Рэпетыцыя з аркестрам

№ 28 (999) 09.07.2011 - 14.07.2011 г

Рэпартаж у тэмпе “першага спаткання”

 

20-ы фестываль, 20-ы конкурс і дваццатка ў д з е л ь н і к а ў м і ж н а р о д н а г а конкурсу выканаўцаў эстраднай песні з 20-ці краін... Заўтра пад час лёсавання мы даведаемся, хто з іх пад якім нумарам выйдзе на сцэну Летняга амфітэатра ў Віцебску, дзе і разгорнецца, паводле традыцыі, галоўная інтрыга "Славянскага базару ў Віцебску". Пакуль жа - толькі рэпетыцыі. 6 ліпеня канкурсанты ўпершыню сустрэліся з Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі і яго кіраўніком - народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам.

Гэтай сустрэчы, як заўсёды, папярэднічала вялікая праца. Кожны з канкурсантаў даслаў запіс песні, саліст аркестра - заслужаны артыст Беларусі Уладзімір Ткачэнка зрабіў аранжыроўкі кампазіцый, потым музыканты развучвалі партыі, рэпеціравалі самастойна, па групах і разам - і вось, нарэшце, "першае спатканне".

 Нягледзячы на дождж за вокнамі і цеснату рэпетыцыйнай залы, дзе, акрамя аркестра, сабралася больш як чатыры дзясяткі гасцей (кожны канкурсант - са сваім "суправаджэннем"), атмасфера пануе надзвычай цёплая і добразычлівая. Пра тое, наколькі сур'ёзна ставіцца міністр культуры Беларусі Павел Латушка да сваёй ролі старшыні журы конкурсу, сведчыць ужо тое, што ён таксама наведаў рэпетыцыю. А ў перапынку звярнуўся да канкурсантаў са словамі прывітання: спачатку - па-руску, потым - па-англійску:

- Хацелася б пажадаць, каб, акрамя ўдзелу ў конкурсе, вы маглі б больш блізка пазнаёміцца з нашай дзяржавай, з цудоўным старадаўнім горадам Віцебскам. Я зайздрошчу вам, бо вы будзеце спяваць разам з найлепшым калектывам нашай краіны- Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам на чале з найлепшым дырыжорам- Міхаілам Якаўлевічам Фінбергам. Упэўнены, вы атрымаеце сапраўдную асалоду ад гэтага супрацоўніцтва...

Для самога маэстра перапынку практычна не было: ягоная гарбата так і засталася недапітай. Бо ў той час, як праветрывалі памяшканне і большасць прысутных, скарыстаўшы ўсмешлівае сонейка, пацягнулася на вуліцу, да Міхаіла Якаўлевіча выстраілася цэлая чарга. Канкурсанты ўносілі тыя або іншыя ўдакладненні, прасілі тое-сёе змяніць у выкананні. Маэстра ўважліва ўсіх выслухваў, унікаў у кожную дробязь, даваў свае парады:

- Калі вы настойваеце, мы так і зробім. Але, паверце мне, гэта будзе горш. Я наўмысна зняў гэты такт аркестравага пройгрышу, бо ён быў тут не патрэбны: ірвалася фраза, парушалася агульная драматургія. Давайце лепш зробім вось так...

На падобных рэпетыцыях музыканты часта ўдакладняюць тэмп. Тут жа тэмп выстаўляўся па тых запісах, якія дасылалі ўдзельнікі. І не проста "па памяці", а з улікам метранома, дзе дакладна фіксавалася хуткасць руху.

Андрэя Жыманева са Славакіі вырашыла спяваць з аркестрам уласную кампазіцыю. І канчатковыя праўкі ўносіла ў яе непасрэдна на рэпетыцыі: папрасіла дырыжора дадаць у фінале яшчэ восем тактаў. Маэстра пагадзіўся, даў указанні музыкантам - і ў песні атрымаўся падвойны фінал, дзе спявачка быццам спаборнічае з саксафонам.

Калі пад час выканання Міхаіл Фінберг быў максімальна лаканічным, сканцэнтраваным адно на музыцы, дык пасля рэпетыцыі знайшоў для канкурсантаў свае адметныя словы, абсалютна кожнага ўхваліўшы за тое, што ўяўлялася найбольш выйгрышным у ягоным выкананні. Звярнуўся ён і да ўсіх разам - літаральна з бацькоўскім клопатам:

- Дарагія сябры! Надвор'е ў Беларусі - зменлівае, не апранайцеся, бы на пляж, сачыце за сваім здароўем. І добра сілкуйцеся! Я вас вельмі прашу: не хварэйце! Ва ўсім астатнім- звяртайцеся да мяне, дапамагу. Калі трэба каму будзе, дадамо рэпетыцыю, вырашым іншыя праблемы. Памятайце: не трэба намагацца адразу выкласці ўсё, на што здольныя, - лепш пакінуць моц голасу на самі конкурсныя праслухоўванні. Дый пад час выступлення галоўнае - паказаць, як вы адчуваеце песню, наколькі асэнсоўваеце яе змест. Гэты конкурс - менавіта спеўны, таму на ім вельмі важна не проста "крычаць", а чыста і акуратна даводзіць інтанацыю. Я хачу, каб мы з вамі пасябравалі, каб сустракаліся і пасля фестывалю - і супрацоўнічалі...

Не хавалі эмоцый і канкурсанты.

 - Вельмі добра, - падзялілася думкамі італьянская спявачка Джэні Чацці,- што фінал конкурсу праходзіць у суправаджэнні аркестра. У Італіі гэта, на жаль, не практыкуецца. У вас такія выдатныя музыканты, цудоўны калектыў, спяваць з ім - адно задавальненне!..

 - Ваш конкурс вельмі папулярны,- дадаў 18-гадовы прадстаўнік Арменіі Нарэк Макаран, - заўсёды хацеў на яго трапіць. Але гэта не так проста! Міністэрства культуры нашай краіны праводзіла адбор - і вось я ў вас...

- Збылася мая даўняя мара! - далучаецца Тахміна Ніязава з Таджыкістана. - Я проста на сёмым небе ад шчасця! Бо прадстаўляю сваю краіну менавіта на юбілейным, ХХ "Славянскім базары..."! Сёлета мая радзіма святкуе, як і Беларусь, 20-годдзе Незалежнасці. І мае песні- гэта мой падарунак да гэтага грандыёзнага свята!..

 - Я такая шчаслівая, што трапіла ў Беларусь! - з усёй палкасцю выпаліла кубінка Аніс Батыста. - У вас так гасцінна сустракаюць! Адчуваю сябе, быццам дома. Дарэчы, на Кубе я ўдзельнічаю ў праекце "Славянскія галасы", дзе вучаць спяваць па-руску. Ён дзейнічае ўжо шэсць гадоў, і ахвотных трапіць на "Славянскі базар у Віцебску" так шмат, што ў лістападзе з дапамогай вашага пасольства будзем ладзіць свой, хай і зусім маленькі ў параўнанні з вашым, фестываль, - "Славянскі базар на Кубе"...

Латвійскі спявак Дайніс Скутэліс для выканання з аркестрам абраў песню "Зачараваная" Ігара Лучанка з рэпертуару "Песняроў":

- Гэта песня такая прыгожая! Яна і сама- зачароўвае. Збіраючыся на конкурс, я хацеў выканаць у вас менавіта вашу, беларускую, песню, хаця раней ніколі на гэтай мове не спяваў. Каб на чымсьці спыніцца, пераслухаў шмат, але гэтая кампазіцыя, у выкананні "Песняроў", зачаравала мяне адразу! І больш не адпускае...


Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"