Да ўсяго — і “Жывы куток”

№ 36 (802) 08.09.2007 - 14.09.2007 г

Памятаеце: “Чалавек стаіць паміж анёлам і зверам”. Кім ён стане — залежыць ад выхавання. Таму ў справе выхавання няма нічога другараднага. Шлях фарміравання высокіх маральных якасцей у дзяцей і моладзі — доўгі і няпросты. І сапраўдныя адкрыцці пачынаюцца там, дзе да гэтай справы падыходзяць творча, таленавіта, укладаючы ў яе сэрца і душу.

У Быстрыцкай сельскай бібліятэцы, што на Капыльшчыне, дэвізам сваёй працы абралі: “Усе віды мастацтва служаць галоўнаму — мастацтву жыць на зямлі”. Загадчыца бібліятэкі Ларыса Сцепанчук і бібліятэкар Валянціна Пісарэнка не стамляюцца здзіўляць чытачоў творчымі знаходкамі, ідэямі, цікавымі мерапрыемствамі. Новы падыход да працы ў гэтай бібліятэцы характарызуецца выкарыстаннем разнастайных сродкаў выхавання дзяцей. Гэта не толькі далучэнне да мастацтва, хоць і яно адыгрывае вялікую ролю, — вялікая ўвага надаецца эстэтычнаму выхаванню сродкамі рэчаіснасці. Тут важна ўсё, у тым ліку і афармленне памяшканняў. У Быстрыцкай бібліятэцы прадумана выкарыстоўваюцца колер, элементы жывапісу, фларыстыкі. Часта наладжваюцца выстаўкі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
У холе бібліятэкі звяртае на сябе ўвагу этнаграфічны куток з назвай “Хата з матчынай душою”, дзе змешчаны вышыўка, ткацтва, ганчарства, разьба па дрэве. Наведвальнікі маюць магчымасць перанесціся ў мінулае і на свае вочы пабачыць старадаўнія рэчы ў традыцыйным для іх асяродку. На прыкладзе гэтай экспазіцыі бібліятэкары імкнуцца выхаваць у дзяцей пачуццё гонару за сваю зямлю, за сваю краіну.
Пры бібліятэцы ўжо каторы год існуе гурток “Чароўная іголачка”, які вядзе В.Пісарэнка. Работы гурткоўцаў не толькі ўпрыгожваюць інтэр’ер, але і выкарыстоўваюцца ў якасці падарункаў актыўным удзельнікам масавых мерапрыемстваў.
Для самых маленькіх чытачоў працуе клуб “Чыталачка”. Асноўную яго задачу бібліятэкары фармулююць так: “Вучымся бачыць сэрцам”. У клубе заняткі праводзяцца ў асноўным у тэатральна-гульнёвай форме. У ліку іншага клубам былі праведзены конкурс загадак “Папацей, грамацей”, гульнёвая праграма “Казка побач — прыглядзіся”, літаратурная гульня “Загадкі Васі Вясёлкіна”, “Пытанні і адказы — на прыз”, “Загадкі-жарты”.
Яшчэ адзін клуб — “Разгорнутая кніга” — працуе для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту. Тут можна адпачыць і карысна правесці час, пачытаць любімыя часопісы, прыняць удзел у разнастайных мерапрыемствах. Вось толькі некаторыя з іх: КВЗ “Дзень хлопчыкаў, дзень дзяўчынак”, тэатралізаваныя прадстаўленні беларускіх народных казак “Бабіна навука”, “Пакрыўджаны дзед”, “Мужык і жонка”, забаўляльныя праграмы “Ветліва-няветліва”, “Вясёлыя старты”, гульні і адпачынак на прыродзе, вечары адпачынку для дзяўчынак і іх матуль “Дзюймовачка”, свята дзіцячай кнігі “Цуда-дрэва”, літаратурная гульня “Разам з кнігай мы расцём”.
Сёлета быстрыцкія бібліятэкары стварылі яшчэ і жывы куток, у якім сёння камфортна адчуваюць сябе дэкаратыўны трусік Тоша, хамякі Кузя і Моця, чарапашка Тамара. Ля іх заўсёды купкі юных наведвальнікаў. Назіраць за іх ростам, гуляць з імі, праяўляць клопат — для дзяцей вялікае задавальненне.
Такое апякунства ўзвышае дзяцей у сваіх вачах: мы вялікія, мы дужыя, мы добрыя. Бібліятэкары вераць, што дзецям, якія шмат часу праводзяць каля сваіх маленькіх выхаванцаў, не прыйдзецца задаваць пытанняў “Хто выразае на дрэвах “аўтографы?”, “Хто выкідвае смецце пад вокны суседзяў?”, “Хто забруджвае дуброву так, што пасля “адпачынку” трэба арганізоўваць яе ўборку?”. Юныя чытачы Быстрыцкай сельскай бібліятэкі разумеюць, што прырода роднага краю — частачка Радзімы, і пра яе таксама трэба клапаціцца, ахоўваць і зберагаць.

Таццяна АСТРЭЙКА,
загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу
Капыльскай цэнтральнай раённай бібліятэкі