Новае аблічча Опернага

№ 36 (802) 08.09.2007 - 14.09.2007 г

Каб адчуць і зразумець рытм работы на Оперным, трэба прайсціся па ягоных паверхах, прыслухацца да гукаў будоўлі, хоць раз папрысутнічаць на штодзённых пасяджэннях штаба па аднаўленні славутага помніка архітэктуры.

 /i/content/pi/cult/128/600/Operny1.jpg
 Тут размесціцца сцэна.
На аб’екце няма ні перакураў, ні аўральнай мітусні: кожны з соцень будаўнікоў ведае ўласны аб’ём штодзённых работ, будоўля нагадвае адладжаны механізм. І толькі дзяржзаказчыку, ген- і субпадрадчыкам, прадстаўнікам Міністэрства культуры, “Белдзяржпраекта”, іншых зацікаўленых рэспубліканскіх структур дакладна вядома, якімі высілкамі дасягаецца гэтая зладжанасць.
Натуральна, не абыходзіцца без хуткацечных канфліктаў і спрэчак, у выніку якіх не нараджаецца, а мэтанакіравана ажыццяўляецца ісціна, — Оперны трэба здаць у эксплуатацыю згодна з графікам. Дарэчы, больш за 30 мільярдаў рублёў, выдаткаваных па плане 8 месяцаў на рэстаўрацыю і рэканструкцыю тэатра, асвоены ў поўным аб’ёме.Дальбог, Іосіф Лангбард быў бы расчулены, калі б пабачыў пазалоту столевай ляпніны ў фае першага яруса ці шыкоўны плітачны арнамент падлогі ў адміністрацыйных
 /i/content/pi/cult/128/600/OPerny4.jpg
 Балетна-рэпетыцыйная зала першага
пускавога комплексу.
памяшканнях, дзе месцяцца артыстычныя пакоі для салістаў і сонечная рэпетыцыйна-балетная зала…
Старшыня штаба, намеснік міністра культуры РБ У.Грыдзюшка даводзіць на пасяджэнні, якое адбылося 6 верасня, што першы пускавы комплекс — палова адміністрацыйна-гаспадарчых і рэпетыцыйных памяшканняў — практычна гатовы да здачы ў эксплуатацыю. Сюды перамяшчаюцца оперная і балетная трупы. Вызваляецца другі пускавы комплекс — другая палова адміністрацыйна-гаспадарчага корпуса, хоць выбарачныя работы на ім ужо распачаты. Найпершая задача: управіцца да зімы з цеплавым контурам, развесці ўсе камунікацыі, запоўніць аконныя праёмы...
Справа рухаецца і на трэцім пускавым — глядзельная зала і памяшканні тэхзабеспячэння
 /i/content/pi/cult/128/600/Operny3.jpg
 Аздабленне фае на трэцім паверсе.
сцэны. Тут яшчэ нядаўна працавала больш за сотню лепшых тынкоўшчыкаў Беларусі — удзельнікаў Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага мастацтва.
“Прамтэхмантаж” вядзе ўладкаванне аркестравай ямы. Завершаны работы па аднаўленні даху, мантажы металаканструкцый перакрыццяў над залай, узмацненні калон, працягваецца аддзелка памяшканняў (“Неабходна ўзяць пад кантроль пастаўкі граніту!” — даводзіць У.Грыдзюшка), упарадкаванне камунікацый і тэрыторыі.
Як распавядае прадстаўнік генпадрадчыка К.Белавец, намеснік гендырэктара ЗАТ “НВА “Эльвіра” па вытворчасці, наколькі унікальны будынак тэатра, настолькі адмысловыя і работы на ім — і інжынерна-будаўнічыя, і аддзелачныя. Колер фасадаў такі ж, як і ў праекце Лангбарда. Побач — ужо гатовая аўтамабільная стаянка. Зроблены кветнікі. Як ні цесна на прылеглых да будынка тэрыторыях, але ніводны дубок у оперным скверы не пацярпеў.
Выгляд новай білетнай касы, суперсучасныя парэнчы на лесвіцах адміністрацыйнага будынка, высокамастацкая тынкоўка сцен у калідорах з выкарыстаннем самых апошніх аддзелачных матэрыялаў яскрава пераконваюць, што новы змест выгодна падкрэслівае старую акадэмічную форму. Нават чатыры оперныя люстры (у тым ліку і з галоўнай залы), зношаныя з 1930-ых гадоў ушчэнт, таксама будуць узноўлены з сучасных матэрыялаў і па апошніх тэхналогіях.

Андрэй СТАРЖЫНСКІ
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА