“Куток алхіміка”

№ 29 (1000) 16.07.2011 - 22.07.2011 г

Аптэка і музей — паняцці не сумяшчальныя? Напрыклад, як аспірын з экскурсіяй? Але ёсць на беларускай зямлі месца, дзе, здавалася б, парадаксальныя рэчы становяцца нормай. Тое пацвярждае аптэка-музей у Гродне, пра якую “К” пісала неаднойчы. Чым новым здзівіла ўстанова студэнтку Інстытута журналістыкі БДУ, якая пабывала ў горадзе над Нёманам?

/i/content/pi/cult/332/6049/pic_31.jpgАптэчная справа ў Прынёманскім краі памятае і пяро фенікса, і парашок з рога аднарога, і гадзюкіна мяса, і кроў маладзенькіх жабак... Але пра ўсё - па парадку.

У 1709 г. члены брацтва езуітаў вырашылі адкрыць пры сваім калегіуме (цяпер - Савецкая плошча) невялічкую аптэку - на карысць людзям і для папаўнення сваёй казны. Як распавядае загадчык музея Фёдар Ігнатовіч, аптэкарскі бізнес у той час быў вельмі выгаднай справай. Манахі атрымлівалі ад продажу лекаў шмат грошай, таму што хутчэй за ўсіх арганізоўвалі пастаўкі медыцынскіх рэчываў у Еўропу.

У 1773 г. ордэн быў ліквідаваны, а ўся яго маёмасць- канфіскавана ў казну дзяржавы, Рэчы Паспалітай. Праз некаторы час каралеўскі "эканаміст" ВКЛ і гродзенскі стараста Антоній Тызенгаўз перадаў аптэку Медыцынскай акадэміі. Тады за справу ўзяўся запрошаны з Францыі доктар медыцыны Жан Жылібер, які пасадзіў у горадзе над Нёманам унікальны батанічны сад. Па сутнасці, сад стаў паўнавартасным аптэкарскім гародам. Дарэчы, цуд-сад цяпер перайменаваны ў парк імя Жылібера.

Калі Медыцынскую акадэмію перавялі ў Вільню, аптэка стала прыватным прадпрыемствам, але нягледзячы на гэта, вывучэнне тонкасцей медыцынскай справы працягвалася. У прыватнасці, у ХІХ стагоддзі адзін з уладальнікаў аптэкі- Ян Адамовіч - зрабіў значны ўнёсак у даследаванне друскенікаўскіх мінеральных крыніц.

У 1950-м старажытную аптэку каля Фарнага касцёла зачынілі, а памяшканне выкарыстоўвалі спачатку ў якасці склада, салона мэблі, а затым - як Дом настаўніка.

 І толькі праз 46 гадоў пачалося адраджэнне аптэкі. Гродзенскі навуковавытворчы кааператыў заклікаў усіх дапамагчы ў аднаўленні гістарычнага помніка. Як вынік - жыхары горада ахвотна аглядалі свае гарышчы і неслі ў будучы музей аптэкарскія мензуркі, бутэлечкі, вагі, кнігі па медыцыне...

Цяпер, пасля кардынальнай рэканструкцыі, экспазіцыя музея ўяўляе з сябе залу, падзеленую на тры комплексы: два ансамблевыя і адзін тэматычны. У першым ансамблевым комплексе створаны куток старадаўняй травяной лабараторыі - "Куток алхіміка". У другім - фрагмент рэцэптурнай залы мяжы ХІХ - ХХ стагоддзяў. Вітрыны тэматычнай зоны, дзе сабраны разнастайны ілюстрацыйны матэрыял, адлюстроўваюць асноўныя этапы развіцця медыцынскай і фармацэўтычнай справы ў нашай краіне.

Як адзначыў Фёдар Ігнатовіч, дзякуючы намаганням навукоўцаў і жыхароў Гродна аптэка-музей стала ўнікальным помнікам станаўлення фармацэўтычнай справы: "І сёння на яе базе мы можам нават праводзіць лекцыі па гісторыі медыцыны і фармацэўтыкі, ладзіць выдатныя экскурсіі для турыстаў і, безумоўна, прадаваць сучасныя лекі".

Надзея ПЯКАРСКАЯ, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ

На здымку: у аптэцы-музеі.