У што гуляюць дзеці?

№ 30 (1001) 23.07.2011 - 29.07.2011 г

Пасляслоўе да Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу “Віцебск-2011”

/i/content/pi/cult/333/6076/pic_32.jpgДзіцячы конкурс на "Славянскім базары ў Віцебску" даўно ўжо трымае пальму першынства ў разнастайных рэжысёрскіх прыдумках. Арганізатары не саромеюцца "гуляць у дзяцінства". Але, здаецца, дзеці тым часам гуляюць у... маленькіх дарослых.

Сапраўды, дзіцячы конкурс "Славянскага базару..." працягвае сталець. Сведчаннем таму - ужо сам выбар казкі для конкурснага сцэнарыя: усё ж "Аліса ў Краіне цудаў", пагадзіцеся, прызначана далёка не для самых маленькіх. Але толькі таму, што яны не зразумеюць яе філасофскі сэнс, пастаянную гульню слоў ды іншыя інтэлектуальныя забаўкі. Сама ж стыхія гэтай аповесці, дзе пануе не строгая "дарослая" логіка, а яркія асацыятыўныя повязі, найлепшым чынам адпавядае дзіцячай псіхалогіі, якую беражліва захоўвае ў душы кожны творца, каб не страціць з узростам радасць уражанняў і адкрыццяў. А вось дзеці-канкурсанты сталеюць іначай - праз свой репертуар.

Асабліва паказальным быў пачатак другога конкурснага дня. "Вінаватае" ва ўсім, вядома, лёсаванне, але некалькі першых нумароў будаваліся на... хрыплым мужчынскім джазе, прычым не толькі ў хлапечым варыянце, але і, пераважна, у дзявочым. Добра, бясспрэчна, што дзятва далучаецца і да джазавай стылістыкі, але навучанасць, заснаваная на перайманні, і ўласная індывідуальнасць - рэчы абсалютна розныя. Першая якасць пры адсутнасці другой спараджае "сіндром вундэркінда", калі дзіця, як толькі падрасце, страчвае ўсю сваю адметнасць.

Можа, сёлетні конкурс аказаўся не самым-самым паводле запаленых на ім юных зорачак, але агульны ўзровень, безумоўна, выраўняўся яшчэ больш: сёння дзяцей навучаюць лепш, чым учора. І гэта цудоўна! Вось толькі - дзе ўзяць дзіцячыя конкурсныя песенькі? Проста дзіцячыя - ёсць. Да конкурсных жа - патрабаванні асаблівыя. У ідэальным варыянце яны павінны стварацца (ці хаця б адаптавацца) для кожнага канкурсанта ў індывідуальным парадку. Так, як гэта цяпер робіцца для дарослых конкурсаў. І пошук такіх песень - справа штодзённая.

Усіх вельмі ўразіла 8-гадовая казашка Куралай Мейрамбек (Першая прэмія) з песняй пра Беларусь. Знайшлі той твор праз Інтэрнэт (вось, дарэчы, "падказка" для кампазітараў, як папулярызаваць сваю творчасць!), а за ім - бабулю з беларускай вёскі, якая, узяўшы шлюб, паехала да мужа. Развучвалася песня- роўна год. Але выкананне дзяўчынкі, якая нават рускай мовы не ведае, было ідэальным. Гран-пры атрымала румынка Ралука з моцным "фальцэтным" голасам, Другую прэмію падзялілі Джэнтльмен з Азербайджана з бессмяротнай "Ямайкай", што не дае забыцца на Раберціна Ларэцці, і Валерыя Чувізава з Латвіі з творам з рэпертуару Валерыя Ляонцьева. Трэцяя прэмія была ўручана балгарыну Марціну Йорданаву, украінцы Мар'яне Шчарбак і "нашай Сашы" - вельмі шчырай, непасрэднай Аляксандры Няхай, якой, можа, для больш высокіх узнагарод крыху не хапіла конкурснай вынослівасці і спрактыкаванасці. Другая юная беларусачка - Ганна Атрошчанка - была ўганаравана спецыяльным прызам Парламенцкага сходу Беларусі і Расіі. І хаця я не стамлялася запэўніваць гасцей фестывалю, што Ганна вучыцца не ў Святланы Стацэнка, а ў Ксеніі Сітнік цяпер зусім іншы імідж, песні ды манеры, расійскія журналісты ўсё запытвалі: колькі ж вы, маўляў, будзеце працягваць тую самую лінію?

У астатнім усё было цудоўна. Дзеці атрымалі сапраўднае свята яшчэ пад час лёсавання: прагулка на катары, парк з гульнямі ды забаўкамі, іпадром, жывыя трусяняты ды іншыя жывёліны, частаванне - і ўсё пад знакам "Алісы ў Краіне цудаў". Часткай гэтай казкі стала і "выцягванне" нумароў: дзеці выбіралі вялізных памераў кубачак са сподачкам, дзе і было пазначана, хто за кім у які дзень. Свята працягвалася і на конкурсе: кожны нумар, паводле традыцыі, быў упрыгожаны падтанцоўкай ці нават сцэнкай, тэатралізаваным было і вядзенне (праўда, Дзядзька Ваня ў ролі казачнага Капялюшніка пачуваў сябе разгублена ніякавата). Раз-пораз конкурсныя выступленні разбіваліся вясёлымі ўстаўнымі нумарамі ці гульнямі. Журы - спрэс маладзёжнае! Трэба было бачыць, з якой дзіцячай непасрэднасцю яно адгукалася на тое ж шпурлянне шарыкаў у паветра! Часам думалася: тую б непасрэднасць - ды дзецям! Хаця - лепей даць дзецям адпаведны рэпертуар, у якім яны будуць пачуваць сябе натуральна, не губляючы фарбаў дзяцінства.

На здымку: Аляксандра Няхай і Ралука.

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"