На “Вялікі перапынак”!

№ 30 (1001) 23.07.2011 - 29.07.2011 г

Каб падзяліцца незабыўным водарам свайго дзяцінства, колішнія вучні савецкіх школ з задавальненнем прыносяць экспанаты для выстаўкі “Вялікі перапынак”, якая ствараецца Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

 

Па словах мастака - афарміцеля выстаўкі Вольгі Емялёвай, часцей за ўсё прыносяць фотаздымкі, кнігі, пасведчанні аб заканчэнні вучобы, але сярод экспанатаў можна ўбачыць і сапраўдныя рарытэты, такія, як падручнік 1940-х гадоў па гісторыі СССР на беларускай мове, чарнільніца, піянерскія значкі, каўнерыкі, глобус і нават дзіркакол 30-х гадоў...

Цікавую гісторыю распавяла адказная за падбор экспанатаў Дар'я Чайка. Паводле яе слоў, раней у школах існавала такая традыцыя: 1 верасня выпускнікі робяць першакласнікам падарункі (кнігі, алоўкі), а малыя ім у адказ дораць кветкі. "Так, на мінулым тыдні адна жанчына прынесла нам фотаздымкі, дзе яна, маленькая, дорыць букет выпускніцы, і дзе яна, сама ўжо выпускніца, побач з першакласнікамі. Больш за тое: у якасці экспаната яна прынесла яшчэ і тую, сваю самую першую, маленечкую школьную форму", - адзначыла Дар'я Чайка.

Відавочна, будучы выставачны праект, што мае адкрыцца 1 верасня, зацікавіць і тых, хто з настальгіяй успамінае школьныя дні, і нават тых, хто не ведае: спісваць можна не толькі з мабільных тэлефонаў!..

Надзея ПЯКАРСКАЯ,

 студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ