Ля фантана эмоцый і перамог

№ 36 (802) 08.09.2007 - 14.09.2007 г

Пазаўчора “Баядэркай” Л.Мінкуса Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр балета Рэспублікі Беларусь адкрыў свой юбілейны — 75-ы сезон. Цэнтральную партыю Нікіі танцавала лаўрэат міжнародных конкурсаў Кацярына Борчанка, якая ў апошнія дні жніўня стала ўладальніцай Гран-пры ХVІІ Адкрытага Усеяпонскага конкурсу артыстаў балета ў Нагоі. У творчым лёсе артысткі “Баядэрка” стала папраўдзе знакавым спектаклем. У свой час яна рыхтавала ў ім таксама партыю раўнівіцы Гамзаці, і менавіта варыяцыі Гамзаці прынеслі ёй гэтую высокую ўзнагароду.

 /i/content/pi/cult/128/606/Ballet.jpg
— Умовы конкурсу, — падзялілася ўражаннямі Кацярына, — адметныя ад іншых творчых спаборніцтваў. Калі ў той жа Варне даводзіцца паказваць разнастайную праграму, што ўключае класіку і сучасныя нумары, і ёсць магчымасць прадэманстраваць розныя бакі і сваёй харэаграфічнай падрыхтоўкі, і артыстычных якасцей, дык тут ты павінен усё ўкласці ў адны кароткія варыяцыі.
Ды яшчэ станцаваць іх двойчы — у першым туры і, калі пройдзеш, у другім.
Але цяжкасць была нават не ў гэтым, а ў саміх умовах, у якіх даводзілася выступаць. Рэпетыцыі праходзілі ў невялічкай студыі, а конкурсныя паказы — на вялікай сцэне. Такія складанасці ўзнікаюць, мабыць, таму, што гэты конкурс збірае неверагодную колькасць удзельнікаў. Сёлета, да прыкладу, на яго прыехалі больш за 600 артыстаў балета з розных краін свету: акрамя Японіі, з Паўднёвай Карэі, Тайваня, Ганконга, Велікабрытаніі, Канады і іншых. У выніку конкурсныя выступленні пачыналіся а 8-ай гадзіне раніцы, а заканчваліся апоўначы. І адразу прыстасавацца да такіх умоў удавалася не кожнаму.
Дадамо, што знакаміты Міжнародны конкурс у балгарскай Варне, якая лічыцца своеасаблівай балетнай Мекай, прынёс Кацярыне Борчанка год таму срэбны медаль. Каб атрымаць у Японіі Гран-пры, мала было са стабільнай дасканаласцю паўтарыць варыяцыі Гамзаці — трэба было, відаць, нанова і канчаткова здзівіць журы ў другім туры. І артыстцы гэта ўдалося. Ездзіла яна ў Японію адна, без свайго брата-блізняці і адначасова партнёра Пятра Борчанкі. Але не разгубілася. Можа, яшчэ і таму, што дагэтуль неаднойчы запрашалася туды на сольныя гастролі.
Пераможным стала летаі для яшчэ адной салісткі нашага тэатра — Кацярыны Алейнік, сёлетняй выпускніцы Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа. Яна стала дыпламантам ІV Міжнароднага балетнага конкурсу ў Шанхаі (Кітай), далучыўшы гэтую ўзнагароду да адзнакі другой ступені, што год таму была атрымана на тым жа конкурсе ў Варне, толькі ў малодшай узроставай групе.
— Першы тур на конкурсе ў Кітаі, — расказала Кацярына, — адбываўся па дасланых відэазапісах. Са 180 заявак пакінулі 60 чалавек, але прыехалі з іх 45, а ў фінал прайшлі толькі 11. Сярод канкурсантаў былі традыцыйна моцныя танцоўшчыкі з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Пярмі. Дый кітайскія артысты апошнім часам паказваюць у харэаграфіі надзвычай высокія вынікі. Ранак кожнага балетнага артыста, як вядома, пачынаецца з так званага абавязковага “ўрока” — выканання харэаграфічных практыкаванняў, прапанаваных выкладчыкам. Падобная практыка захоўваецца і падчас конкурсаў. Калі ўрок давала кітайская выкладчыца, асабіста мяне вельмі ўразілі і зацікавілі некаторыя нязвыклыя рухі, у якіх беспамылкова адчуваўся яркі нацыянальны каларыт.
— Заснавальнікам кітайскай школы класічнай харэаграфіі, — дадаў дырэктар — мастацкі кіраўнік Беларускага балета, народны артыст СССР, прафесар Валянцін Елізар’еў, — быў мой педагог Пётр Андрэевіч Гусеў. І за паўстагоддзя кітайцы прайшлі ўвесь той шлях, якім Еўропа крочыла 300 гадоў. Ці ж гэта не прыклад упартасці і надзвычайнай працаздольнасці? Што ж да трупы нашага тэатра, дык зараз ў ёй вельмі многа таленавітых артыстаў. І перамогі — толькі пацвярджэнне гэтага. Калі раней у нас былі чатыры-пяць яркіх салістаў, дык сёння ледзь не кожны — адметная творчая асоба.
Пасля такога “фантана перамог” тэатр прапануе сваім гледачам сустрэчу на прэм’еры “Бахчысарайскага фантана”, якая адбудзецца 28 верасня. У кастрычніцкай жа афішы будуць сабраны спектаклі Валянціна Елізар’ева, рэтраспекцыя якіх будзе прымеркавана да 60-годдзя мастра.

Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Васіля МАЙСЯЁНКА