Спявай, гармонік! Звіні, прыпеўка!

№ 36 (802) 08.09.2007 - 14.09.2007 г

У маляўнічым наваколлі вёскі Парэчча на Піншчыне прайшлі абласныя фестывалі-конкурсы “Грай, гармонік! Звіні, прыпеўка!” і арганізатараў баўлення вольнага часу сельскіх і раённых дамоў культуры “Берасцейскія забаўлянкі”.

 /i/content/pi/cult/128/608/Garmonik1.jpg
 Маталянец Васіль Юхнік.
Як слушна сказала намеснік начальніка ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Тамара Паўлюковіч, выбар месца правядзення свята невыпадковы. На Піншчыне вельмі вялікая ўвага надаецца зберажэнню традыцыйнага народнага мастацтва. Гэтую ж думку ў сваім выступленні выказаў і старшыня Пінскага райвыканкама Валерый Рабкавец.
— Нашы калектывы мастацкай самадзейнасці, — падкрэсліў ён, — аб’ядноўваюць 4 тысячы жыхароў раёна. 16 калектываў носяць ганаровыя найменні “народны” і “ўзорны”. Укараняюцца і новыя формы работы, такія, як стварэнне дамоў фальклору і рамёстваў, дамоў-музеяў.
Каларытным фонам, на якім разгортваліся святочныя падзеі, паслужыла этнаграфічная рэканструкцыя “Сядзібы палешука” ў Парэччы. На імправізаванай сельскай вуліцы размясціліся шырокія выстаўкі народнага ткацтва і іншых відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Тут жа можна было паспрабаваць стравы беларускай і ўласна палескай кухні.На пінскім Палессі ў гэты дзень сабраліся лепшыя гарманісты і прыпевачнікі Берасцейшчыны. Былі тут і іванаўская “Знаходка”, і ганцавіцкія “Кумкі”, і бярозаўскія “Картузянцы”, і плоскінскія “Суседзі”.Колькасць афіцыйных удзельнікаў свята сёлета дасягнула амаль 500 чалавек, у той час як на папярэдні “Гармонік” прыехала каля 100 удзельнікаў. Толькі на прагляд конкурсных праграм у Парэччы тройчы збіралася журы і гледачы. А яшчэ былі два вялікія канцэрты. На адкрыцці свае творчыя візітоўкі прадставілі ўдзельнікі конкурсных праграм і госці з Украіны, Мінскай і Гродзенскай абласцей нашай краіны. Адбыўся вялікі заключны канцэрт “Звіні, народная крыніца!”.
 /i/content/pi/cult/128/608/Garmonik2.jpg
 Юная прыпевачніца Даша Банцэвіч.

У святочную праграму ўваходзіў і вечар над Ясельдай-рэчкай з танцамі пад гармонік.
Весяліць, падбадзёрваць каго-небудзь не было патрэбы. Сельскія музыкі па прыродзе сваёй — людзі вясёлыя і заўзятыя. То тут, то там стыхійна ўзнікалі “спаборніцтвы” гарманістаў ці прыпевачнікаў, якія звычайна завяршаліся агульным выкананнем мелодый ці песень.
Прыемна было бачыць на гэтым свяце шмат моладзі: насуперак абыходкавай думцы, што народная творчасць — справа бабуль і дзядуль. Цэлыя калектывы складаліся з удзельнікаў школьнага ўзросту, як, напрыклад, дзіцячая група з вёскі Дварэц Лунінецкага раёна. Асабліва ж усіх уразіла юная прыпевачніца Даша Банцэвіч, якая прадстаўляла Баркоўскі сельскі дом культуры з Піншчыны.
Удзельнікі свята ахвотна пераймалі досвед адзін у аднаго. А тут, пры жаданні, можна было атрымаць майстар-клас ад любога віртуоза. У мястэчку Моталь, да прыкладу, жыве найпапулярны гарманіст Васіль Юхнік. Чалавек ён вельмі заняты, але падчас свята ў Парэччы — калі ласка — кожнага гатоў быў паслухаць, падбадзёрыць, даць карысную параду.
Вяліся аўдыё- і відэазапісы выступленняў. На свята над Ясельдай прыехалі супрацоўнікі Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра і Беларускага дзяржаўнага інстытута праблем культуры.
Упэўнены: падобныя фестывалі, святы маюць важнае дзяржаўнае значэнне. Тым больш, што дзяржава ўзяла курс на ўмацаванне сяла. Сфера культуры проста абавязана садзейнічаць адраджэнню творчага патэнцыялу, высокіх маральных каштоўнасцей, уласцівых беларускаму народу. Айчына, праца і песня здаўна былі паняццямі тоеснымі. Так і павінна быць. Людзі ўспрынялі вялікія дзяржаўныя планы з вялікай надзеяй, і ўжо пайшла гучаць у масы прыпеўка Ганны Чыж з Белазёрска: “Пакуль гармонік грае, жыць будуць беларусы!”.

Вячаслаў ІЛЬЯНКОЎ
Пінскі раён
Фота аўтара