“Талаш” у вялікім кіно

№ 27 (998) 02.07.2011 - 08.07.2011 г

Як “пралічыць” гістарычны фільм і нацыянальнага героя?

/i/content/pi/cult/329/5990/8-3.jpgЗ рэжысёрам Сяргеем ШУЛЬГОЙ карэспандэнт "К" сустрэўся ў самы гарачы момант: яго чатырохсерыйная тэлевізійная стужка "Талаш" па вядомай кожнаму беларусу аповесці Якуба Коласа "Дрыгва" рыхтавалася да здачы экспертнаму савету Міністэрства культуры.

 - Сцэнарый стужкі быў напісаны ў разліку на шэсць серый, - тлумачыць Сяргей Мікалаевіч. - Але патрабаванні сучаснага тэлевізійнага фармату прымушаюць нас зрабіць толькі чатыры часткі па пяцьдзясят дзве хвіліны. Шмат цікавага матэрыялу засталося, на жаль, па-за межамі рабочага варыянту. Скажу адно: мы паспрабавалі пакінуць самае цікавае. Дасягнуць гэтага было досыць няпроста. Мы разумелі ўсю сур'ёзнасць тэмы аповесці "Дрыгва", якая закранае адносіны паміж народамі. Але, адразу падкрэслю, мы рабілі не гістарычнае кіно, не дакладную рэканструкцыю падзей дзевяностагадовай даўніны, а стужку пра патрыётаў, якія абараняюць сваю Радзіму.

- Як вам працавалася з прозай Якуба Коласа? Вядома, што калі класік беларускага кіно Уладзімір КоршСаблін здымаў сваю эпапею па трылогіі "На ростанях", то пераклад коласаўскіх радкоў на "кінамову" адбываўся з вялікімі цяжкасцямі...

- Маё жыццё склалася так, што я ўвесь час быў знітаваны з Якубам Коласам: акцёрская кар'ера праходзіла ў віцебскім тэатры, які носіць імя класіка, куды мяне запрасілі на роль Сымона Музыкі, першая рэжысёрская работа на сцэне была створана па творы Коласа і называлася "Анамалія", я добра знаёмы з Музеем Песняра і яго супрацоўнікамі... Я не сказаў бы, што проза Коласа ўвогуле не паддаецца экранізацыі, але, што да "Талаша", то мне як сцэнарысту стужкі давялося шмат папрацаваць над яе сюжэтам. Усё-такі аповесць "Дрыгва" стваралася ў 1934 годзе, у зусім іншых рэаліях. Тым не менш, у сваім творы Колас выбудоўвае дакладную драматургічную лінію, таму не магу сказаць, што ствараць сцэнарый было вельмі цяжка. А ў кадры ж гучаць адразу тры мовы: беларуская, руская і польская. Гэта цалкам адпавядае той сітуацыі, якая склалася на Беларусі ў часы, калі жылі нашы героі. Але, што вельмі істотна, "Талаш" - першы за шмат гадоў твор, зняты на Нацыянальнай студыі на беларускай мове. Што да польскай, то пераклад словаў персанажаў, якія на ёй размаўляюць, агучыў акцёр Валерый Шушкевіч. Ён жа чытае тэкст ад аўтара.

- А як жа нядаўняя "Масакра" Андрэя Кудзіненкі?

 - "Масакра" - стужка зусім іншага жанру: фактычна гэта казка, якая, з невялікімі папраўкамі, можа мець месца ў любой іншай краіне. Што ж да "Талаша", то гэтая гісторыя - тыпова наша, яе дзейныя асобы - менавіта беларусы.

/i/content/pi/cult/329/5990/8-2.jpg - Наколькі разумею, гістарычны жанр - ці не самы складаны ў кінематографе. Пастаноўшчыкам трэба, у тым ліку, аднавіць пэўны культурны слой: тое, як людзі апраналіся, на чым ездзілі, як размаўлялі...

 - "Талаш" быў складаны не толькі з гэтай прычыны, хоць, безумоўна, такіх "матэрыяльных" пытанняў, як гістарычная вопратка і транспарт, хапала. Калі з вопраткай сялян і партызанаў вялікіх праблем не было, то над воблікам іншых персанажаў давялося папрацаваць. Уявіце сабе, у стужцы - некалькі арыстакратычных прыёмаў, баляў! А яе бюджэт не дазваляў пашыць адмысловыя касцюмы, таму давялося падбіраць з гатовага, што было вельмі складана і за што асобнае дзякуй нашым касцюмерам. Тое ж самае тычыцца ігравога транспарту: князь не будзе перасоўвацца на сялянскім возе... Да таго ж, вялікі кавалак працы быў прысвечаны гуку: карціна была напалову знята ў павільёнах, але нам давялося цалкам пераагучваць яе, - такое не часта бывае на здымках тэлевізійнага кіно, дзе звычайна больш нізкія стандарты якасці. А мы стараліся ставіцца да "Талаша" як да сапраўднага "вялікага" кіно. Калі бярэшся здымаць на гістарычную тэму, трэба вельмі добра "пралічваць" наяўныя рэсурсы: гістарычнае кіно - справа дарагая ва ўсіх сэнсах.

- І, тым не менш, за яе ўвесь час бяруцца ўсё новыя і новыя аўтары...

 - Таму што гістарычныя падзеі даюць вялікую магчымасць назіраць за асобай, грамадствам, дзяржавай у найбольш цікавыя моманты іх існавання, калі на зломе эпох глыбей праяўляліся характары. Асабіста я люблю гісторыю, люблю фільмы пра вайну. Мае першыя стужкі былі менавіта пра Вялікую Айчынную. З гэтым звязана асабістае: мой бацька ваяваў, партызаніў.

Абудзіць свядомасць

- Якім чынам нараджаўся вобраз нацыянальнага героя? 

- Хачу падкрэсліць, што наш Талаш - вобраз мастацкі, ён амаль не мае дачынення да канкрэтнай гістарычнай асобы. Гэта абагульнены вобраз народнага мсціўцы, партызана, які быў актуальны не толькі ў 1919 годзе і не толькі на Палессі. Як і Чапаеў братоў Васільевых не быў "злепкам" рэальнага чалавека, так і наш Талаш увасабляе ў сабе рысы ўсіх барацьбітоў за свабоду нацыі.

- Мы прывыклі асацыіраваць акцёра Генадзя Гарбука з вобразамі сялян, а ўзорам такога тыпажу з'яўляецца яго Пятрок са "Знака бяды" Міхаіла Пташука. З вашых слоў можна зразумець, што Талаш - поўная супрацьлегласць...

 - Я вельмі цаню Генадзя Міхайлавіча за яго неверагодную магчымасць змяняцца па патрабаванні рэжысёра. Сапраўды, і на экране, і на сцэне мы бачым яго часцей за ўсё ў ролях мяккіх, нібыта бязвольных персанажаў. З самага пачатку працы над "Талашом" ён спрабаваў выбудоўваць вобраз свайго героя па звыклай схеме, але мы адразу дамовіліся, што наш Талаш - менавіта герой, лідар, з пэўнай доляй "простага" вяскоўца, які мог прапанаваць паставіць сабе самому конную статую ў цэнтры Масквы...

 - Дык, на вашу думку, які вобраз больш характэрны для беларуса: барацьбіта-Талаша ці больш памяркоўнага абывацеля?

 - Калі паглядзець на прозу нашага класіка Васіля Быкава, то лідараў у ягоных раманах няма, а ёсць людзі, якія становяцца героямі дзякуючы акалічнасцям лёсу. Іншы класік, Уладзімір Караткевіч, наадварот, прапануе нам шэраг энергічных, заклапочаных лёсам сваёй краіны асоб. З іншага боку, Васіль Уладзіміравіч, селянін па паходжанні, быў бліжэй да глебы... Мы паспрабавалі "стварыць" гераічны характар.

Выйсці на сваю аўдыторыю

 - Праект "Талаш" цікавы яшчэ і тым, што ў ім заняты толькі беларускія акцёры- у найноўшай гісторыі "Беларусьфільма" гэта, бадай, унікальны выпадак...

 - Так. Я сам пачынаў кар'еру як акцёр і ведаю, наколькі важна, каб цябе цанілі менавіта на радзіме. На здымках "Талаша" я зрабіў шэраг акцёрскіх адкрыццяў. Лічу, што ў нашых акцёраў папросту няма магчымасці раскрыцца напоўніцу ў тэатры, таму іх як мага больш трэба задзейнічаць у кіно, каб іх бачыла ўся Беларусь і замежжа. Я люблю нашых акцёраў, сярод іх шмат такіх, якія па сваім майстэрстве знаходзяцца на ўзроўні "медыйных" тэлезорак. Калі глядач ацэніць іх працу ў "Талашы", я буду шчаслівы, буду лічыць гэта сапраўдным пра/i/content/pi/cult/329/5990/8-1.jpgрывам айчыннага акцёра да сваёй аўдыторыі.

- Ці можна агучыць некалькі прозвішчаў?

 - З задавальненнем! Павел Харланчук шмат здымаецца апошнім часам, але ў нас ён дэманструе новыя грані свайго таленту. Ён выдатна ўвасабляе Сцяпана Бусыгу - персанажа адмоўнага, малочнага брата князя Длугошыка, які з-за свайго паходжання не можа далучыцца ні да сялян, ні да арыстакратыі. Мяркую, сапраўднай з'явай стане ігра актрысы Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Настассі Бабровай, якая ўвасобіла Аўгінню. Калі ішло абмеркаванне рабочага матэрыялу, Генадзь Іванавіч Палока, мастацкі кіраўнік праекта, падняўся і сказаў пра яе ігру: "На нашых вачах адбылося нараджэнне актрысы еўрапейскага ўзроўню". Цудоўныя Дзяніс Паршын, які выконвае трэцюю па значнасці ролю, Анатоль Голуб, Андрэй Сенькін, Алена Дуброўская. Віталь Краўчанка для свайго вобраза Збігнева наведваў курсы польскай мовы і ў выніку дамогся вельмі добрага вымаўлення. Удаліся нават эпізадычныя акцёрскія работы... Карацей, я надзвычай задаволены акцёрскім складам! Між тым, здымкі праходзілі ў няпростых умовах надвор'я, былі складаныя моманты з забеспячэннем. Але нашы цудоўныя артысты пераадолелі ўсе "выпрабаванні" і паказалі годны вынік.

- Як будаваліся вашы адносіны з акцёрамі на пляцоўцы?

- Верагодна, адчуваючы маё акцёрскае мінулае, яны ўвесь час "даставалі" мяне сваімі прапановамі, намагаліся зрабіць свае вобразы больш дасканалымі, і я з задавальненнем прымаў такую форму сутворчасці.

- Умовы сучаснай вытворчасці стужак для тэлебачання звычайна амаль не пакідаюць часу для прапрацоўкі вобразаў і асобных эпізодаў...

- Таму я і пагадзіўся працаваць на праекце, які здымаюць за дзяржаўныя сродкі. На камерцыйных - зусім іншыя размовы: там амаль прымусовае патрабаванне зняць "сем хвілін за змену" і практычна няма часу для творчасці. Канешне, сказаць, што нам хапіла часу на ўсё задуманае, я не магу. Але тыя тэлевізійныя "прадзюсарскія" праекты, якія здымаюцца адно ў камерцыйных мэтах, наогул не ставяць перад сабой мастацкія задачы. Памятаю, як толькі скончыў ВГИК і прыйшоў на студыю. Гэта былі зусім іншыя часы, калі на першым плане стаялі мастацкія, а не камерцыйныя задачы. Таму ўся студыя тады перажывала за кожную стужку як за агульную работу. І калі нешта ў кагосьці не атрымлівалася, то ўсе разам дапамагалі ліквідаваць праблему. Цяпер такога няма, і людзі імкнуцца найперш на камерцыйныя праекты. Таму я быў вельмі ўзрадаваны, убачыўшы, з якім натхненнем працавала ўся здымачная група на "Талашы", а асабліва - акцёры. Мы прапанавалі па-сапраўднаму цікавую працу, і людзі, як мне падаецца, гэта ацанілі.

- На вашу думку, якім павінен быць генеральны кірунак нашага нацыянальнага кіно?

- Ведаеце, мы не можам канкурыраваць з Галівудам у сферы спецэфектаў. Мы можам "узяць" гледача толькі дэманстрацыяй унутранага свету чалавека, хараством душэўнай прыгажосці беларускага народа. Больш цярплівай нацыі, чым беларусы, у тым ліку і ў дасягненні задуманага, я не ведаю. І гэтым можна толькі ганарыцца.

Гутарыў Антон СІДАРЭНКА

 Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА