“Выстаўка чатырох”

№ 27 (998) 02.07.2011 - 08.07.2011 г

Настальгія па мінулым?

/i/content/pi/cult/329/5991/9-3.jpg

 Выстаўка, якая працуе ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, называецца "Класіка графікі" і, як сказана ў прэс-рэлізе, прысвячаецца "класічнаму" перыяду беларускай графікі 1960-х - 1970-х гадоў. На мой погляд, назва яе - не вельмі дакладная ("класіка" - ад лац. "classicus" - "узорны"), бо большасць твораў экспазіцыі ўсё ж належаць уласна свайму часу і ўяўляюць цікавасць як "выяўленчыя дакументы" менавіта тых гадоў, у якія жылі аўтары.

А тое, што яны працавалі "ў класічных графічных жанрах і тэхніках", усё ж не перадае сутнасці: у гэтых тэхніках і жанрах (лінарыт, літаграфія, малюнак, акварэль, змяшаная тэхніка; пейзаж, партрэт, фігуратыўная кампазіцыя, ілюстрацыя) паспяхова тварылі і да, і пасля прадстаўленых аўтараў. Ды і сучасны глядач, на жаль, вельмі мала ведае іхнія імёны, бо іх работы на выстаўках апошніх гадоў амаль не экспануюцца./i/content/pi/cult/329/5991/9-2.jpg

 Так, чацвёра мастакоў, юбіляраў 2011-га, якія нарадзіліся ў 20-я гады: Міхаіл Бельскі, Васіль Ткачук - ужо, на жаль, нябожчыкі, - Рыгор Клікушын ды Юрый Выхадцаў, дзякаваць богу, і сёння паспяхова служаць любімай справе - мастацтву.

 Па гэтай "выстаўцы чатырох" я хадзіў, як старацель па прыіску. Радасна вітаў алоўкавы і акварэльны пейзажы Юрыя Выхадцава, якіх я раней не бачыў. Пазнаваў "старых знаёмых"- Міхаіла Бельскага і Васіля Ткачука, каго я асабіста добра ведаў і неаднойчы бываў у іхніх майстэрнях. А калі ўбачыў віцебскія пейзажы Рыгора Клікушына, які, дарэчы, напрыканцы 2011-га адзначыць сваё 90-годдзе, узгадаў яго ўніка/i/content/pi/cult/329/5991/9-1.jpgльную шрыфтавую графіку і даўнія цікавыя серыі пра беларускую вёску і любімы Віцебск. А яшчэ ён быў выдатным педагогам, і, па словах скульптара Аляксандра Гвоздзікава, "...усе віцебскія мастакі выйшлі з графікі Клікушына, як калісьці літаратары - з "Шыняля" Гогаля". Праўда, у сённяшняй экспазіцыі ён прадстаўлены надта сціпла: усяго некалькі работ. Урэшце, і Міхаіл Бельскі паказаны, на маю думку, не лепшым чынам (у яго спадчыне ёсць вельмі ўдалыя графічныя серыі "Мая Беларусь", "Мой родны кут", "дакументальныя" літаграфіі пра рэвалюцыю, хаця тое цікава, хутчэй, для гісторыка. Аднак выстаўленыя партрэты "лепшых прадстаўнікоў рабочага класа" характэрныя для яго почырку. Я памятаю, з якім задавальненнем прыходзілі да яго ў майстэрню па вуліцы Някрасава людзі, каб папазіраваць гэтаму гаваркому мастаку, што любіў бываць, як кажуць, у гушчы жыцця: на заводах, фабрыках, аўтобусных прыпынках, сярод студэнтаў (сам ён быў добрым настаўнікам у Політэхнічным інстытуце), і ў кожнай "мадэлі", незалежна ад яе прафесіі і звання, імкнуўся знайсці натхнёнае ўнутранае святло.../i/content/pi/cult/329/5991/9-4.jpg

Творы Васіля Ткачука вылучаюцца, так бы мовіць, "тэматычнай" сціпласцю і невялічкай шкалой выкарыстаных мастакоўскіх сродкаў. Але ён і ў сваіх "індустрыяльных" сюжэтах, і ў эстампе (лінарыт і літаграфія) выпрацоўваў індывідуальны стыль, які найбольш ярка праявіўся менавіта ў "рэпартажнай" графіцы, дзе творца імкнуўся пазбегнуць жорсткай чарцёжнасці і сухасці "індустрыяльных вобразаў", так шырока распаўсюджаных у работах многіх мастакоў тых гадоў. Хаця, я памятаю, Васіль Мітрафанавіч вельмі любіў рысаваць лірычныя зімовыя і вясновыя пейзажы, а таксама "вобразы" Мінска...

Людзі па-рознаму ўваходзяць у прыроду. Можна ўвайсці ў яе, як японцы ўваходзяць у чайны дамок, пакінуўшы абутак і клопаты ля парога. Сустрэліся чалавек і прырода, і няма ў іх карыслівасці: у прыроды - прыгнятаць чалавека, у чалавека - украсці ў яе што-небудзь... Яны размаўляюць... Гэта ўсё - пра Юрыя Выхадцава, творы якога ў экспазіцыі прадстаўлены вельмі дастойна. Па сутнасці, наколькі ведаю, гэта яго другая, пасля 1987 г., "персанальная" выстаўка, так бы мовіць, у рамках "чатырох". Наконт гэтага хачу прывесці словы Георгія Паплаўскага: "Нарэшце адбылося адкрыццё для грамадскасці" цудоўнага майстра графікі Юрыя Выхадцава. Хачу павіншаваць не толькі аўтара, але і кола тых людзей, якія садзейнічалі дадзенай падзеі".

Цалкам далучаюся да гэтых слоў...

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"