Чатыры тэмы ля калыскі імянінніка

№ 36 (802) 08.09.2007 - 14.09.2007 г

На лесвіцы сустракаюць выявы колішніх пузаценькіх аўтобусаў і тралейбусаў — транспарту, апошнія прадстаўнікі якога колькі часу таму зніклі з вуліц сучаснага Мінска. А тут ізноў маленькі ЗІЛ калясіць па старой Прывакзальнай плошчы без падземных пераходаў і рэкламных экранаў, бразджыць па зараз ужо не існуючых рэйках старэнькі трамвай, які, мабыць, яшчэ заспеў жывою сваю “прабабулю” — знакамітую конку. Так з серыі акварэльна-гуашавых работ “Грамадскі транспарт Мінска” ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі распачынаецца выстаўка Уладзіміра Шаркова “Родны мой горад...”, якая прысвечана 940-годдзю сталіцы.

 /i/content/pi/cult/128/603/4 temy1.jpg
 У.Шаркоў. “Касцёл Сымона і Алены”. (З серыі “Міражы Нямігі”).
У зале майстар гарадскога пейзажа раскрывае перад наведвальнікамі “Гарадскі альбом”, выкананы ў тэхніцы аўталітаграфіі.
Аўтар наўмысна працаваў з невялікім “альбомным” фарматам, некаторыя карціны дапрацоўваў ад рукі, што надало серыі лёгкасць накідаў і дзіцячую замілаванасць. Работы схіляюць да камернасці, іх хочацца разглядаць у адзіноце, без шумнага натоўпу аматараў жывапісу, якія прыдзірліва вывяраюць адпаведнасць кожнай рысачкі і тонаў. Падобныя адчуванні ўзнікаюць, бо “Гарадскі альбом” сугучны з сэрцам, што настальгуе па мінулым часе. Здаецца, нібы перанёсся ты на падваконнік, адгарадзіўшыся ад усяго свету непранікальнай заслонай. За шклом ціха гамоняць рэдкія кроплі дажджу, а ты перагортваеш альбом дзяцінства. Вось “Уваход у парк імя Горкага”, на якім няма яшчэ вялізных рознакаляровых літар. Разважлівае “Траецкае прадмесце” без стракатай, бы цукерачныя фанцікі, размалёўкі. “Кафедральны сабор Святога Духа”, пазбаўлены караляў ліхтароў і лавачак. Закінутая “Белая дача” ў Курасоўшчыне — некалі славуты маёнтак графа Чапскага.
Улюбёны ў мінскія скверы і завулкі, мастак у акварэлях “Мой белы горад” узмацняе эфект з дапамогай снегу. Пад белыя гурбы хавае ўсё наноснае, неістотнае. Коўдра накрывае
 /i/content/pi/cult/128/603/4 temy2.jpg

 У.Шаркоў. “Царква Пятра і Паўла”.
(З серыі “Міражы Нямігі”).

рэкламныя расцяжкі, крутыя інамаркі, сучасныя прыбудовы. “Калядная ноч Верхняга горада”, “Ружовы дзень. Куток старога Мінска” дазваляюць дакрануцца да былой, ужо стаўшай міражом, нашай сталіцы.
Глытком моцнай кавы пасля шчымлівай прагулкі па хвалях настальгіі становіцца сакавітая серыя “Міражы Нямігі”. Для Шаркова назва легендарнай ракі сталася імем агульным. Гаворачы аб Нямізе, ён распавядае аб гісторыі і легендах старажытнага Мінска.
Разгледзеўшы некалькі дзесяткаў выяў горада, можна з лёгкасцю прачарціць улюбёныя маршруты мастака: касцёлы і храмы з розных ракурсаў, панарамы з розных пунктаў гледжання Свіслачы, Верхні горад і Траецкае прадмесце зімой і ўлетку. На жаль, у старажытным Мінску так мала засталося сапраўды гістарычных мясцін...

Настасся ПАНКРАТАВА