У творчасці мазырскага мастака прырода Палесся - у розныя поры года: гэта і неба, якім ён "дыхае", і зямля, па якой ён ходзіць. І- сэнс ягонага мастацтва.
Ён бачыць далягляды з вяршынь узгоркавай Мазыршчыны, таму і ў сваіх работах адлюстраваў гэты ракурс: тут - захапленне беларускімі пейзажамі, радасць быцця і лірычнага настрою...
Пейзажы Валерыя Сідоркіна часам становяцца сімваламі глыбінных перажыванняў, якія выходзяць за межы асабістых пачуццяў. Нават па назвах работ бачна, што для аўтара значыць мазырскае Палессе: "Таполі. Вясна", "Пейзаж з вясёлкай", "Пачатак лета. Мазыршчына", "Купалле", "Летняя раніца", "Залацісты вечар", "Паліцца лазня", "Навальніца надыходзіць", "Поўдзень. Прыпяць", "Мазырскія яры", "На Прыпяці", "Вечар на Мазыршчыне", "Зімовая вёска"...
"Усе кампазіцыйныя і колеравыя рашэнні бяру з рэальных уражанняў жыцця, - кажа мастак. - І рэальнасць тую імкнуся давесці да вобраза. Ад захаплення - да Вобраза. Каб быў не проста пейзаж, а - мая Мазыршчына, Палессе..."
Творы мазырскага майстра выклікаюць шчырую ўвагу не толькі на Радзіме, але і за яе межамі. Нядаўна пейзаж Валерыя Сідоркіна "Вясна на Прыпяці" стаў лепшым у сваёй намінацыі і прынёс аўтару залаты медаль на Міжнароднай выстаўцы выяўленчага мастацтва "Вясна на поўны колер" у Нью-Ёрку.
Выставачную залу МЗС наведваюць замежныя дыпламаты, журналісты... Да таго ж, як адзначыў на вернісажы намеснік міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Ігар Пятрышэнка, выстаўка Валерыя Сідоркіна - далёка не апошняя ў гэтым памяшканні.
Алег АНАНЬЕЎ, мастацтвазнаўца
Гомель