Рок “Прарока”

№ 36 (802) 08.09.2007 - 14.09.2007 г

Прэм’ера мюзікла “Прарок”, што адбылася 30 жніўня ў мінскім Палацы спорту, стала не толькі, як прадказвалі арганізатары, сенсацыйным прарывам у будучыню з разлікам на далейшае скарэнне свету. Яна пакінула шмат і клічнікаў, і пытальнікаў.

/i/content/pi/cult/128/607/Rok.jpg 
Радасным клічнікам павінна быць адзначана праца ўсёй зорнай каманды, што задзейнічана ў пастаноўцы. Уражвала стыльная харэаграфія (асабліва ў “танга на траіх”), сцэнаграфічныя знаходкі (у тым ліку — камп’ютэрныя, накшталт ператварэння чалавечага ценю ў пачвару), удалае запаўненне ўсёй сцэнічнай прасторы не толькі ўшыр і ўглыб, але і ўверх, чаму спрыялі бездакорная праца цыркавых акрабатаў і “палёты закаханых” (апошнія, дарэчы, не толькі сімвалізавалі рамантыку пачуццяў, але і выклікалі асацыяцыі з шагалаўскімі героямі). Яшчэ адной “нацыянальнай рысай” стала выяўленне душэўных пакут героя праз харэаграфічную сцэну, асацыятыўна звязаную з фрагментам знакамітага балета “Стварэнне свету” ў пастаноўцы нашага Валянціна Елізар’ева. Нарэшце, абсалютна славянскай паводле ментальнасці трэба прызнаць сюжэтную лінію мюзікла, блізкую па жанры да жыццеапісання, своеасаблівага “быція” і нават споведзі (заўважу таксама, што падобная адсутнасць ліха закручанага сюжэта ўласцівая, да прыкладу, нашумеламу мюзіклу “Кошкі” Э.Л. Уэбэра, складзенаму, праўда, з шэрагу біяграфічных аповедаў). Полістылёвасць і шматжанравасць музычных вытокаў “Прарока” (ад сімфанізаванага вальса і “выкрывальнага” танга да гімнічнасці Марша з вердзіеўскай “Аіды”) дазваляе правесці паралелі і з такімі ж полістылёвымі (праўда, пры непараўнальна большай еднасці адзінага аўтарскага “назоўніка”) нашымі беларускімі мюзікламі Уладзіміра Кандрусевіча, Уладзіміра Дамарацкага: эх, іх бы мюзіклам ды такое ж багатае ўвасабленне!
Не іначай, як тытанічнай трэба назваць працу вядомага польскага музыканта Яна Стаклосы, які выступіў аранжыроўшчыкам (а па сутнасці — кампазітарам, бо музычны арыгінал аўтара праекта — Іллі Алейнікава ўяўляў сабой хіба некалькі мелодый, а ніяк не цэласны музычна-тэатральны твор). Самай вялікай ухвалы варты праведзеныя з удзельнікамі заняткі па вакале, бо ў сціслы тэрмін была падрыхтавана адзіная і, у той жа час, багатая на салістаў групоўка артыстаў, дзе далёка не ўсе былі прызнанымі зоркамі ўзроўню Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча, наадварот — большасць імёнаў пакуль нічога не гаворыць не толькі шырокай публіцы, але і дасведчаным знаўцам.
Тут і ўзнікаюць першыя пытальнікі: хто з артыстаў, пералік якіх змешчаны на сайце мюзікла, выконваў шматлікія сола? Бо ў рэкламе мусіраваліся толькі прозвішчы Іллі Алейнікава (які да ўсяго выконваў галоўную ролю Прарока), аўтара лібрэта і выканаўцы ролі Старога Мікалая Дуксіна і рэжысёра Януша Юзэфовіча. Усё астатняе — быццам наўмысная “загадка”. Як і далейшы лёс спектакля: аптымізм пастаноўшчыкаў, якія ажыццяўлялі праект з мэтай яго далейшых паказаў па ўсёй Беларусі, у Расіі і далей па ўсім свеце, пакуль не мае дакладнага інфармацыйнага пацвярджэння — за тыдзень, што мінуў з дня прэм’еры, сайт “Прарока” так і не абнавіўся. Таксама “таямніца”? А шкада. Бо “Прарок”, пры ўсёй размаітасці ўражанняў і меркаванняў (а ў кулуарах сапраўды гучалі цалкам супрацьлеглыя думкі — ад поўнага захаплення да такога ж поўнага непрыняцця), павінен даць штуршок далейшаму развіццю айчынных мюзіклаў.

Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА