Ноты з працягам

№ 30 (1001) 23.07.2011 - 29.07.2011 г

Упершыню пасля стагоддзя забыцця прагучалі творы беларускага кампазітара Міхала Грушвіцкага (1828 — 1904 гг.). Прагучалі... Дзе б вы думалі? У музычна-літаратурнай гасцёўні Ракава.

 

Гісторыя пошукаў і знаходак пачалася 35 гадоў таму, калі ў раённай газеце былі надрукаваны нататкі вучня 10-га класа Ракаўскай сярэдняй школы. На могілках ён адшукаў незвычайны помнік, упрыгожаны нотамі. Надпісы супадалі са звесткамі Адама Мальдзіса, якія той, у сваю чаргу, сустрэў у брашуры Аляксандра Ельскага: маўляў, жыў калісьці ў Ракаве аўтар музычных кампазіцый на вершы Адама Міцкевіча. Вось толькі - дзе яна, тая музыка?

Даследчык Святлена Немагай знайшла ноты ў бібліятэках Варшавы, Вільнюса, Кракава. На трох са знойдзеных пяці выданняў пазначана мінская друкарня, 1879 год. І вось яны загучалі...

Разам з іншымі гасцямі свята творы Міхала Грушвіцкага ўпершыню пачуў ягоны праўнук Зыгмусь Закрэўскі, які таксама быў адшуканы ракаўскімі краязнаўцамі і запрошаны на прэзентацыю. Сёння ён жыве ў польскім горадзе Закапанэ і захоўвае ўнікальную сямейную рэліквію- старадаўні фотаальбом у драўлянай вокладцы з металічнай акантоўкай. Але колькі там не вядомых ні яму самому, ні, тым больш, нам здымкаў! Дый іншыя творы Міхала Грушвіцкага ўсё яшчэ чакаюць, калі ж, нарэшце, іх знойдуць, даследуюць і агучаць...

З Ракава я з'язджала з пачуццём гонару - не толькі за нашых продкаў, але, найперш, за сучаснікаў. Госці наведалі магілу кампазітара. Ксёндз Дзмітрый, пробашч касцёла Маці Божай Ружанцовай, куды часцяком прыязджаюць ахвотныя да архітэктурных помнікаў турысты, правёў імшу. Апрача таго, побач з Ракаўскім цэнтрам фальклору, дзе адкрылася музычналітаратурная гасцёўня "Мелодыі з мінулага", разгарнулася выстаўка народных рамёстваў. Дзяўчаты з фальклорнага гурта "Гасцінец" плялі вяночкі, вадзілі карагоды ды спявалі. Ганаровых гасцей ды ўсіх ахвотных каталі на брычцы. Частавалі юшкай з ракаўскіх карасёў, прыгатаванай на вогнішчы, бярозавым сокам, дранікамі, гарбатай - усё па старадаўніх рэцэптах...

Прыемныя неспадзяванкі чакалі і ў самой зале гасцёўні. Замест радоў крэслаў- утульныя столікі, на кожным - стылізаваныя праграмкі ў выглядзе скруткаў. У падарунак - гліняны кубак ручной работы з выявай кампазітара і гербам Ракава. Замест звыклага канцэрта - тэатралізаваная вечарына "з удзелам" Міхала Грушвіцкага, ягоных бацькоў і другой жонкі (першая, Станіслава, памерла, пакінуўшы чацвярых малых дзяцей, якіх ён цягам васьмі гадоў гадаваў адзін). Адбылася прэзентацыя кніжкі пра кампазітара "Мастацтва вечнае... Радзіма вечная...". І, вядома, спрэс - музыка: не толькі самога Грушвіцкага, але і Караля Ельскага - ягонага... цесця (адпаведна, Міхал і Аляксандр Ельскія былі Грушвіцкаму швагерамі), а таксама Шапэна, Манюшкі, Агінскага...

Выканаўцы твораў і арганізатары ўсёй святочнай дзеі - апантаная ракаўская інтэлігенцыя на чале з маладым дырэктарам музычнай школы, выпускніцай БДУКіМ і надзвычайнай прыгажуняй Юліяй Мякінка. Чым не прыклад для пераймання?..

 наш спецыяльны карэспандэнт

 Мінск - Ракаў - Мінск

На здымках: старонка нотнага рукапісу і партрэт М.Грушвіцкага.

 

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"