У жніўні бягучага года ў Гомелі - сёлетняй Культурнай сталіцы Беларусі і СНД - распачнецца новы міжнародны праект. З гэтага часу ў абласным цэнтры плануецца праводзіць Дні культуры краін - удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
Па словах начальніка аддзела культуры Гомельскага гарвыканкама Кацярыны Дзегцяровай, дадзены праект быў распрацаваны і праводзіцца сумесна з Міждзяржаўным фондам гуманітарнага супрацоўніцтва краін - удзельніц СНД. Натуральна, ажыццяўленне гэтага праекта паспрыяе пашырэнню культурных сувязей між дзяржавамі СНД і надасць новы імпульс супрацоўніцтву.
Першымі ў абласным цэнтры пройдуць Дні культуры Рэспублікі Малдова. Цягам месяца адбудуцца выстаўкі малдаўскіх мастакоў, выступленні вядомых калектываў з гэтай краіны, паказ тэатральных пастановак і многія іншыя мерапрыемствы. Прычым, па словах начальніка аддзела культуры, ужо 20 ліпеня ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі адкрылася выстаўка вядомага малдаўскага мастака, генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Малдовы Тудара Збырні.
Як дадала Кацярына Дзегцярова, штомесяц у Гомелі плануецца адкрываць Дні культуры дзвюх ці трох краін СНД. Папярэднія перамовы з будучымі ўдзельнікамі ўжо вядуцца, таму гамяльчан і гасцей абласнога цэнтра чакае яшчэ шмат цікавых культурных мерапрыемстваў.