Акадэмія для геніяў

№ 28 (999) 09.07.2011 - 14.07.2011 г

Гэты містычны дом па віцебскай вуліцы газеты “Праўда”

 

Мемарыяльная шыльда сведчыць, што ў гэтым будынку знаходзіліся Вышэйшае народнае мастацкае вучылішча (1918 - 1920 гг.), майстэрні УНОВИС (1920 - 1922 гг.), Вольныя мастацкія майстэрні (1920 - 1922 гг.), мастацка-практычны інстытут (1922 - 1923 гг.). А яшчэ Марк Шагал марыў стварыць тут акадэмію для мастакоў. На жаль, не ўсе мары здзяйсняюцца пры нашым жыцці. Тут, дзе калісьці разам з Шагалам "зацвярджалі" новае мастацтва Эль Лісіцкі, Вера Ермалаева, Казімір Малевіч, пэўны час месціўся вылічальны цэнтр гарадской архітэктурнай службы. Тым не менш, творчая "біяграфія" будынка па віцебскай вуліцы газеты "Праўда" (колішняй Уваскрэсенскай) менавіта сёння займела свой працяг.

Справа ў тым, што днямі дом, пры непасрэднай падтрымцы абласных і гарадскіх улад, перайшоў на баланс аддзела культуры Віцебскага гарвыканкама і неўзабаве стане своеасаблівым філіялам Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва. Ужо ў верасні бягучага года віцебскія мастакі збяруцца ў мясцовай майстэрні.

 Пра мару Шагала мне распавёў дырэктар ЦСМ Андрэй ДУХОЎНІКАЎ, мастак, ініцыятар і арганізатар шматлікіх творчых акцый. Шагал, маючы мандат ад Луначарскага на "творчыя паўнамоцтвы" і затоенае жаданне стварыць мастацкую акадэмію, пачаў шукаць адпаведны будынак. Ім аказаўся асабняк па Уваскрэсенскай, што прыналежаў калісьці Ізраілю Вольфавічу Вішняку. Асабняк нацыяналізавалі, і ў яго распачалося новае творчае жыццё. Менавіта тут была створана віцебская мастацкая школа, што ўразіла свет новымі фарбамі. Дарэчы, фарбу для мастакоў Марк Шагал таксама нацыяналізаваў, ушчэнт абяздоліўшы мясцовых рабацяг-маляроў.

 Шагалу, перакананы Андрэй Духоўнікаў, дапамаглі апантанасць і рэвалюцыя. Хлопчык з беднай яўрэйскай сям'і захацеў адчуць творчую асалоду ад рэалізацыі рэвалюцыйнай ідэі пра роўныя магчымасці, ад акумуляцыі менавіта ў прыфрантавым Віцебску неверагодных па патэнцыяле мастацкіх сіл. Марк Шагал быў ідэалістам. Ён палымяна і самааддана жадаў, каб новая мастацкая акадэмія ўзнікла не ў Маскве, не ў Санкт-Пецярбургу, а менавіта ў правінцыйным Віцебску. І ўтульны дом на Уваскрэсенскай даў прытулак сапраўдным геніям. Сярод вучняў былі і падлеткі, і сталыя творцы ва ўзросце за 60 гадоў. А выкладчыкі не толькі працавалі ў гэтым доме, але і жылі тут са сваімі сем'ямі. У адным з пакояў нарадзілася, да прыкладу, дачка Малевіча. Цудоўна захаваліся ўваходныя дверы, нават - кабінет Марка Шагала, з балкона якога адкрываецца від на віцебскі зялёны дворык...

У чым таямнічасць, сакральнасць, нават містычнасць гэтага дома? Хаця б у тым, што пад час вайны літаральна ўся вуліца была знішчана, а будынак вучылішча застаўся, прынамсі, фасад ніяк не пашкодзіўся. Дух высокага віцебскага мастацтва, якое і язык не павернецца назваць правінцыйным, застаецца невынішчальным.

 Сем гадоў ішло змаганне за гэты будынак. На сёння ўжо існуе акт аб яго перадачы на баланс аддзела культуры гарвыканкама і, адпаведна, - Цэнтра сучаснага мастацтва. Як жа будзе выкарыстоўвацца дом па вуліцы газеты "Праўда"?

- Ідэй вельмі шмат,- кажа дырэктар ЦСМ Андрэй Духоўнікаў. - Найперш створым там шматфункцыянальны музейны комплекс з мемарыяльнымі пакоямі, карціннай галерэяй і творчай майстэрняй для маладых віцебскіх мастакоў...

Мэта ЦСМ, як перакананы яго кіраўнік,- працяг традыцый віцебскай мастацкай школы, развіццё нацыянальнага беларускага мастацтва. І дом па вуліцы газеты "Праўда", дзе неўзабаве распачнецца капітальнае аднаўленне, адыграе ў гэтым працэсе адну з немалаважных роляў. Як і больш за 90 гадоў таму.

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"