Мультымедыя-замак

№ 28 (999) 09.07.2011 - 14.07.2011 г

Падарожжа па дзядзінцы

 

Для многіх турыстаў фестываль з'яўляецца добрай нагодай пазнаёміцца з мінуўшчынай і культурнай спадчынай таго горада, дзе ён праходзіць. І Віцебск - не выключэнне. Тым больш, тут сапраўды ёсць што паглядзець і пра што даведацца. Паспрыяе гэтаму і гісторыка-краязнаўчы мультымедыйны праект "Замкі Віцебска: старонкі славутай гісторыі", які ажыццявіўся дзякуючы прыватнай ініцыятыве пры падтрымцы супрацоўнікаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, выкладчыкаў кафедры гісторыі Беларусі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пятра Машэрава. А ў дні "Славянскага базару ў Віцебску" ў выставачнай зале "Духаўскі круглік" будзе дэманстравацца экспазіцыя "Праз гісторыю ў сучаснасць", прысвечаная гісторыі віцебскіх замкаў.

Першапачаткова быў аб'яўлены конкурс творчых работ, прыняць удзел у якім моглі маладыя людзі ва ўзросце ад 16 да 25 гадоў. Удзельнікі мусілі выбраць адну з трынаццаці тэм, прысвечаных гісторыі віцебскіх замкаў. Яны ахоплівалі палітычнае і ваеннае мінулае краю і яго ўплыў на лёс віцебскіх замкаў, архітэктурны і горадабудаўнічы генезіс замкавых тэрыторый, ролі разнастайных асоб у гісторыі віцебскіх замкаў, побытавыя і штодзённыя ўмовы жыцця на гэтых тэрыторыях, асноўныя заняткі замкавых жыхароў, хронікі знішчэння ўмацаванняў.

У выніку адабраныя прафесійнымі гісторыкамі найлепшыя тэксты сталі базай мультымедыйнага зборніка. Акрамя таго, арганізатары праекта "Замкі Віцебска: старонкі славутай гісторыі" змясцілі на дыску і цікавы ілюстрацыйны шэраг, відэаэкскурсіі па сучаснай тэрыторыі замкаў і 3D-мадэль аднаго з іх у пэўны момант развіцця.

Таксама ў мультымедыйным зборніку "Замкі Віцебска: старонкі славутай гісторыі" сярод конкурсных тэкстаў прадстаўлены і чатыры відэаінтэрв'ю, прысвечаныя мінуламу горада. Дзякуючы аповедам вядомых беларускіх археолагаў Ігара Цішкіна, Таццяны Бубенька, Леаніда Калядзінскага, Аляксандра Сажына, якія ў розныя часы займаліся раскопкамі на тэрыторыі Віцебска і літаральна адкрывалі для грамадства гісторыю замкаў, на экране манітора ажываюць надзвычай цікавыя моманты з гісторыі горада. Арганізатары спадзяюцца, што дадзены праект прыцягне ўвагу віцябчан і гасцей горада да славутай гісторыі шматпакутнага Віцебска, аховы яго гістарычнай спадчыны. Тым больш, зборнікі будуць бясплатна распаўсюджвацца арганізатарамі па бібліятэках, музеях, навучальных установах горада.

 К.А.