З любоўю да горада

№ 36 (802) 08.09.2007 - 14.09.2007 г

Маленькая дзяўчынка засталася за старэйшую паміж плюшавых медзведзянят. “Самурайка ў шлеме” павінна абараніць іх ад злодзеяў-чараўнікоў, таму прымярае маску дарослага самурая. Непадалёк у касцюмчыку-лодцы паважна выкрочвае хлопчык. Ён узяў да сябе ляльку і клоуна, бо толькі самыя блізкія сябры дапамогуць знайсці таямнічую дарогу ў сапраўднае Залюстэрачча. Ля “Лодкі сяброў” прысела “У чаканні марской прагулкі” задуменнае дзяўчо, і яе мары ўжо паплылі па падоле сукенкі белакрылымі паруснікамі.

 /i/content/pi/cult/128/601/Samurajka.jpg
Узамен халоднай афіцыйнай скульптуры нядаўняга былога Андрэй Асташоў прапаноўвае выяўленне ў бронзе палітры дзіцячых (чытай — натуральных) пачуццяў.
У час высакахуткасных тэхналогій і штодзённай мітусні скульптар прапануе на выстаўцы “З любоўю да горада” ў Нацыянальным мастацкім музеі паглядзець вакол праз прызму акурат дзіцячага светаадчування. Аўтар звярнуўся да тэмы, якой заўсёды крыху пабойваюцца творчыя людзі: маўляў, дзіцячае — значыць, несур’ёзнае. Аднак бронзавыя малыя А.Асташова праз пластыку гульні дэманструюць шчырасць радасці, чысціню гора, пранізлівасць болю, шчодрасць смеху. Падобную шчырасць дарослыя часцей за ўсё хаваюць за шматлікімі маскамі. Толькі дзіця не ўскладняе жыццё, і калі трэба спалохаць кагосьці, не будзе пускаць шпількі, а стане на стул, як “Якая палохае”, каб стаць больш “жудасным”.
Разам са скульптурамі А.Асташоў выставіў дзесяць каляровых літаграфій. На іх — новы ракурс дзіцячых перажыванняў. Узаемаадносіны са старэйшымі, стварэнне асабістага лятучага карабліка і пагружэнне ў той чароўны вячэрні час, калі з’яўляецца “Ажыўшая казка”: ты сядзіш з кніжкай на каленях, і сцены твайго маленькага пакойчыка рассоўваюцца, напаўняючы памяшканне таямнічым святлом легендарных персанажаў.
Калі ж малое падрастае, узнікае новае паданне — гісторыя ператварэння нязграбнага качаняці ў прыгожага лебедзя. Узнікае “Адраджэнне міфа”, тады дзяўчынка-падлетак пачынае ўсведамляць, што можа выклікаць эратычныя пачуцці.
Яна жадае спаткаць каханне і яшчэ баіцца сваіх адчуванняў. Ужо няма на яе туфліках медзведзянят, ды зніклі сукенкі-сланы. Пройдзе час, дзяўчынка, падобна славутай медузе-гаргоне, пачне спыняць мужчын адным толькі поглядам. А пасля, па жыццёвым коле, ізноў трапіць у краіну казкі. Толькі не сваёй, а даччыной ці сынавай. З імі пачне пазнаваць свет праз коніка-скакалку, прынцэс і высакародных самураяў. І выправіцца ў адвечнае падарожжа да скрыжаванняў міфічных дарог Хабітаніі, Міжземнамор’я, Нарніі ці дзіўнага Кітая часоў царавання дынастыі Мін.

Н.П.