Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Дык няхай жа фестываль адлюстроўвае дух народа: будзе такім жа добрым, адкрытым і шчодрым!”

№ 28 (999) 09.07.2011 - 14.07.2011 г

Яскравае пажаданне Кіраўніка дзяржавы, выказанае на леташнім "Славянскім базары ў Віцебску", падкрэслівае самы важны аспект глабальнай гуманістычнай задачы міжнароднага форуму з яго неад'емнай "духоўнай інфраструктурай".

Дваццаць "Славянскіх базараў у Віцебску" - гэта ўжо гісторыя. А юбілей - нагода асэнсаваць папраўдзе ўнікальны нават не фестываль, а цэласную культурнапалітычную з'яву, што, пры ўсёй "стрэсавасці" міленіума (этап пераходу з адной эпохі ў другую не бывае простым), рухаецца наперад, развіваецца, назапашвае добрыя традыцыі, якіх становіцца ўсё больш.

 Спачатку той традыцыяй была ідэя еднасці славян. А да яе - валошка як сімвал фестывальнай Беларусі ды конкурс як цэнтр прыцягнення творчых сіл. Мастацкія разгалінаванні то пашыраліся настолькі, што засланялі само "дрэва", то, наадварот, скідвалі пярэстую "лістоту", пакінуўшы графічную строгасць вектарных напрамкаў, каб з новым сезонам заўважней былі маладыя "парасткі".

Фестывальная ідэя ХХІ стагоддзя, што дала імпульс новым традыцыям, больш шырокая: згуртаванне народаў і краін, мір і ўзаемаразуменне між імі. Невыпадкова форум пачынаецца цяпер з узнагароджання спецыяльным прызам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Праз мастацтва - да міру і ў з а е м а р а з у мення". З'явілася і Алея зорак, дзе ўвекавечаны імёны ўганараваных.

Памятаеце Багдановічавы радкі пра жыта, якое не можа існаваць без васількоў? Менавіта гэтая асацыяцыя прыходзіць кожны ліпень, калі рыхтуецца спецыяльны выпуск "Культуры", прымеркаваны да Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Асабліва ярка словы класіка гучаць сёлета, у год 20-годдзя Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Сапраўды, збажыну дасягненняў - сімвалічны Хлеб маладой суверэннай дзяржавы - цяпер папросту немагчыма ўявіць без тых васількоў - яе Песні, - што шчодраю рукою мастацтва рассыпае гэты слынны форум пад дэвізам "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення".

Словы тыя цягам апошніх гадоў акрэслілі пазіцыю фестывалю на новай прыступцы яднання народаў пры дапамозе Культуры. Фестываль, такім чынам, абапіраючыся на словы Прэзідэнта на ўрачыстасцях з нагоды Дня Незалежнасці Бацькаўшчыны, адлюстроўвае стратэгію дзяржавы. "Наша шматвектарная знешняя палітыка заснавана на прынцыпах узаемапавагі, роўнасці і партнёрства".

Так, Беларусь адкрытая свету!

Мы рады вітаць на сёлетнім фестывалі ўсіх яго гасцей з розных краін і кантынентаў! Мы шчыра вітаем на "Славянскім базары ў Віцебску" яго новых удзельнікаў - прадстаўнікоў шматмільённай грамады беларусаў свету!

Фота з архіва газеты "Культура"