Гала ў стылі “аўтэнтык”

№ 29 (1000) 16.07.2011 - 22.07.2011 г

Гала-канцэрт у зале “Віцебск” уразіў усіх. Каб удзельнічаць у ім, калектывы праходзілі адбор на месцах, бо жадаючых паехаць у Беларусь было нашмат болей.

/i/content/pi/cult/332/6043/pic_21.jpgПасля святочнага пралога ў выкананні Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі міністр культуры краіны Павел Латушка зачытаў прывітанне Прэм'ер-міністра нашай краіны Міхаіла Мясніковіча.

Сам жа канцэрт стаўся цудоўнай прэзентацыяй беларусамі замежжа сваёй нацыянальнай спадчыны - аўтэнтычнай і апрацаванай. Літаральна на кожную песню публіка рэагавала так зацікаўлена, як не бывае нават на сольніках самых раскручаных эстрадных зорак: літаральна з першых тактаў музыкі пачыналіся апладысменты.

Аўтэнтычных гуртоў было, як заўсёды, менш, чым фальклорна-эстрадных. Але кожны вылучаўся такім адметным каларытам, такой непадробнай сакавітасцю, што гэта дазваляла пераканацца: трывалае словазлучэнне "жывая крыніца фальклору" - не прыгожы эпітэт, а рэальна існуючае "вадасховішча", якое падпітвае нават самыя маладыя парасткі - праз захаваныя нацыянальныя карані. Выявілася і пэўная заканамернасць: лепш за ўсё аўтэнтыка падтрымліваецца ў сем'ях і паселішчах былых перасяленцаў ХІХ стагоддзя. Гэта ансамбль "Зязюля" з вёскі Каўбаса Новасібірскай вобласці, дуэтная "Ленушка" і дзявочашматгалосныя "Крывічы" з Іркуцка.

Шматлікія песні "пад баян" выконвалі "Куранты" з Бельск-Падляскага, два "Лянкі" - з Таліна і Цюмені, "Белая Русь" з Львоўшчыны, "Світанак" з літоўскага Вісагінаса, "Надзея" з Рыгі. Пашыраным інструментальным складам (два акардэоны ды электрагітара) вылучылася "Маланка" з Бельск-Падляскага, якая працуе ў той жа фальклорна-эстраднай стылістыцы. Многія спявалі "пад мінус": "Журавінка" з Вентспілса, "Беларускія карані" з Ерэвана - з дадаткам мастацкай гімнастыкі, "Белыя Росы" з Санкт-Пецярбурга, "Паўлінка" з Ліепая, "Надзея" з Паўладара.

У гэтым моры гуртоў цудоўнае жаночае трыа "Алеся" з Талі/i/content/pi/cult/332/6043/pic_22.jpgна не толькі не згубілася, але і заззяла, бы кропля на сонцы. Кожная ўдзельніца пад час спеваў грала на якім-небудзь народным ударным інструменце, і такое выкананне быццам паяднала традыцыйную фальклорную манеру з павевамі сучаснай камернай музыкі. А як кранула эстрадная калыханка Людмілы Сінкевіч з Латвіі! Кранула ўжо адным тым, што ў ёй быў пяшчотны зварот да "дзіцяткі-беларусяняткі". Маргарыта Івануш з Кішынёва ўвогуле прапанавала песню з вядомага савецкага кінафільма, але ў перакладзе на беларускую.

Паэт Станіслаў Валадзько чытаў уласныя беларускамоўныя вершы, прысвечаныя М.Багдановічу, Пётр Капчык з Украіны - парадыйную "рэцэнзію" на балет. А завяршылася вечарына бяссмяротнай коласаўскай песняй Ігара Лучанка: "Мой родны кут" спявала Юлія Руцкая з Кыргызстана і ўсе ўдзельнікі святочнай вечарыны.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"