“R+Я” з Вялікага Сяла

№ 27 (998) 02.07.2011 - 08.07.2011 г

Дзяржыншчына: міжнародны пленэр

/i/content/pi/cult/329/6000/13-1.jpg Колькі гадоў запар на Дзяржыншчыне, у вёсцы Вялікае Сяло, ладзяцца Міжнародныя мастацкія пленэры пад назвай "R + Я". Сёлета чарговы, восьмы па ліку, сабраў прафесійных мастакоў з праблемамі слыху.

Як і ў мінулыя гады, іх гасцінна сустракала мастак-педагог, дырэктар Дзяржынскага раённага дома народнай творчасці, што месціцца ў Вялікім Сяле, Наталля Ермаловіч.

А хто ж яны, гэтыя мастакі? Гэта таленавітыя, са складаным лёсам, людзі, якім менавіта творчасць дапамагла знайсці месца ў жыцці. Іх пейзажы, выкананыя ў час пленэру, прасякнуты любоўю да прыроды.

Па выніках працы ў Дзяржынску была арганізавана выстаўка карцін, якая прыцягнула ўвагу многіх жыхароў райцэнтра і раёна. Намеснік старшыні Беларускага таварыства інвалідаў па слыху Анатоль Нікіцін узнагародзіў удзельнікаў і арганізатараў пленэру граматамі.

 З прывітаннем выступіў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Чаган. Начальнік аддзела культуры Наталля Сінюковіч уручыла мастакам дыпломы. Яны ж, у сваю чаргу, падарылі асобныя са сваіх пейзажаў райвыканкаму і Вялікасельскай сярэдняй школе. Госці (збольшага - расіяне) наведалі Мірскі замак, старажытны парк у вёсцы Станькава, Музей народнай архітэктуры і побыту, пазнаёміліся са сталіцай. Гасцявалі яны і ў Дзяржынскай ДШМ, дзе іх прымаў мастак, педагог Уладзімір Шчарбін, нядаўна ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Лявон ЦЕЛЕШ

Дзяржынск

 На здымках: мастакі ля Дома народнай творчасці ў Вялікім Сяле.