“Кручок” для інвестара: спрацаваць з “уловам”

№ 27 (998) 02.07.2011 - 08.07.2011 г

Дзяржаўна-прыватная ініцыятыва ў турыстычнай вёсцы і без замкаў з пяску

 

Райвыканкамаўская "лятучка" з "К"

Новы этап развіцця cяла: сацыякультурны зрэз

Летась Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 514 ад 30.09.2010 была зацверджана Дзяржаўная праграма развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёна на 2011 - 2015 гады - адзін з дзясяткаў стратэгічных дакументаў, рэалізацыя якіх вызначае эфектыўнае развіццё нашай незалежнай дзяржавы. Праграма прадугледжвае стварэнне ў гэтай мясцовасці прыдатных умоў для адпачынку і пражывання людзей, забеспячэнне комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў, павелічэнне экспарту паслуг, стварэнне перадумоў для актывізацыі інвестыцыйнай дзейнасці ды многае іншае. Таму цалкам заканамерна, што дзейнасць органаў улады Мядзельскага раёна, на тэрыторыі якога і плануецца ўвасабляць запланаванае і куды гэтым разам выправіўся ў камандзіроўку, накіравана на паспяховую рэалізацыю згаданага дакумента. Не застаецца ўбаку ад выканання задач Дзяржпраграмы, натуральна, і мясцовы аддзел культуры. Так, Мядзельскі музей народнай славы цяпер распрацоўвае новыя турыстычныя маршруты па тэрыторыі рэгіёна, у шматлікіх сельскіх дамах культуры і бібліятэках супрацоўнікі шчыруюць над тым, каб зацікавіць сваёй дзейнасцю патэнцыйнага турыста і, натуральна, займець з аказання шэрагу турыстычных паслуг пэўны прыбытак. Ёсць пакуль што на гэтым шляху і свае "падводныя камяні". Прынамсі, пакуль не стае адладжанай рэкламы тых аб'ектаў, што могуць прывабіць кліентаў, марудна прасоўваецца справа са стварэннем пунктаў продажу сувенірнай прадукцыі, а культработнікі Мядзельшчыны толькі пачынаюць працаваць з уласнікамі шматлікіх аграсядзіб, што маюцца на тэрыторыі Нарачанскага краю. Але, як запэўнівае кіраўніцтва мясцовага аддзела культуры, у хуткім часе ўсе названыя праблемныя пытанні будуць вырашаны.

 Народ пытаецца і прапануе

 Адных плакатаў - замала...

Пра перспектыўнасць і значнасць згаданай Дзяржпраграмы для развіцця Нарачанскага рэгіёна казалі ўсе, з кім давялося сустракацца і гутарыць цягам камандзіроўкі. Але, на погляд жыхароў Мядзельшчыны, для таго, каб завабіць сюды турыстаў, трэба зрабіць яшчэ даволі многа...

Сяргей Васільевіч, настаўнік, г. Мядзель:

 - Я думаю, што трэба нашмат больш актыўна рэкламаваць наш рэгіён як у Беларусі, так і за яе межамі. Аднымі плакатамі на ўездзе ў райцэнтр тут не абмяжуешся. Трэба, каб рэклама пра нашы санаторыі, прыродныя багацці, архітэктурныя помнікі пастаянна гучала на тэлебачанні, радыё, была даступнай у Інтэрнэце... Ды і турыстычная інфраструктура ў нашым раёне пакуль што развіта, на мой погляд, недастаткова...

Ларыса Мікалаеўна, служачая, г. Мядзель:

- Будынак гарадскога Дома культуры ў Мядзелі досыць стары. Ды і глядзельная зала там маленькая: прыкладна на 200 месцаў. Ці плануецца рамонт дадзенай установы? Гэта, натуральна, станоўча спрацуе і на пазітыўны імідж горада ва ўяўленні тых замежных ды айчынных гасцей, што прыязджаюць сюды адпачыць...

Святлана Чарняўская, дырэктар Мядзельскага музея народнай славы:

- Лічу, неабходна абнавіць экспазіцыю нашай установы. На жаль, няма пакуль на гэта сродкаў. Не стае найноўшага камп'ютарнага абсталявання, мультымедыйнай устаноўкі... Словам, крыху ад часу адстаём...

Наталля Карэцкая, дырэктар Дзягіліўскага СДК:

- Няма дзе ў раёне прадаваць сувенірную прадукцыю. Таму адпаведны салон-крама ў Мядзелі быў бы вельмі дарэчы... луг сферы культуры раёна, чынны ўдзел культработнікаў у развіцці турыстычнай сферы, эканамічная мэтазгоднасць шматлікіх праектаў, дзяржаўна-прыватнае партнёрства...

 Усе гэтыя тэмы былі агучаны на традыцыйнай райвыканкамаўскай "лятучцы", ініцыяванай "К". У ёй прынялі ўдзел намеснік старшыні Мядзельскага раённага выканаўчага камітэта па эканоміцы Леанід БЕРНЯКОВІЧ і начальнік мясцовага аддзела культуры Ганна ПАДГОЛ.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: 

- Распачну нашу гаворку, Леанід Сцяпанавіч, натуральна, з Дзяржпраграмы развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёна на 2011 - 2015 гады... Што ўдалося зрабіць з пачатку дзеяння дакумента? Якія далейшыя планы і перспектывы?

 Леанід БЕРНЯКОВІЧ: 

- Адразу зазначу, што дзякуючы гэтай Дзяржпраграме ўжо значна палепшылася сацыяльна-эканамічная сфера Мядзельшчыны, і далейшыя перспектывы таксама досыць добрыя. Вось толькі некалькі фактаў. На сённяшні дзень цалкам скончана рэканструкцыя Мядзельскага аўтавакзала, завяршаецца будаўніцтва гарадскога фізкультурнааздараўленчага комплексу. У курортным пасёлку Нарач хутка завершыцца першая чарга рэканструкцыі мясцовай гасцініцы. Фінішуем з работамі па другім корпусе санаторыя "Прыазёрны", у санаторыі "Спадарожнік" будуецца другі спальны /i/content/pi/cult/329/5999/12-4.jpgкорпус на 136 месцаў са SPA-цэнтрам, кінаканцэртнай залай і рэстаранам... Словам, дадатных прыкладаў шмат, і гэты спіс можна доўжыць...

Ганна ПАДГОЛ:

 - Калі ж казаць пра сферу культуры, дык, паводле Дзяржпраграмы, у нас запланаваны рамонт Цэнтра рамёстваў у вёсцы Крывічы. На гэтыя мэты цягам пяці гадоў прадугледжана выдаткаваць 750 мільёнаў рублёў. Сёлета з запланаваных 140 мільёнаў прыкладна палова сумы пайшла на рамонт даху ўстановы культуры, яшчэ блізу 30 мільёнаў будзе каштаваць замена вокнаў, а на астатнія грошы закупім у Цэнтр рамёстваў спецыяльнае абсталяванне і станкі для дрэваапрацоўкі. Да таго ж, нам трэба да 2015 года стварыць шэсць дадатковых турыстычных маршрутаў, адзін з іх - "Архітэктурныя помнікі Мядзельшчыны"- цяпер распрацоўваецца супрацоўнікамі раённага краязнаўчага музея. Гэты маршрут пачне функцыянаваць ужо сёлета...

 Леанід БЕРНЯКОВІЧ: 

- Планы ў нас такія: па завяршэнні Дзяржпраграмы на Мядзельшчыне павялічыцца колькасць аб'ектаў для прыёму гасцей, турыстаў. Да прыкладу, цяпер будуецца турыстычная вёска ў паселішчы Наносы. Да кастрычніка- лістапада бягучага года там будуць створаны шэраг аб'ектаў: з дзясятак стылізаваных драўляных дамкоў. Яшчэ ў турыстычнай вёсцы будуць функцыянаваць млын, пякарня, рамесніцкія крамы, а таксама арганізуем продаж сувеніраў. Натуральна, у гэтай турыстычнай вёсцы абавязкова будуць дзейнічаць і культработнікі.

Ганна ПАДГОЛ:

 - Так, бо яшчэ адна задача, пастаўленая нам Дзяржпраграмай, - правядзенне культурна-масавых мерапрыемстваў. Пад гэтыя мэты нам выдаткавана на пяць гадоў 250 мільёнаў рублёў. Сёлета, напрыканцы ліпеня, у нас пройдзе "Свята рыбы". Цягам яго плануем зладзіць спаборніцтвы для рыбакоў, конкурсы на лепшую "рыбную" песню, на лепшы замак з пяску, арганізуем, натуральна, продаж рыбы. Запланаваны ўдзел байкераў на водных матацыклах, фаер-шоу на вадзе, натуральна, выступленне нашых самадзейных калектываў ды многае іншае. І гэткія масавыя мерапрыемствы будуць праходзіць штогод, прычым іх тэматыка будзе пастаянна розніцца.

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- А ці плануецца рамонт ці рэканструкцыя гарадскога Дома культуры? Будынак - досыць стары, ды і зала там усяго толькі на 200 ме/i/content/pi/cult/329/5999/12-2.jpgсцаў... Выгляд яго не надта пасуе іміджу горада...

 Леанід БЕРНЯКОВІЧ:

- У Дзяржпраграме прапісана, што Мядзелю неабходны новы гарадскі Дом культуры. Але на сёння гэтае пытанне з рэканструкцыяй толькі прапрацоўваецца - нічога канкрэтнага пакуль сказаць нельга.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Цяпер актыўна ставіцца пытанне аб прыцягненні інвестыцый у сферу турызму, гісторыка-культурнай спадчыны... Ці ёсць на Мядзельшчыне прыклады паспяховага дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва, ці ўкладаюць свае фінансавыя сродкі ў развіццё той жа сферы турызму прыватнікі?

Леанід БЕРНЯКОВІЧ:

 - Так. Яшчэ летась да нас звярнулася прыватная фірма з Масквы з просьбай выдаткаваць ёй участак пад будаўніцтва аздараўленчага комплексу на базе старадаўняй сядзібы ў вёсцы Альшэва. Гэтая сядзіба - помнік архітэктуры XVIII стагоддзя- на сённяшні дзень ужо перададзена на баланс названай фірмы. Усе пытанні, звязаныя з перадачай аб'екта, былі вырашаны ў Міністэрстве культуры Беларусі, і расіяне атрымалі дазвол на аднаўленне сядзібнага дома. Ужо распачаты праектныя работы. Паводле папярэдніх разлікаў, на аднаўленне інвестарамі будзе выдаткавана шэсць - сем мільёнаў долараў ЗША. Яшчэ прыклад. Прыватнай фірмай у курортным пасёлку Нарач распрацоўваецца праект будаўніцтва выставачнага павільёна - накшталт мастацкай галерэі, - дзе будуць дэманстравацца карціны як выхадцаў з Мядзельшчыны, так і з іншых рэгіёнаў Беларусі.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Думаю, не памылюся, калі скажу, што пытанне пра інвестыцыі, інвестараў, пра дзяржаўна-прыватнае супрацоўніцтва для вашага рэгіёна вельмі актуальнае і надзённае...

Леанід БЕРНЯКОВІЧ:

- Безумоўна. Асабліва калі казаць пра помнікі гісторыка-культурнай спадчыны. Бо не заўсёды ёсць магчымасць выдаткаваць значныя фінансавыя сродкі на іх аднаўленне, і прыход у дадзеную сферу прыватнага бізнесу- цалкам заканамерны крок. І гэтага не варта баяцца. Бо зразумела, што адноўленыя помнікі культуры прыватнік не забярэ, так бы мовіць, сабе ў кішэню. Яны застануцца на тэрыторыі нашага раёна і будуць служыць людзям: як жыхарам Мядзельшчыны, так і тым шматлікім турыстам, што будуць сюды прыязджаць.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Пад час паездкі па раёне бачыў, як шмат дзе вядуцца рамонтныя работы на дарогах. І сапраўды, без добрага асфальтавага пакрыцця не выпадае казаць пра прывабнасць для турыстаў тых або іншых рэгіёнаў... А вось што з развіццём прыдарожнага сэрвісу? Ці будуць стварацца аб'екты адпаведнай інфраструктуры, а ў іх - пункты продажу сувенірнай прадукцыі, якую могуць вырабляць мядзельскія рамеснікі? На Віцебшчыне такі прыдарожны гандаль сувенірамі прыносіць неблагі прыбытак мясцовым аддзелам культуры...

Леанід БЕРНЯКОВІЧ:

- Паводле Дзяржпраграмы, на рамонт дарожнага пакрыцця прадугледжаны немалыя сродкі. Сёлета асноўныя работы скіраваны па трасе на Маладзечна, бо, як вядома, у гэтым горадзе пройдуць рэспубліканскія "Дажынкі". А да 2015 года плануем зрабіць якаснае аднаўленне трасы, што ідзе праз Вілейку ў накірунку курортнага пасёлка Нарач. Што да прыдарожнага сэрвісу, дык сітуацыя тут пакуль што нас не вельмі задавальняе. Сваю справу адыгрывае, канешне ж, фактар сезоннасці: зразумела, што ў вяснова-летні перыяд аб'екты прыдарожнага сэрвісу будуць карыстацца большым попытам, чым зімой, таму, адпаведна, павялічваюцца тэрміны акупнасці падобных аб'ектаў. Але мы спадзяёмся, што дзякуючы Дзяржпраграме прыдарожны сэрвіс выйдзе ў нас на якасна новы ўзровень, бо, як ужо казаў, цягам пяці гадоў у раёне плануецца пабудаваць шмат турыстычных гатэляў, і фактар сезоннасці, упэўнены, зменшыцца. На сайце райвыканкама падрыхтаваны прапановы для патэнцыйных інвестараў, якія захочуць укласці фінансавыя сродкі ў развіццё гэтага бізнесу.

 Ганна ПАДГОЛ: 

- Дадам, што да канца бягучага года плануецца арганізаваць кропкі па продажы сувенірнай прадукцыі мясцовых рамеснікаў у раённым музеі, у Цэнтры рамёстваў вёскі Крывічы, а таксама ў курортным пасёлку Нарач.

 Леанід БЕРНЯКОВІЧ:

- Я цалкам падтрымліваю гэтую ідэю, бо на сённяшні дзень у раёне сапраўды праблематычна набыць сувеніры, вырабленыя тутэйшымі майстрамі. Гэтая ніша пакуль не занята, а яе адназначна можна і патрэбна займаць аддзелу культуры. Бо я перакананы, што тыя, хто прыязджае ў нашы санаторыі (а працэнтаў 60 з іх - жыхары блізкага і далёка замежжа), заўсёды будуць зацікаўлены ў набыцці мясцовых сувеніраў, з нашай сімволікай, з надпісам на беларускай мове... Тая ж Рэспубліканская выстаўка-кірмаш "Камарова - кола дзён", якая ладзіцца ў нас штогод, кожным разам пацвярджае, што запатрабаванасць у такім тавары - найвялікшая. Словам, названая дзейнасць - адна з нашых бліжэйшых перспектыў.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Наступная, на маю думку, нявыкарыстаная магчымасць - рэкламная дзейнасць. Не існуе свайго сайта ў аддзела культуры, у Цэнтральнай раённай бібліятэкі, няма рэкламы тых паслуг, якія могуць прапаноўваць шматлікія СДК і бібліятэкі раёна сваім наведвальнікам, тым жа ўладальнікам і гасцям аграэкасядзіб, хоць пэўная праца праводзіцца...

Леанід БЕРНЯКОВІЧ: 

- Згодны. З аднаго боку, на тэрыторыі раёна шмат вонкавай сацыяльнай рэкламы: "Люблю свой край", "Люблю Мядзельшчыну" і гэтак далей. А вось ля аграсядзіб рэкламных шчытоў амаль няма. Імкнёмся і гэтую нішу запоўніць. Да прыкладу, на пачатку года ў нас зарэгістравалася адна прыватная фірма, якая прапанавала зрабіць ролік аб Нарачанскім рэгіёне, аб тых санаторыях, якія тут маюцца, а таксама распрацаваць сайт па нашых санаторыях.

Ганна ПАДГОЛ:

- Што да інфармацыі пра турыстычныя маршруты, пра аграсядзібы, дык яна ёсць на сайце Мядзельскага райвыканкама. Таксама ў хуткім часе павінен з'явіцца і сайт Цэнтральнай раённай бібліятэкі: конкурс на лепшы праект падобнага сайта ўжо аб'яўлены.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

 - Даволі слаба, падаецца, наладжана праца з гаспадарамі аграсядзіб. Наколькі я ведаю, аддзел культуры толькі распачынае работу ў гэтым кірунку...

 Леанід БЕРНЯКОВІЧ:

- Дзякуючы Дзяржпраграме колькасць аграсядзіб у нас павялічылася ў паўтара раза: летась было 32, а цяпер - 48. І, вядома, культработнікі не павінны застацца ўбаку ад прадастаўлення паслуг тым, хто прыязджае, каб адпачыць і палюбавацца хараством прыроды Мяд/i/content/pi/cult/329/5999/12-1.jpgзельшчыны.

Ганна ПАДГОЛ:

- Літаральна сёння ладзім выступленне нашых калектываў у адной з прыватных аграсядзіб: туды прыязджае дэлегацыя з Ізраіля - звыш 20 чалавек. А наступным днём яны паедуць на экскурсію, зладжаную супрацоўнікамі краязнаўчага музея.

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: 

- А ці ёсць на Мядзельшчыне такая арганізацыя, якая каардынуе дзейнасць паміж райвыканкамам і ўладальнікамі аграсядзіб? Напрыклад, на Віцебшчыне, у Расонскім раёне, падобная арганізацыя дзейнічае даўно і вельмі добра сябе зарэкамендавала...

Леанід БЕРНЯКОВІЧ:

 - Такога ў нас пакуль што няма, але, можа, і варта падумаць над стварэннем такой структуры.

Ганна ПАДГОЛ:

 - Мы плануем сёлета правесці семінар з кіраўнікамі ўсіх аграсядзіб Мядзельшчыны: распавядзём пра тыя паслугі, якія можам аказваць у аграсядзібах, выслухаем пажаданні прыватнікаў аб супрацоўніцтве. І я думаю, што на гэтым семінары прапанова аб стварэнні арганізацыі, якая каардынавала б дзеянні паміж райвыканкамам і ўладальнікамі аграсядзіб, абавязкова прагучыць. Наколькі ведаю, многія гаспадары такіх аб'ектаў добра разумеюць усю важнасць стварэння падобнай сэрвіснай структуры на Мядзельшчыне. Да таго ж, гэта канкрэтная магчымасць узаемадзейнічання не толькі з райвыканкамаўскімі структурамі, але і між сабой. Вось, да прыкладу, сённяшняя група з Ізраіля будзе сяліцца на трох аграсядзібах. І заўсёды трэба ведаць, дзе ёсць вольныя месцы, дзе існуе магчымасць аказаць тую або іншую паслугу. Таму, я думаю, само жыццё прымусіць прадпрымальнікаў да стварэння такой структуры...

Леанід БЕРНЯКОВІЧ:

- Тут адна з найважнейшых сённяшніх дзялянак працы для аддзела культуры: фарміраванне творчай праграмы для прыезджых, магчыма - і з мясцовым каларытам, паказам традыцыйных абрадаў, правядзенне майстар-класаў, продаж сувеніраў... Трэба зацікаўліваць уладальнікаў аграсядзіб у такіх паслугах, бо гэта цалкам рэальна. Ды і самі прыватнікі, якія сур'ёзна ўзяліся за працу, упэўнены, будуць зацікаўлены ў супрацоўніцтве з аддзелам культуры, бо выдатна разумеюць, што гэтае ўзаемадзеянне карыснае для ўсіх... Трэба толькі не сядзець склаўшы рукі, а ісці да прыватнікаў са сваімі прапановамі ды праектамі. Тады такая дзейнасць прынясе свой плён і будзе працаваць на выкананне плана платных паслуг.

Дэталь да агульнай карціны

"Музычны" музей і медыятэка

Занарацкая сельская бібліятэка, як і іншыя бібліятэчныя ўстановы Мядзельшчыны, досыць няблага падрыхтавана да аказання самых розных турыстычных паслуг.

Акрамя самых запатрабаваных відаў паслуг - карыстання Інтэрнэтам, раздрукоўкі тэкстаў і ксеракапіравання, - у гэтай сельскай бібліятэцы кожны ахвотны можа азнаёміцца з базай даных "Лёс зямлі, лёс людзей/i/content/pi/cult/329/5999/12-3.jpg", у якой сабраны матэрыял аб гісторыі паселішча, аб тых выдатных людзях, якія нарадзіліся на Мядзельшчыне. Маюцца ў бібліятэцы і шматлікія прэзентацыйныя ролікі, фотаздымкі навакольнай прыроды, медыятэка з 40 дыскаў. Пры ўстанове працуе Цэнтр прававой інфармацыі, а для ўсіх цікаўных зладжана выстаўка новай літаратуры.

Свае цікавосткі мае і Занарацкі сельскі дом культуры. Акрамя шматлікіх аматарскіх аб'яднанняў і гурткоў, якія працуюць у яго сценах, ва ўстанове нядаўна быў створаны Музей музычных інструментаў: тут можна ўбачыць старадаўнія баяны і акардэоны, цымбалы, бубны, свістулькі, ражкі і многае іншае... Начальнік аддзела культуры Мядзельскага райвыканкама Ганна Падгол упэўнена, што гэтая ўстанова будзе запатрабавана ў шматлікіх турыстаў, і з цягам часу ўваход у музей плануецца зрабіць платным. На здымку: у Музеі музычных інструментаў.

Дэталь да агульнай карціны

"Саламяна-ваўняны" план

Як выканаць гадавы мільённы план платных паслуг, калі ў вёсцы пражывае каля 150 жыхароў, а з іх - толькі з дзясятак падлеткаў?

 Адказ на гэтае пытанне ведае дырэктар сельскага Дома культуры вёскі Дзягілі Наталля Карэцкая.

 - Не так даўно я асвоіла адзін з відаў народнага рамяства: саломакапляценне, - распавяла кіраўнік установы. - Гэта мне cпадабалася. І цяпер без перабольшання магу сказаць, што вырабы з саломкі сталіся своеасаблівай візітоўкай нашай установы. Прадаём гэтыя сувеніры ўсім ахвотным, ездзім з імі на ўсе выстаўкі-кірмашы, што ладзяцца ў нашым раёне і за яго межамі. Летась зарабілі на продажы сваіх вырабаў блізу 500 тысяч рублёў, што складае палову плана платных паслуг...

Наталля Карэцкая прыахвоціла да заняткаў саломкапляценнем і сваю дачку, што працуе мастацкім кіраўніком СДК. А таксама асвоіла выраб сувеніраў з воўны. Дырэктар установы культуры ўпэўнена, што гэтая прадукцыя таксама будзе карыстацца вялікім попытам у пакупнікоўтурыстаў як з Беларусі, так і з іншых краін блізкага і далёкага замежжа.


 наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск - Мядзельскі раён - Мінск

Фота аўтара

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"