Гастролі і экспедыцыі

№ 29 (1000) 16.07.2011 - 22.07.2011 г

Шуміліна: гастрольны кантэкст

/i/content/pi/cult/332/6046/pic_26.jpgНародны фальклорны калектыў "Гульбічы" Шумілінскага ГДК - упрыгожанне любога абласнога мерапрыемства. І не толькі абласнога.

З вялікім поспехам ансамбль выступаў на Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", на купальскіх урачыстасцях рэспубліканскага свята "Александрыя збірае сяброў". І паўсюль "Гульбічы" зараджаюць энергіяй, весялосцю, бо выконваюць выключна народныя песні, прыпеўкі, танцы і робяць гэта з майстэрствам і гумарам.

Стварылі "Гульбічы" ў 1992-м, а праз два гады калектыў стаў народным. Узначальвае яго Ларыса Цыркунова, па ініцыятыве якой пастаянна ладзяцца этнаграфічныя экспедыцыі. Сабраны матэрыял становіцца асновай для тэатралізаваных фальклорных кампазіцый, сцэнічных абрадавых пастановак, каляндарных святаў.

Выступаў калектыў на сцэне Палаца рэспублік/i/content/pi/cult/332/6046/pic_25.jpgі, выязджаў на гастролі ў Даўгаўпілс, Лодзь, Вентспілс. Ансамбль падтрымлівае сувязі з беларускай дыяспарай з украінскага Белгарада-Днястроўскага.

За год калектыў дае да 30 канцэртаў. Як кажа дырэктар ГДК Марына Прохарава, "Гульбічы" - самы мабільны, самы лёгкі на ўздым калектыў у раёне. А ў складзе яго - больш за 20 носьбітаў традыцыйнай беларускай культуры. Пашанотнае ядро "Гульбічаў" складаюць Вольга Мікітаўна Гаўрылкіна, Еўдакія Іванаўна Васільева, Наталля Уладзіміраўна Захарава, не горш выглядаюць на сцэне і больш маладзейшыя выканаўцы Таццяна Іваноўская, Ірына Салаўёва... Акампаніятарамі працуюць Анатоль Міхееў, Валерый Латковіч, а харэографам - мастацкі кіраўнік ГДК Святлана Дземідзенка.

Фота Юрыя ІВАНОВА і Андрэя СПРЫНЧАНА

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"