Як паведамілі ў літаратурна-драматычнай частцы тэатра, знакаміты артыст "вярнуўся дадому" - на вуліцу Урыцкага, 10, дзе пражыў разам з сям'ёй 40 гадоў. І адбылася гэтая знамянальная падзея дзякуючы Віцебскаму гарадскому выканаўчаму камітэту і Савету дэпутатаў. Аўтар дошкі - віцебскі скульптар Аляксандр Гвоздзікаў. Фёдар Шмакаў "сустрэў" гасцей музычнай уверцюрай да спектакля "Несцерка" і маналогам з ролі, якую ён іграў на Коласаўскай сцэне цягам 45 гадоў... Белае палотнішча з мемарыяльнай дошкі ва ўрачыстай атмасферы знялі мэр горада Віктар Нікалайкін, дырэктар тэатра Рыгор Шыцько, народная артыстка Беларусі Святлана Акружная і самы малодшы нашчадак артыста - ягоны ўнук Андрэйка. Дарэчы, пад час адкрыцця дошкі з вуснаў прысутных прагучала прапанова аб перайменаванні вуліцы Урыцкага ў вуліцу Тэатральную, паколькі менавіта тут жылі знакамітыя і любімыя гледачамі артысты-коласаўцы.
Святлана ДАШКЕВІЧ, загадчык літчасткі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа