Што можна “ажывіць”?

№ 28 (999) 09.07.2011 - 14.07.2011 г

Крок вобраза ў напрамку да гледача

Вернісаж аднаго з найярчэйшых пунктаў выставачнай праграмы сёлетняга "Славянскага базару ў Віцебску" адбудзецца акурат у Дзень Беларусі. І гэта не выпадковае супадзенне: у залах Віцебскага мастацкага музея гледачы здолеюць убачыць тых самых артыстаў, якія ўвечары выйдуць на сцэну Амфітэатра. Але ж на выстаўцы "Ажылыя карціны" яны паўстануць у зусім новых, часта вельмі нязвыклых для іх вобразе ды амплуа. Праект Вольгі Смаляк па "ажыўленні" палотнаў свайго мужа - мастака Андрэя Смаляка запатрабаваў больш за год напружанай працы. У Віцебску ён упершыню будзе прадстаўлены поўнасцю: 50 арыгінальных карцін плюс столькі ж іх не менш арыгінальных "пераўвасабленняў".

 - Толькі што вось скончылі нацягваць палотны, - з парога майстэрні паведаміла мне Вольга СМАЛЯК. - Прычым мы з Андрэем рабілі гэта ўласнаручна: праца надта адказная... А праз якую хвіліну прыедзе машына, якая забярэ на выстаўку апошнюю частку работ...

Мне давялося ўбачыць іх ці не першаму - яшчэ непасрэдна ў майстэрні. Партрэты колераў, густоўна ўвасобленыя акцёрамі Тэатра сучаснай харэаграфіі "D.O.Z.SK.I" (які, дарэчы, возьме ўдзел як у вернісажы, так і ў закрыцці сёлетняга "Славянскага базару..."), яны выявілі цікавы этап эвалюцыі праекта: аказваецца, "ажывіць" можна нават абстрактныя работы.

Такая банальная дзея, як пагрузка, гэтым разам здавалася нейкім гістарычным момантам, сімвалічнай фінальнай кропкай. І калі машына рушыла ў напрамку Віцебска, творчы тандэм змог, урэшце, перавесці дыханне ды выпіць кавы. За круглы стол, што стаіць у майстэрні, быў запрошаны і карэспандэнт "К".

- Пра задуму "ажыўлення" карцін мне даводзілася чуць ад вас яшчэ некалькі гадоў таму...

 Вольга СМАЛЯК: - Карціны Андрэя ў маім уяўленні нібы самі сабою ператвараліся ў жывыя вобразы, здатныя дыхаць і рухацца. Таму атрымаўшы ад аднаго часопіса прапанову зладзіць такі праект, адразу ж за яго схапілася, нават тады і не ведаючы, чаго гэта будзе каштаваць! Неўзабаве той часопіс зведаў нялёгкія часы, грашовы струменьчык "звонку" перасох... Але ж гэтым нас было ўжо не спыніць. І я зусім не шкадую пра тыя нашы ўласныя сродкі, якія былі патрачаны. Хтосьці ўкладае грошы ў дарагія рэчы, а мне куды больш падабаецца ўкладаць іх ва ўласны праект. Натуральна, гэта тычыцца таксама і часу ды высілкаў.

- Але ж Андрэй мог бы правесці гэты час у майстэрні за мальбертам...

 Андрэй СМАЛЯК: - А і без таго праводжу тут большасць свайго часу. Магчыма, людзям, якія бачаць мяне толькі на свецкіх раўтах, у гэта цяжка паверыць, але так яно і ёсць. Сапраўды, праект запатрабаваў ад мяне вельмі шмат сіл. Аднак аддаючы, я адначасова і набываў нейкі новы мастацкі досвед. Скажам, была нагода трохі ўдакладніць сваё разуменне формы і колеру.

- Назіраючы за вамі на здымачнай пляцоўцы, мог сам пераканацца, наколькі гэта датклівая і цяжкая праца. Асабліва калі грунтоўна ўнурвацца ва ўсе яе нюансы і дэталі- як вы, зрэшты, і робіце...

В.С.: - Верце або не, але ж мы ўзяліся за гэты праект зусім не дзеля таго, каб нешта камусьці давесці альбо "прапіярыцца", - намі рухала выключна ўлюбёнасць у тое, што мы робім. І гэтае пачуццё было настолькі моцным, што яно запальвала іншых людзей - тых, з кім мы сталі адной камандай. Праект аб'яднаў цэлую абойму сапраўдных прафесіяналаў, заўзятараў сваёй справы... Што да цяжкасцей... Так, іх не бракавала. Бывала, што заўтра - здымкі, а ты не ведаеш, чым разлічвацца з людзьмі. І ўсе ўдзельнікі нашай каманды ставіліся да такіх выпадкаў з разуменнем. Сёння знаходзіць грошы пад гэты праект мне і праўда прасцей, бо ён ужо як бы "выйшаў на арбіту". Нас ведаюць, нам давяраюць... Але гэта дасягаецца не адразу.

 - Напэўна, Вольга здатная зладзіць добры майстар-клас па фандрайзінгу ў сферы культуры і мастацтва - балазе сёння ён актуальны надзвычайна...

В.С.: - Мой самы галоўны прынцып у бізнесе - зрабіць у дзесяць разоў болей, чым спонсары ад мяне чакалі. Бо супрацоўніцтва зазвычай развіваецца паэтапна: наіўна думаць, што хтосьці адразу падахвоціцца задаволіць усе вашы фінансавыя патрэбы. Бізнесмены спярша выдаткоўваюць адзін невялічкі "транш", а потым прыглядаюцца, што з гэтага атрымалася. І наступны "транш" вы атрымаеце толькі ў тым выпадку, калі яны застануцца задаволенымі супрацоўніцтвам.

- Да ўздзелу ў праекце вы запрасілі беларускіх знакамітасцей...

 В.С.: - Бываючы ў Італіі, я шчыра здзіўляюся таму, з якім піетэтам жыхары гэтай краіны ставяцца да ўласных знакамітасцей. Яны там - папраўдзе нацыяльны гонар для кожнага. Лічу, сваім трэба ганарыцца, яго трэба любіць і ўсяляк узвялічваць. Уласна, гэта і з'яўляецца задачай праекта "Ажылыя карціны".

 - Ці ўзнікала ў вас часам расчараванне ўжо непасрэдна на здымачнай пляцоўцы?

В.С.: - Ніводнага разу! Наадварот, запрошаныя заўсёды пераўзыходзілі нашы чаканні. Узяць таго ж Максіма Мірнага: ніколі не думала, што гэта такі прыгожы і харызматычны чалавек. Або Анатоль Ярмоленка: гэтага мэтра ведае ў твар, мусіць, кожны беларус, але... Ні я, ні хто іншы не бачыў яго такім, якім ён паўстаў "у вобразе". Напэўна, нават "Сябры" не здолелі раскрыць тыя грані гэтай бязмерна глыбокай натуры, што раскрылі мы! І такім адкрыццём была літаральна кожная наша фотасесія. Студыю ўсе пакідалі шчаслівымі ды задаволенымі.

 - А па якім прынцыпе выбіраліся ўдзельнікі: знешняе падабенства, дасягненні, асабістыя сімпатыі?

А.С.: - Знешняе падабенства - гэта апошні фактар.

В.С.: - Самае важнае - менавіта нейкая ўнутраная роднасць паміж вобразам ды жывым чалавекам. І працуючы ў ролі своеасаблівых рэжысёраў, мы з Андрэем імкнуліся максімальна яе выявіць ды раскрыць. Натуральна, гэта далёка не першая ў свеце спроба ажыўлення карцін, але ж ад усіх папярэдніх яе адрознівае тое, што "матэрыялам" для дадзенага праекта паслужылі творы менавіта мастака-сучасніка.

А.С.: - Згадайма Эндзі Уорхала, на якога працавала цэлая фабрыка, і да многіх сваіх твораў ён амаль і не дакранаўся. Але ж іх ідэі ды пасылы зыходзілі менавіта ад яго, ён дбайна кантраляваў і тое, што атрымлівалася ў выніку, ставячы свой подпіс шарыкавай ручкай. І гэты подпіс - нібы ўдыханне аўтарства!

- Але ж няўжо вам не хапае для самавыяўлення ўласна жывапісу?

 А.С.: - Гэты праект - такая самая творчасць, як і жывапіс, хіба што тэхналогіі трохі іншыя. Праца многіх людзей, спалучаная разам, прыводзіць да з'яўлення не копіі карціны, але абсалютна новага твора - натуральна, прапушчанага праз аўтарскую прызму, як у тым самым выпадку з Эндзі Уорхалам. Ёсць тыя нюансы, якія дакладна магу адчуваць толькі я: скажам, нейкія амаль няўлоўныя колеравыя адценні... Каб вы ведалі, колькі мне трэба часу, каб выбраць з сотняў варыянтаў здымка адзін! Але без уліку гэтых нюансаў атрымаецца не мастацкі твор, а звычайнае "фота ў касцюме".

В.С.: - Галоўнае, што праект дае людзям праявіць сябе. Я маю на ўвазе не толькі членаў нашай групы. Дзякуючы аднаму з інтэрнэт-парталаў у ажыўленні карцін можа прыняць удзел кожны ахвотны. А які поспех меў конкурс, аб'яўлены ў Нацыянальным гістарычным музеі на Ноч музеяў! Людзі адмыслова для яго шылі сабе шыкоўныя строі, апранулі іх, нягледзячы на дождж... І- атрымалі магчымасць выйсці на сцэну поруч з зоркамі.

А.С.: - Мы заўсёды імкнёмся да таго, каб кожны чалавек мог адчуць сябе мастаком. І нават калі нашы намаганні звярнулі да такой творчасці ўсяго дзесяць чалавек - значыць, мы працавалі не дарэмна. Але ж такіх людзей значна больш... Для мяне галоўная мэта мастацтва - захапіць ім самыя шырокія колы людзей, каб зрабіць іх лепшымі...

 В.С.: - У нашых планах - не толькі новыя серыі "ажыўленых карцін" (у другой частцы праекта возьмуць удзел зоркі класічнай музыкі, балета, цырка, а трэцяя, спадзяюся, будзе міжнароднай: мы ўжо вядзём перамовы з Монікай Белучы!), але таксама і іх выхад у гарадскую прастору- скажам, у выглядзе вулічных бігбордаў ці банераў.

 А.С.: - "Ажылыя карціны" - гэта адзін са сродкаў прыцягнення ўвагі людзей да таго самага жывапісу, з якога праект, уласна, і пачынаўся. Завабіць шырокую публіку ў музей, дзе выстаўляецца, натуральна, не толькі Смаляк. Крок вобраза па-за межы палатна - гэта крок у напрамку да гледача.

 Ілля СВІРЫН

На здымках - удзельнікі праекта, што сёлета выступаюць на "Славянскім базары...": Анатоль Ярмоленка з Вольгай і Андрэем Смалякамі ды іншымі героямі фотасесіі пасля "пераўвасаблення"; летуценны Даніла Казлоў; Ларыса Грыбалёва прымерыла пуанты; акцёры тэатра "D.O.Z.SK.I." ўпісаліся ў колеравую гаму новага праекта мастака.