сама ідэя правядення "Дажынак" заключаецца не толькі ў тым, каб уганараваць працаўнікоў сяла, падвесці вынікі уборачнай, але і даць кожнай новай сталіцы фестывалю другое нараджэнне: жыхары малых і сярэдніх гарадоў атрымліваюць у падарунак новыя аб'екты, добраўпарадкаваныя вуліцы.

Да таго ж, як распавяла "К" намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Святлана Баранок, у Маладзечне да свята будзе ўсталявана новая скульптурная кампазіцыя аўтарства сталічнага скульптара Уладзіміра Жбанава.

Яшчэ адна скульптура, па словах Святланы Баранок, ужо ўсталявана ў Маладзечне на ўездзе з боку Мінска. Гэта вертыкальная стэла з выявай Божай Маці. Архітэктарам яе з'яўляецца Армен Сардараў.

Што да будаўніцтва ў маладзечанскім парку амфітэатра, дык, як зазначыла намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама, ступень гатоўнасці аб'екта - прыкладна 75 працэнтаў. Амфітэатр будзе ўведзены ў строй да канца жніўня бягучага года, бо менавіта на гэтай сцэне распачнецца гала-канцэрт адкрыцця чарговага традыцыйнага, адзінаццатага па ліку, Рэспубліканскага фестывалю беларускай песні і паэзіі. Ён пройдзе ў Маладзечне, нагадаем, з 26 па 28 жніўня.