Пра час — і пра нас

№ 28 (999) 09.07.2011 - 14.07.2011 г

Мінуў час, калі гала-канцэрты закрыцця “Славянскага базару ў Віцебску” былі гэткім “рэверансам” пасля асноўнай дзеі ды складаліся з мазаічнага чаргавання ўдзельнікаў. За гады свайго існавання фестываль стаўся сапраўднай “кузняй” не толькі спеўнага, але і рэжысёрскага майстэрства, накіраванага на пошук адметнай канцэпцыі і сінтэзу мастацтваў. Сёлета фінальную ўрачыстасць увасабляе Марына РАМАНОЎСКАЯ — рэжысёр не проста беларускі, а яшчэ і віцебскі, з адметным творчым мысленнем, выхаваным, у тым ліку, на еўрапейскім мадэрне:

 

- Пра любы канцэрт,- кажа Марына Генадзьеўна, - лепш казаць ужо пасля яго заканчэння, калі бачна, што - атрымалася, а што, можа не. Ды і каб не сурочыць! Бо адказнасць - найвялікая: фестываль, да ўсяго, юбілейны! Раздумваючы над канцэпцыяй, я якраз і зыходзіла з юбілейнай тэматыкі. Што такое юбілей? Гэта ж не толькі свята, а яшчэ і, хочаш ці не, "справаздача". 20 фестываляў, прычым штогодніх, без перапынку на "адпачынак", - гэта нейкая "адмеціна" на лёсе ўсіх, хто прымаў у іх удзел, і на лёсе краіны. У юбілей заўсёды з асаблівай кранальнасцю ставішся да часу. Не ў тым прагматычным сэнсе, што, маўляў, на падрыхтоўку часу не хапае, - не: у шырокім філасофскім разгорце.

Юбілей - гэта, найперш, час. Прычым адзначаны вельмі дакладна! Гэтую тэму Часу, яго хуткаплыннасці і, адначасова, вечнасці мне і хацелася ўзняць у канцэрце закрыцця. Не хочацца раскрываць усіх сакрэтаў, але вы ўбачыце і новых вядучых, і спецыяльна падрыхтаваныя да гэтага канцэрта нумары. А ўжо як атрымаецца - давайце абмяркуем пасля...