Ігар ЛУЧАНОК, народны артыст СССР, народны артыст Беларусі: “Не міф, а рэальнасць!..”

№ 28 (999) 09.07.2011 - 14.07.2011 г

З кожным годам на Алеі зорак у Амфітэатры на адно імя становіцца больш. Гэта імёны тых, хто на канцэрце адкрыцця “Славянскага базару ў Віцебску” ўганароўваецца спецыяльным прызам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення”. На юбілейным фестывалі такога гонару ўдастоены народны артыст СССР, народны артыст Беларусі, старшыня Беларускага саюза кампазітараў Ігар ЛУЧАНОК.

 

- Гэты прыз - глыбока сімвалічны, - разважае Ігар Міхайлавіч. - Мір і ўзаемаразуменне - вось тыя асноўныя рэчы, на іх трымаецца свет. Мастацтва ж спрыяе гэтаму нават больш за палітыку. А музыка - увогуле не патрабуе перакладу. Таму "Славянскі базар у Віцебску", што яднае вакол музыкі розныя віды мастацтваў, а вакол славян - іншыя народы, можна лічыць, да ўсяго, адной з самых яркіх міратворчых акцый.

 - Вы былі сярод тых, хто не толькі стаяў ля калыскі гэтага фестывалю, але і зведаў яго "перадгісторыю"...

- Так, добра памятаю, як у 1987-м у складзе дэлегацыі СССР я ездзіў у Варшаву, дзе мы абмяркоўвалі будучы Фестываль польскай песні ў Віцебску. Праз некалькі гадоў, пасля змены палітычных рэалій, злыя языкі кпілі, маючы на ўвазе знікненне СССР з карты свету: "Ну што, канец фэсту?" Я адказаў: "Канца не будзе!" І мы прыдумалі фестываль, які ўслаўляе славянскае братэрства - "Славянскі базар", што пазней канчаткова замацаваў сваю геаграфічную прыналежнасць у самой назве: "Славянскі базар у Віцебску". Дарэчы, ёсць у мяне і гімн Віцебска, напісаны на словы вядомага ў гэтым горадзе пісьменніка і краязнаўцы Давіда Сімановіча.

 - Цікава, што яшчэ вы напісалі апошнім часам?

 - Дзве "Малітвы". Адна - да маёй колішняй рок-оперы "Гусляр", якая летась была адноўлена і прэзентавана ў новай версіі паэтам і выканаўцам Андрэем Скарынкіным. Гэтая "Малітва" - на словы Янкі Купалы, але не тыя, што мы добра ведаем па аднайменнай песні Алега Молчана ў выкананні Уладзіміра Мулявіна. Тут выкарыстаны ранейшы верш - 1910 года. Плануецца, што гэтая "Малітва" будзе гучаць на пачатку і ў фінале "Гусляра". Другая ж "Малітва" - на словы Андрэя Скарынкіна. Яна не зусім звычайная, вельмі ёмістая і нечаканая ўжо па сваім паэтычным вырашэнні. За тры хвіліны, пакуль доўжыцца песня, перад слухачамі паўстае ўсё жыццё чалавека, этапы якога выклікаюць паралелі з усходам, зенітам (росквітам) і заходам. Яе ўжо спяваў Леанід Барткевіч, а хутка запіша Іосіф Кабзон.

- Вашы песні гучаць далёка за межамі Беларусі...

- Толькі за апошні час адбыліся мае канцэрты ў Цюмені, Санкт-Пецярбургу, Маскве, Новасібірску, іншых расійскіх гарадах. А таксама ва Украіне: у Кіеве, Данецку. І паўсюль я пачуваю сябе не чужым, а сваім. Дванаццаць гадоў таму маю зорку заклалі на Алеі зорак у Маскве. Я атрымаў прыз Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва краін - удзельніц СНД "Зоркі Садружнасці" ў галіне культуры і мастацтва за 2010 год. Іосіф Кабзон запісаў 25 маіх песень. А колькі іх спяваюць Тамара Гвердцытэлі, Леў Лешчанка, іншыя салісты розных краін! Так што славянскае братэрства - не міф, а рэальнасць!

Н.Б.

 На здымку: Ігар Лучанок пад час закладкі зоркі Уладзіміра Мулявіна і "Песняроў" у 2010 г.

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"