Днямі скончыўся V Мастацкі пленэр маладых графікаў, які сёлета ладзіўся ў азёрным куточку Беларусі - на Мядзельшчыне.
У пленэры, як і ў папярэднія гады, прынялі ўдзел выпускнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Ніна Маргаева, Вера Каўзановіч, Уладзімір Матораў, Кацярына Малама, Таццяна Анушка і аўтар гэтых радкоў. Яны, маладыя творцы, выпускнікі 2007-га, штогод пасля заканчэння ўніверсітэта самастойна ладзяць пленэры, кожны з якіх праводзіцца ў новай мясціне. Графікі наведалі вёскі Мядзельшчыны - Леанардава, Бакачы, Старыя Габы - і сам раённы цэнтр, пабывалі на Вілейшчыне, плённа папрацавалі на берагах азёраў Дзягілі, Мястра, Нарач, сажалкі ў вёсцы Рамашкі, Вілейскага вадасховішча.
"Водныя" матывы абумовілі і выбар матэрыялу: большасць эцюдаў напісана акварэллю, якая дзякуючы сваёй празрыстасці, імклівасці і "стыхійнасці" дазваляе найбольш удала ўвасобіць азёры і сажалкі на паперы, а таксама перадаць іх прасторы, глыбіню і настрой.
Не засталіся без увагі творцаў і цікавыя куточкі вёсак Мядзельшчыны - другі матыў эцюдаў, накідаў і замалёвак сёлетняга пленэру. Тут дыяпазон матэрыялаў пашырыўся. Акрамя акварэлі мастакі звярталіся і да алоўкавага малюнка. На работах такога кшталту ўвасобіліся старая кляновая алея і студня ля ўрослай у зямлю хаты ў Леанардаве, цудоўны мядзельскі касцёл сярэдзіны ХVІІІ стагоддзя і вясковая вулачка ў Сосенцы на Вілейшчыне, узгоркавыя ўскраіны Дзягіляў і рытмы дахаў дамоў гэтай жа вёскі, якія сузіраліся з вяршыні старажытнага гарадзішча.
Кожны з папярэдніх пленэраў завяршала мастацкая выстаўка. Сёлета таксама плануецца яе правядзенне. Творцы плануюць зладзіць яе ў Музеі Мядзеля, каб сімвалічна аддзячыць мясцінам, якія так іх натхнілі і ў якіх ім так плённа працавалася.
Галіна ФЛІКОП