Пясок, вада і лялькі

№ 36 (802) 08.09.2007 - 14.09.2007 г

На пачатку восені ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек зноў ідуць рэпетыцыі. Кожны дзень галоўны рэжысёр Аляксей Ляляўскі разам з акцёрамі варожыць над пяском, вадой і фарбамі — сталічныя лялечнікі ўзяліся за пастаноўку п’есы для дзяцей беларускага драматурга Сяргея Кавалёва “Пясочны замак”.

 /i/content/pi/cult/128/605/Pyasok.jpg
— Ідэя метамарфоз на сцэне ў тым, каб стварыць візуальны спектакль, — падчас перапынку паведаміў Аляксей Анатольевіч. — На мой погляд, вялікая праблема нашых пастановак у празмернай “размоўнасці”. Сучасныя дзеці распешчаны камп’ютэрнымі спецэфектамі ў кіно, таму і ў тэатры ў першую чаргу чакаюць відовішча, таго, на што можна з захапленнем глядзець. Таму асноўны акцэнт мы робім на праекцыях. На вачах гледача пясок і фарбы, спраецыраваныя на заднік, ажывуць.
У спектаклі вельмі многа элементаў, якія не прадумаеш наперад. Таму акцёры эксперыментуюць, спрабуюць розныя сыпучыя фактуры. Верагодна, дабавім у сцэнаграфію фрагменты работ мастака пастаноўкі Рамана Сустава — яны добра ўпісваюцца ў ход спектакля.
Летась тэатр заклікаў складаць музыку для прэм’ер вядомыя сучасныя калектывы. Так, пошукі Блакітнай птушкі праходзілі ў суправаджэнні мелодыі Ягора Забелава, удзельніка “Гурзуфа”, а жудасны спадар Ау вучыўся сябраваць пад музыку “Срэбранага вяселля”. “Пясочны замак” прадоўжыць добрую традыцыю — гісторыю Вапнінкі і Пясчаніка агорне ясная, вельмі душэўная музыка групы “Партаманэт”.“Пясочны замак” адкрые 70-ы сезон старэйшага тэатра лялек Беларусі. А 3 верасня “Белвідэацэнтр” паднёс першы падарунак імянінніку: хранікальна-дакументальны фільм Сяргея Агеенкі “Прыгоды за шырмай, ці Звязаныя адной ніткай”. Музыку да карціны напісаў Леанід Паўлёнак. Між іншым, “Прыгоды за шырмай…” — першая стужка аб старэйшым тэатры Беларусі за апошнія 25 гадоў.
Зараз трупа адправілася ў фестывальны тур. Пераможца мінулагодняй “Белай Вежы” пакажа на сёлетнім фестывалі спектакль Аляксандра Янушкевіча “Гісторыя аднаго горада” паводле Салтыкова-Шчадрына. З Брэста тэатр адразу адправіцца ў Расію на Міжнародны фестываль тэатраў лялек “Разанскія агледзіны”. Дарэчы, у юбілейны год тэатр плануе ажыццявіцьдаўнюю мару — адрадзіць Міжнародны фестываль тэатраў лялек у Мінску, па якім ужо добра-такі засумавалі аматары лялечнага мастацтва.

Настасся ПАНКРАТАВА