Яшчэ крыху да “…Экватара”

№ 30 (1001) 23.07.2011 - 29.07.2011 г

У карціннай галерэі Гаўрылы Вашчанкі адкрылася выстаўка жывапісу славацкага мастака Андрэя Смолака.

 

У гомельскай экспазіцыі прадстаўлены 35 твораў аўтара, дзе ў цэнтры ўвагі- прыгажосць жаночага цела, поўнага зачаравання, імкненне пранікнуць у стан жаночай душы, перадаць яе настрой і пачуцці. Частка твораў мастака вырашана ў аранжава-чырвонай гаме, іншая - у шэра-сіняй. Каларыт у ягоных работах з'яўляецца адным з асноўных сродкаў мастацкай выразнасці, колер жа мае глыбокае сімвалічнае значэнне.

 Акрамя экспазіцыі твораў самога аўтара прадстаўлена міні-выстаўка "Маляваны экватар": работы беларускіх мастакоў, што прымаюць удзел у міжнародным праекце, арганізатарам якога з'яўляецца Галерэя Андрэя Смолака. "К" пісала ўжо, што ў рамках праекта плануецца стварыць 40 075 карцін (столькі кіламетраў налічвае зямны экватар). Усе прадстаўленыя творы выкананы на палотнах фармату 20х20 см. У экспазіцыі - работы беларускіх мастакоў, якія падключыліся да праекта: Г.Вашчанкі, З.Літвінавай, У.Кожуха, У.Капшая, А.Бараноўскага, Р.Сіплевіч, Л.Хобатава і многіх іншых.

Лідзія ГОЛУБ

Гомель