Ключ да аб’екта

№ 27 (998) 02.07.2011 - 08.07.2011 г

Намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктар КУРАШ збіраўся прыняць удзел у нашым “круглым стале” з нагоды Дня Незалежнасці (матэрыялы гутаркі апублікаваны на стар. 3 — 5). Але не атрымалася: намеснік міністра выправіўся ў тэрміновую камандзіроўку па рэгіёнах. Мы сустрэліся з Віктарам Іосіфавічам зранку ў панядзелак, 27 чэрвеня, паміж міністэрскімі планёркамі. А тэма гутаркі была ўсё тая ж: эвалюцыя нацыянальнай культуры цягам двух дзясяткаў гістарычных гадоў найноўшай беларускай дзяржаўнасці.

/i/content/pi/cult/329/5988/6-1.jpg- Што ж знакавага, на ваш погляд, адбылося ў нашай культуры за гэты час?

 - Самае знакавае, што Кіраўнік дзяржавы вызначыў культуру (і гэта зафіксавана ў матэрыялах ІІІ і ІV Усебеларускага сходаў) як стратэгічны рэсурс дзяржавы, што ў многім уплывае на яе развіццё. Карэнныя змены адбыліся ва ўмацаванні матэрыяльнай базы, і гэта наўпрост тычыцца той дзейнасці, якой я цягам двух апошніх гадоў займаюся. Таму сярод знакавых падзей назаву інвеставанні ў ахову гісторыка-культурнай спадчыны, у будаўніцтва, рэканструкцыю, рамонт. І дынаміка тут сапраўды вельмі істотная. Калі ў 2006-м Міністэрству культуры ў адпаведнасці з Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмай было выдаткавана 69,3 мільярда рублёў, дык у бягучым годзе - ужо 174,3 мільярда. Гэта ў два з паловай разы больш, чым у 2006-м, і ледзь не ў пятнаццаць разоў - чым у 2004 годзе. На пэўныя аб'екты сумы дзяржаўнай падтрымкі станавіліся і значна большымі: звыш 180 мільярдаў рублёў, скажам, было выдаткавана на аднаўленне Вялікага тэатра.

- Яшчэ адзін аб'ект нашага гонару - Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Дзяржава ўзводзіла яе пры самым актыўным удзеле ўсёй нацыі. Больш падрабязна, калі ласка, пра тыя знакавыя аб'екты айчыннай культуры, увод якіх дваццаць гадоў таму быў бы проста немагчымым.

- За гады нашай незалежнасці шмат зроблена і па выкананні Дзяржпраграмы, што паклікана ахоўваць нашу гісторыкакультурную спадчыну. Як вы ведаеце, краіна ў эпоху Сярэднявечча мела каля 116 замкаў. Захаваўся ў розным стане 21, два з іх- Мірскі і Нясвіжскі - увайшлі ў Спіс сусветнай спадчыны UNESCO. Мірскі замак здалі летась, і ён паспеў за гэты час стаць сапраўдным цэнтрам турыстычнага паломніцтва, традыцыйным месцам правядзення важных дзяржаўных сходаў, пасяджэнняў калегій Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь...

- Вялікі рэзананс у айчынных СМІ займела будучая здача замка ў Нясвіжы. Ваша стаўленне да публікацый і ацэнка ходу замкавага аднаўлення?

 - Я цудоўна разумею трывогу журналістаў за стан помнікаў архітэктуры, якія дзесяцігоддзямі выкарыстоўваліся як складскія або іншага гаспадарчага прызначэння памяшканні... А цяпер справы актыўна рухаюцца. Сёлета здадзім і Нясвіжскі палац...

 - Наколькі ведаю, замежныя эксперты вельмі станоўча ацэньваюць рэстаўрацыйныя захады ў Нясвіжы?

- Цягам апошняга года нас наведалі тры экспертныя групы. Першую ўзначальваў доктар Міхаэль Петцэт, які цягам трох скліканняў стаяў на чале еўрапейскага ІСОМ'а. Ён абышоў усе памяшканні Нясвіжскага палаца, паглядзеў на методыкі работ і даў вельмі высокую ацэнку рэстаўрацыі... Нам у свой час трэба было, відаць, патлумачыць правільнасць ходу рэстаўрацыі, давесці ўсім, што тая, да прыкладу, усходняя галерэя, па выніках даследавання, не мае падмуркаў і ў любы момант можа "скласціся" на людзей. Таму ў свой час было прынята рашэнне разабраць галерэю па цаглінцы і "перастварыць" яе з запасам трываласці. Паўтаруся, гэтыя захады эксперты ацанілі высока. Потым прыязджалі спецыялісты, што цікавіліся нясвіжскім мостам, - таксама адобрылі нашу пазіцыю. Справа ў тым, што замкавы мост мы адрэстаўравалі таксама з запасам трываласці. Ён цяпер вытрымлівае аўтамабіль грузападымальнасцю звыш 11 тон - гэта вага пажарнай машыны з ёмістасцю, запоўненай вадой. А на мінулым тыдні ў Нясвіжы працавалі эксперты з Польшчы. Яны таксама далі высокую ацэнку рэстаўрацыйным работам і засталіся ўражаныя іх тэмпамі і выкананымі аб'ёмамі... Натуральна, працы яшчэ хапае. Мы цяпер шукаем спонсарскія грошы, каб крыху перарабіць галоўную гадзіннікавую вежу. Такім чынам, выпраўляем пэўныя недакладнасці ў рабоце папярэднікаў, якія, напэўна, таксама мелі ў свой час рацыю, бо тады немагчыма было пры дапамозе камп'ютарнай графікі аднавіць са старадаўніх гравюр найдрабнейшыя элементы вежы і дакладна ўзнавіць яе колішняе гістарычнае аблічча.

 - Сярод гісторыка-культурных каштоўнасцей у 2005 годзе адноўлены і палац Паскевічаў у Гомелі...

- ... І ў 2007 годзе палац Пацёмкіна ў Крычаве, былыя саляныя склады ў Віцебску (у гэтых будынках дзейнічае сёння Гарадскі цэнтр народных рамёстваў і мастацтваў), адрэстаўраваны фрэскі ў Кафедральным саборы сталіцы. Апрача гэтага ў 2006-м зроблена прыбудова да Нацыянальнага мастацкага музея, у 2007 годзе - рэканструкцыя інтэрната Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, здадзена пажарнае дэпо ў Беларускім дзяржаўным музеі архітэктуры і побыту. Зноў згадаю Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, рэстаўрацыю якога завяршылі пазалетась і які стаў нашым нацыянальным гонарам. Цяпер займаемся рэканструкцыяй часткі будынка на вуліцы Фрунзэ, 19 пад размяшчэнне Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі, Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, будаўніцтвам Мінскага дзяржаўнага мастацкага вучылішча імя Глебава. Апошні аб'ект - гэта зусім новы будынак, прыстасаваны пад самыя розныя патрэбы сучасных мастакоў. Узводзіцца спартыўна-культурны цэнтр Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

- Напэўна, пад асаблівым кантролем Міністэрства культуры краіны знаходзіцца рэканструкцыя "Беларусьфільма" і будаўніцтва яго новых тэхналагічных аб'ектаў?

 - Безумоўна, так. Гэта шэсць аб'ектаў: узвядзенне новага інжынернага корпуса і дзвюх аўтабаз, рэканструкцыя інтэрната, старога вытворчага корпуса, праектаванне залы Тэатрастудыі кінаакцёра. Кожны аб'ект - сам па сабе немалы, а ў цэлым праграма - адна з маштабных. Пасля яе рэалізацыі, трэба спадзявацца, нашы кінематаграфісты будуць проста абавязаны якасна адпрацоўваць укладзеныя дзяржавай сродкі.

 - У перспектыве, я чуў, аднаўлення чакае і цэнтр Турава?

- Літаральна на наступным тыдні павінна прайсці нарада з кіраўніцтвам Жыткавіцкага райвыканкама, з прадстаўнікамі Акадэміі навук па абмеркаванні праблемы рэканструкцыі Тураўскага гістарычнага цэнтра. Запланавана і паездка ў Пінск, дзе адбудзецца выязное пасяджэнне навукова-метадычнай рады па варыянтах рэканструкцыі гарадскога гістарычнага цэнтра. А днямі будуць разглядацца аналагічныя пытанні па Мазыры.

- Апошняе пытанне, Віктар Іосіфавіч, што задавалі ўсім удзельнікам "круглага стала": якім бачыцца наступнае 20-годдзе ў развіцці нацыянальнай культуры?

 - Перакананы, наступным пакаленням, што прыйдуць у сферу культуры, іх папярэднікі здолелі падрыхтаваць тую "кропку апоры", з дапамогай якой можна "свет перакуліць". Маю на ўвазе і матэрыяльна-тэхнічную базу, і высокае выканальніцкае мастацтва нашых артыстаў. Склалася трывалая навуковапедагагічная школа ў мастацкай і музычнай адукацыі. Школа - неперарыўная: ДШМ, сярэднеспецыяльная ўстанова, ВНУ... Да ўсяго, Міністэрства культуры прадумвае сістэму стажыровак, майстар-класаў... Словам, нам ёсць ад чаго адштурхоўвацца. А будучыня - за развіццём інфармацыйных тэхналогій. Будзе, неаспрэчна, развівацца і тэатральнае мастацтва, якое, не забываючыся на класічную драматургію, заўжды будзе адгукацца і на актуальныя праблемы сучаснага жыцця... Культура - не выспа адхлання і забыцця, а заўжды жывая крыніца, адкуль і бярэ вытокі духоўная плынь жыцця.

Фота Юрыя ІВАНОВА  

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"