Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Маштабны форум у Віцебску шмат у чым вызначае шляхі развіцця сучаснай культуры”

№ 29 (1000) 16.07.2011 - 22.07.2011 г

Ужо сёмы год запар пад час цырымоніі ўрачыстага адкрыцця “Славянскага базару ў Віцебску” Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ўручае ўзнагароду “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення”. Сёлета ёй уганараваны народны артыст СССР і Беларусі Ігар Лучанок, які зрабіў вялізны ўнёсак не толькі ў развіццё культуры, але і ў мірнае яднанне народаў.

/i/content/pi/cult/332/6033/pic_2.jpg- Дзякуй вам, шаноўны маэстра, - сказаў Кіраўнік дзяржавы пры ўручэнні ўзнагароды, - за ваш талент і самаадданае служэнне мастацтву!..

Ігар Лучанок, як вядома, стаяў і ля вытокаў "Славянскага базару...", шмат зрабіўшы для распрацоўкі канцэпцыі і арганізацыі першых фестываляў. Таму наступныя словы Прэзідэнта нашай краіны прызначаліся таксама і яму:

- Хачу падзякаваць пры гэтым усім, хто цягам двух дзесяцігоддзяў працуе ў імя фестывалю і штогод дорыць нам непаўторны свет прыгожага!..

Цэнтральнай жа тэмай прамовы Кіраўніка дзяржавы стала 20-годдзе Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".

"20 гадоў таму ў небе над нашай Беларуссю з'явілася новая яркая зорка, імя якой - "Славянскі базар". /i/content/pi/cult/332/6033/pic_3.jpgУзнікнуўшы як сумеснае пачынанне Беларусі, Расіі і Украіны, цудоўнае свята творчасці хутка перасягнула межы, стаўшы падзеяй сусветнага маштабу. Тут пабывалі прадстаўнікі ўсіх пакаленняў і ўсіх кантынентаў Зямлі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Напэўна, многія ўжо крыху забыліся, які цяжкі шлях давялося прайсці фестывалю. Быў жа час, калі наогул стаяла пытанне: быць ці не быць "Славянскаму базару..."? Казалі, што для камерцыйнага поспеху яго трэба перанесці на бераг цёплага мора", - нагадаў Аляксандр Лукашэнка.

"Тады мы цвёрда сказалі: не, фестывалю - быць! І быць - на беларускай зямлі. Родным домам гэтага фестывалю павінен быць беларускі Віцебск - калыска славянства, - адзначыў Прэзідэнт. - Сёння мы з поўным правам можам заявіць, што маштабны форум у Віцебску шмат у чым вызначае шляхі развіцця сучаснай культуры. Тут не толькі выступаюць найбуйнейшыя зоркі сусветнага мастацтва. Яшчэ больш прыемна, што сотні маладых артыстаў упэўнена пайшлі са сцэны гэтага амфітэатра насустрач сапраўднай славе і прызнанню".

У дні фестывалю Беларусь шчодра раскрывае душу яго ўдзельнікам і гасцям, ахвотна дзеліцца сваёй гісторыяй, багатай культурай і самае галоўнае - дабрынёй і гасціннасцю. "Мы рады вітаць не толькі гледачоў у гэтай зале, але і мільённую аўдыторыю каля тэлеэкранаў. Людзі ў розных кутках планеты атрымалі магчымасць бліжэй спазнаць і палюбіць беларускую зямлю, стаць нашымі шчырымі сябрамі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Я нярэдка задаюся пытаннем: чаму ўсё ж такі наш "Славянскі базар" такі папулярны, чаму яго так цэняць і любяць ва ўсім свеце? Думаю, перш за ўсё таму, што ён не ставіць перад выканаўцамі ніякіх штучных перашкод, дае кожнаму поўную свабоду творчасці. Дае магчымасць бліснуць самымі яркімі гранямі свайго таленту. Тут пануе павага да нацыянальнай своеасаблівасці любога народа. Ён добры, спагадлівы, наш фестываль, і заўсёды становіцца ўтульным домам для артыстаў і гледачоў. Менавіта за гэта яго і любяць", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, у "Славянскага базару..." вельмі добрая рэпутацыя. "Якія страсці ні разгараліся б за кулісамі, якія ні сутыкаліся б густы, ацэнкі заўсёды былі сумленныя і аб'ектыўныя. Фестываль ніколі не станавіўся арэнай скандалаў і закуліснай барацьбы. Так будзе заўсёды. Тут усё шчыра і адкрыта. Такі заслужаны імідж нашага фестывалю", - перакананы беларускі Лідар.

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"