АБ’ЯДНАНЫЯ БЕЛАРУССЮ

№ 29 (1000) 16.07.2011 - 22.07.2011 г

10 ліпеня ў Нацыянальным мастацкім музеі адбылося сапраўднае свята — адкрыццё выстаўкі “Беларускія мастакі ў свеце”, якая з’явілася адной з важных акцый Першага Фестывалю мастацтваў беларусаў свету на ХХ “Славянскім базары ў Віцебску”. А своеасаблівым пралогам да выстаўкі стала знакамітая работа Уладзіміра Стальмашонка “Слова пра Беларусь”...

/i/content/pi/cult/332/6042/pic_18.jpg

Шмат мінчан і гасцей сталіцы ў гэты дзень /i/content/pi/cult/332/6042/pic_19.jpgпрыйшло на вернісаж. Святочны настрой панаваў не толькі ў залах музея, але і на вуліцы Леніна, куды да будынка ўстановы адзін за адным прыбывалі аўтобусы з нашымі суайчыннікамі з розных краін. Свае творы прывезлі беларусы з Расіі і Малдовы, Латвіі і Літвы, Эстоніі і Казахстана, Галандыі і Украіны, Польшчы і Кыргызстана... На выстаўцы прадстаўлены каля 40 работ розных відаў мастацтва, у тым ліку некалькі - з фондаў НММ.

На першы погляд, экспазіцыя даволі сціплая па колькасці твораў, але, як адзначыў на вернісажы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Тадэуш Стружэцкі, гэта толькі першы крок, бо такія акцыі з удзелам беларусаў замежжа стануць традыцыйнымі. У канчатковым выніку, мэта падобных выставак - падтрымаць беларускія аб'яднанні за мяжой і прадэманстраваць нам, не толькі мінчанам, але і жыхарам іншых беларускіх рэгіёнаў, творчасць землякоў, якія з розных прычын аказаліся далёка ад этнічнай радзімы.

У экспазіцыі - вельмі розныя творы: ад класічнага рэалізму да абстракцыі, ад сімволіка-алегарычных пошукаў да цікавых эксперыментаў. Да прыкладу, жывапісныя карціны М.Гаўрыловіча ў прамым сэнсе варушацца, рухаюцца і нават пяюць! Так, наш зямляк з Рыгі прыдумаў складаны механізм сінтэзу жывапісу і тэхнікі з выкарыстаннем механікі і электронікі.

Цікавыя творы прадставілі В.Ігнаценка, выхаванец Мінскага мастацкага вучылішча, і І.Лазарук - абодва з Кішынёва, растаўчанін У.Банцэвіч, народжаны на Брэстчыне, майстра вышыўкі гладдзю М.Залеўская з Казахстана, Вячка Целеш - з Латвіі, Ю.Дарашкевіч - з Канады, пецярбуржац Я.Чарнякевіч, былыя мінчане Б.Забораў, І.Цішын, А.Задорын, В.Каваленчыкава, Н.Залозная...

/i/content/pi/cult/332/6042/pic_20.jpgІ так здарылася, што нейкім сімвалічным "ключом" усёй экспазіцыі стала фігуратыўная карціна народнага мастака Беларусі Уладзіміра Стальмашонка "Слова пра Беларусь", напісаная яшчэ ў пачатку 70-х і прысвечаная беларусам - ад Ефрасінні Полацкай да Я.Купалы і Я.Коласа. Сапраўды, творчасць "летапісца зямлі беларускай" У.Стальмашонка, вядома, прысвечана роднай краіне, яе гісторыі - "адкуль мы пайшлі" - і дню сённяшняму - "хто мы цяпер ёсць". Зразумела, у кожнага часу - свае рытмы і формы, свае фарбы, свой вобраз. Густы могуць змяняцца з цягам часу: новыя пакаленні разгадваюць у мінулым яго няўяўныя калісьці рысы, бачаць мінулае з пазіцыі больш позніх перыядаў. Але хіба ад гэтага палатно "Слова пра Беларусь", з эмацыянальна-мастацкага пункта гледжання, састарэла? Зразумела, не.

Бо "гістарычнае самаадчуванне" ў Стальмашонка выяўляецца не толькі ў энергетыцы вобразаў, напоўненых складаным метафарычным пасылам, але мае і свой сапраўдны сэнс у ацэнцы маральнай пазіцыі самога аўтара і тых сапраўдных герояў беларускай зямлі, якіх ён адлюстроўвае.

Вось такім атрымаўся святочны дзень 10 ліпеня ў нашым цудоўным музеі, і, хочацца верыць, ён надоўга запомніцца не толькі нам, мінчанам, але і тым аўтарам-мастакам, хто прадставіў свае творы на этнічнай радзіме.

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"