ХВАЛЯўнічая інтрыга

№ 31 (1002) 30.07.2011 - 05.08.2011 г

Заўтра завершыцца юбілейная, Х “Новая хваля”. Інтрыга канчаткова вырашыцца толькі на фінальным гала-канцэрце, хаця і да гэтага можна будзе падлічыць балы, атрыманыя канкурсантамі (і нашым удзельнікам Юзары) за тры выступленні: з сусветным хітом, песняй сваёй краіны і “вольнай” праграмай.

/i/content/pi/cult/334/6098/pic_3.jpgПрысутнасць Беларусі на гэтым буйным і прэстыжным міжнародным конкурсе становіцца ўсё больш адчувальнай. На ўрачыстым адкрыцці форуму сярод некалькіх "зборных" выступіла і "зборная Беларусі", у якую ўвайшлі былыя канкурсанты ад нашай краіны: Аляксей Хлястоў, Паліна Смолава, Макс Лорэнс (Максім Сапацькоў), Дзядзька Ваня - уладальнік спецыяльнага прыза Алы Пугачовай, і гурт "Lite sound". У іх сумесным выкананні "Зачарованая" Ігара Лучанка зайграла спалучэннем кантрасных стылёвых фарбаў.

Што ж да Юзары, дык ён заінтрыгаваў яшчэ на папярэдніх адборачных турах, што праводзіліся ў Беларусі. Юрый Наўроцкі з'явіўся на нашым эстрадным небасхіле нечакана. Можна толькі здзіўляцца, як добра "хавалі" яго спеўную і артыстычную адоранасць бацька-трубач і маці-спявачка (Галіна Грамовіч - салістка Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам). Іншыя бацькі ўжо з дзяцінства вялі б "раскрутку", а гэтыя - ціха адправілі сына вучыцца ў Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Так Юзары пайшоў "па слядах" свайго дзеда: той заканчваў менавіта гэтую ВНУ. Так што дагэтуль піцерцы ведалі нашага хлопца, мабыць, лепш за нас- па яго ролі Кая ў мюзікле "Снежная каралева", пастаўленым у тамтэйшым мюзікхоле. Затое цяпер яго пачуў увесь свет.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"