Алена з характарам

№ 28 (999) 09.07.2011 - 14.07.2011 г

Спеўная матэрыялізацыя думкі

На нашу сустрэчу Алена ЛАНСКАЯ, якая сёлета прадставіць Беларусь на Міжнародным конкурсе "Славянскага базару ў Віцебску", прыляцела з заняткаў па англійскай мове. Улічваючы, што пры падрыхтоўцы да гэтага буйнога форуму салістка была вымушана адмовіцца ад многага (і ад шэрагу канцэртаў, якіх у яе заўсёды шмат, і нават ад паступлення, бо ўступныя іспыты ў ВНУ культуры традыцыйна прыпадаюць акурат на фестывальныя дзянькі), натуральна, узнікла пытанне:

 - Алена, авалоданне англійскай мовай - адзін са складнікаў падрыхтоўкі да "Славянскага базару..."?

- Пра тое, што менавіта я буду ўдзельнічаць у гэтым конкурсе, стала вядома толькі тры месяцы таму. Англійскай жа мовай я займалася і раней. Увогуле, усё гэта- частка крыху іншага плана. Асабістага. Вось, глядзіце, у маім штотыднёвіку на бягучы год на апошняй старонцы ёсць заданні для сябе самой. Першае - дасканала авалодаць англійскай мовай. Другое- паступіць у Акадэмію мастацтваў (я там нават падрыхтоўчыя курсы па акцёрскім майстэрстве наведвала) ці ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Сёлета ад гэтага пункта давялося адмовіцца, але ён папросту пераносіцца на наступны год. Нарэшце, трэцяе- прайсці конкурс на "Славянскі базар у Віцебску". Як бачыце, трэба, мабыць, папраўдзе занатоўваць свае думкі, каб яны матэрыялізаваліся. Нават калі не верыць ва ўсялякую містыку, гэтаму ёсць вельмі простае тлумачэнне. Запісваючы, чалавек дакладна фармулюе сваю мэту.

- Вы так гучна і безапеляцыйна зачынілі штодзённік, а, між тым, маё вока паспела "схапіць" яшчэ адзін пункт. Там было: "Перамагчы на "Славянскім базары..."? Ці, можа, штосьці асабістае? - Вельмі асабістае. - Выйсці замуж?

- Пахудзець на два кілаграмы.

- А навошта? На фігуру не вам скардзіцца...

 - Чаму ж? Кожны павінен быць такім, якім ён падабаецца, найперш, сабе самому. Прыйшоўшы ў прадзюсарскі цэнтр, я адразу скінула дзесяць кілаграмаў. З аднаго боку, параілі: тэлеэкран, як вядома, ужо сам па сабе дадае кілаграмаў пяць, калі не больш. З іншага, мне самой так больш камфортна: здаровае харчаванне, фітнес, танцы. Адчуваеш лёгкасць у целе, а з ёй- і асаблівую лёгкасць на пад'ём, дадатковую актыўнасць, жаданне ўсёўсё здзейсніць! У жыцці столькі неспазнанага - як жа не паспрабаваць! Сёлета мяне ўпершыню запрасілі на ролю вядучай. Хацелася б прадоўжыць, але пакуль далейшыя такія прапановы даводзілася адхіляць: зноў-такі, з-за падрыхтоўкі да конкурсу. Тым жа дайвінгам хачу заняцца (пад вадой столькі цікавага!), толькі часу не стае. Калі ўдзельнічала ў шоу "Цудоўная сямёрка", давялося і каньковы ход засвоіць, і біятланісткай стаць. Раней не асабліва сябравала з лыжамі, а тут - навучылі, дый стралковы талент выпадкова ў сабе адкрыла.

- У вашых інтэрв'ю неаднойчы чытала, што вы, маўляў, і цвік забіць можаце, і кран, калі трэба, пачыніць. Бо бацькі чакалі хлопчыка, нават імя далі: Алёша. Атрымалася ж- Алена, ды - з мужчынскім характарам... Адпаведна, і райдэр у Алены Ланской далёка не самы мудрагелісты?

- Сапраўды, усё, што мне патрэбна, гэта, найперш, крыху часу перад выступленнем, каб акустыку паспрабаваць. І каб сканцэнтравацца, настроіцца. А для гэтага- кубачак гарачай гарбаты, і каб у грымёрцы былі хаця б люстэрка і прас. Здараецца, прыязджаеш, а табе кажуць: мы пра вас ніколі не чулі... А як заспяваеш, дык пасля кажуць: "Ой, дык мы, аказваецца, усе вашы песні ведаем: па радыё часта чуем. Але чаму там не аб'яўляюць, хто выступае? Проста круцяць песню за песняй - без каментарыяў, дзе - чые..."

 - Што ж, на вашу думку, трэба, каб стаць зоркай?

 - Лепш задайце гэтае пытанне, скажам, Але Пугачовай. Яна мае поўнае права на яго адказваць, таму што сама - сапраўдная зорка, зусім не "лакальнага" маштабу. Яе ведаюць некалькі пакаленняў, і тое, што яна ўнесла ў развіццё ўсёй савецкай і постсавецкай эстрады, яшчэ патрабуе свайго асэнсавання. Неяк пераслухала яе дыскі - такая разнастайнасць музычных стыляў, закранутых тэм, спеўных манер!

 - Ваш шлях да фестывальна-конкурсных вяршыняў наўрад ці назавеш простым, хаця ўласна кар'ера пачыналася даволі кульмінацыйна - з удзелу ў адным з канцэртаў "Славянскага базару-2005". А дагэтуль - дзяцінства і юнацтва ў Магілёве, тамтэйшы прафесійна-тэхнічны каледж фінансаваэканамічнага профілю, праца касірам у банку, Магілёўскі беларуска-расійскі ўніверсітэт па спецыяльнасці "фінансы і крэдыт"... І гэта прытым, што спявалі вы заўсёды і паўсюль!

 - Але артысткай сябе не ўяўляла. У 9-м класе вырашыла, што стану ветэрынарам.

 - Чаму ж з ветэрынарыяй не склалася? Кажуць, большасць мільянераў у свеце- менавіта сярод Дзеваў. Таму, мабыць, і пацягнула "лічыць грошы

- Ой, а гэта праўда? Ну, пра мільянераў. Упершыню чую! Але трэба будзе задумацца... Што ж да ветэрынара, дык туды прымалі пасля 11-га класа, а мне так хацелася хутчэй змяніць абставіны! Дый бацькі хацелі, каб я мела нейкую "рэальную", на іхні погляд, прафесію. Можа, той крок насамрэч аказаўся лёсаносным? Бо ў каледжы быў ВІА "Дружбакі і сяброўкі", кіравала ім Ала Агаркава. Там я сустрэлася з Іванам Буслаем - цяпер таксама салістам нашага прадзюсарскага цэнтра. Так што туды мяне нібыта падштурхнулі, і вось цягам ужо шасці гадоў я займаюся эстрадай прафесійна.

 - За гэты час вы зведалі шэраг бліскучых конкурсных перамог: Балгарыя, Украіна, Расія, ЗША

- Пяць конкурсаў - бы пяць прыступак. На кожнай з іх - багаты неацэнны вопыт, спаборніцкі і ўласна прафесійны. У той жа Амерыцы трэба было, найперш, чымсьці здзіўляць, быць непрадказальнай, акцэнтаваць акцёрскія даныя. І я падрыхтавала тры абсалютна разнапланавыя песні- тры супрацьлеглыя вобразы. На "Славянскім базары..." цэніцца вакал, да гэтага конкурсу трэба "дарасці", таму і рэпертуар туды павязу больш сур'ёзны: "Неба ведае" Леаніда Шырына і Вольгі Рыжыкавай, "Белая ластаўка" Уладзіміра Кандрусевіча і Вольгі Болдыравай.

- Для лёсавання абрана песня больш гуллівая - "Малады і нежанаты" Васіля Раінчыка і Леаніда Пранчака, ды яшчэ з рэпертуару Анжалікі Агурбаш. Не баіцеся параўнанняў?

- Гэтую кампазіцыю я ўяўляю сабе інакш, не буду імкнуцца стаць "другой Агурбаш". І тым лепш! Бо любыя музычныя творы, уключаючы песні, жывуць усё новымі выканальніцкімі версіямі. Дарэчы, у такім індывідуальным падыходзе да трактоўкі мне вельмі дапамагла праца над мюзіклам "Байкер" Уладзіміра Кандрусевіча. І асабліва - рэжысёр Генадзь Давыдзька, які шмат чаго раіў кожнаму з удзельнікаў спектакля.

- У "Байкеры" вы бліскуча ўвасобілі Джэні- спачатку сарамлівую дзяўчыну, сутыкненне якой з шоу-бізнесам заканчваецца трагічна. Але асаблівасць працы над пастаноўкай была ў тым, што літаральна да апошняга ніхто дакладна не ведаў, якую менавіта партыю яму давядзецца выконваць: акрамя Джэні, вы рыхтавалі яшчэ і Ірыну - больш сталую гераіню, здольную на самаахвярнае каханне...

 - Сёння, мабыць, я магла б сыграць і яе, бо стала больш мудрай, перажыла ўласныя пакуты і расчараванні.

- Вы супастаўлялі тыя ролі з уласным лёсам? Часам артысты так "уваходзяць" у скуру свайго персанажа, што потым бывае цяжка выйсці...

 - У мяне - наадварот. Джэні была ўсяго толькі тэатральнай роляй. Але "прымерка" гэтага вобраза на сябе шмат чаго дала мне ў жыцці. Я раптам уцяміла не ў тэорыі, а на практыцы, як цяжка цалаваць без сапраўднага кахання. Майго "д'ябла-спакушальніка" іграў Іван Вабішчэвіч - Дзядзька Ваня, мара многіх дзяўчат. Паводле сцэнарыя, мы павінны былі працягла цалавацца. Хаця існуюць спецыяльныя артыстычныя прыёмы, што імітуюць выяўленне асабістых пачуццяў, мы абодва неяк саромеліся, доўга прыглядаліся адно да аднаго. Чым не дадатковы жыццёвы вопыт, пачэрпнуты з тэатра? А вось песні- тыя патрабуюць, каб я пераносіла на іх усё, што назапасіла ў жыцці. Асабліва востра я гэта ўсвядоміла, калі рыхтавала свой першы сольнік. Ён адбыўся сёлета ў сакавіку, у родным Магілёве. Паўнюткая зала Палаца культуры дзяцей і моладзі, надзвычай цёплая энергетыка залы, бо прыйшлі ўсе тыя, хто сапраўды пільна сачыў за маёй спеўнай кар'ерай, хваляваўся, дапамагаў, радаваўся кожнаму кроку. У фінале ўся зала вітала мяне стоячы. Але за той адзін канцэрт я быццам пражыла безліч розных жыццяў і жаночых лёсаў - столькі, колькі было песень. Дый любое выступленне, нават з адной песняй,- заўсёды крыху справаздача перад самім сабой.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"