Тое, што можа зрабіць толькі дзяржава

№ 27 (998) 02.07.2011 - 08.07.2011 г

Прыярытэты з векавымі каранямі і сучаснымі тэхналогіямі

/i/content/pi/cult/329/5987/5-1.jpgНацыянальная бібліятэка стала сапраўдным сімвалам інтэлектуальнага багацця Беларусі. І адным з найбольш прэстыжных, прадстаўнічых цэнтраў міжнародных кантактаў: ад сустрэч на найвышэйшым узроўні да стасункаў прафесіяналаў. З 25 па 28 чэрвеня на базе НББ прайшла Генеральная асамблея кансорцыума EIFL (Electronic Information for Libraries: электронная інфармацыя для бібліятэк) - міжнароднай некамерцыйнай арганізацыі, галоўнымі накірункамі дзейнасці якой з'яўляюцца падтрымка абмену ведамі ў глабальным маштабе, пабудова сеткі неперарыўнага павышэння адукацыі, а таксама падтрымка нацыянальных бібліятэчных кансорцыумаў. Прадстаўнікі прыкладна 50 краін СНД, Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, Афрыкі, Азіі абмеркавалі пытанні пераадолення бар'ераў па выкарыстанні электронных рэсурсаў, аўтарскага права ў кантэксце міжнароднай палітыкі, правялі перамовы з вытворцамі і пастаўшчыкамі электронных інфармацыйных рэсурсаў. Маштабны міжнародны форум стаўся нагодай гутаркі карэспандэнта "К" з дырэктарам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, доктарам педагагічных навук Раманам МАТУЛЬСКІМ напярэдадні Дня Незалежнасці краіны. І першае, аб чым разважае госць "К" - якраз міжнародныя стасункі.

 Пра імідж

 - Лічу, падобны знакавы форум немагчыма было б правесці гадоў 25 таму. Бо, па-першае, Савецкі Саюз меў іншую канцэпцыю развіцця, і такіх задач інфармацыйнай інтэграцыі, удзелу ў падобных адкрытых праграмах і праектах, тым больш - па інфармацыйным абмене, перад савецкай дзяржавай не стаяла, ды і, у прынцыпе, не магло стаяць. Па-другое, мерапрыемства такога буйнога ўзроўню, натуральна, праводзілася б у цэнтры, у сталіцы СССР, і, канешне ж, магчымасць таго, што форум адбыўся б у Мінску, была зусім невялікая. Толькі цяпер, у нашай незалежнай Беларусі, мы можам сапраўды паказаць свету, хто мы ёсць. І я ведаю з размоў з маімі калегамі, якія прыехалі на сённяшні форум, што яны здзіўлены, уражаны Мінскам, будынкам Нацыянальнай бібліятэкі, Беларуссю ўвогуле.

 Пра здабыткі бібліятэчнай сферы

 - Сапраўды, два дзесяцігоддзі даюць магчымасць падвесці пэўныя вынікі нашага развіцця. І гэтыя вынікі мы бачым на ўсіх накірунках. Яны звязаны не толькі з палітыкай, не толькі з эканомікай, але і з развіццём сацыяльнай сферы - адукацыі, навукі, культуры, і бібліятэчная сфера ў нашай краіне з'яўляецца сутнасным складнікам агульнага развіцця Беларусі. Галоўны вынік у гэтым кірунку, на маю думку,- наша сённяшняя Нацыянальная бібліятэка. Бо гэта сапраўдны сімвал нашай незалежнасці, і глыбока сімвалічна, што беларуская дзяржава, яе Кіраўнік і народ такім чынам дэманструюць свае прыярытэты. Бо гэтая бібліятэка дазволіла захаваць усе тыя кніжныя каштоўнасці, якія знаходзіліся да таго часу, скажам шчыра, у не надта спрыяльных умовах. А кнігі, якія пражылі стагоддзі, заслугоўваюць большага, чым, кажучы папросту, бадзяцца па падвалах і непрыстасаваных памяшканнях. Цяпер усё наадварот: кнігі знаходзяцца ва ўтульных памяшканнях, дзе ім камфортна, і дзякуючы гэтаму яны могуць існаваць яшчэ цягам стагоддзяў.

Пра інтэграцыю ў інфармацыйныя працэсы

 - Доступ нашай краіны, нашых карыстальнікаў да сусветных інфармацыйных рэсурсаў дазволіў нам стаць роўнымі сярод роўных, а ў большасці выпадкаў - і лідарамі ў бібліятэчнай справе... І тое датычыцца не толькі гістарычнага ці культуралагічнага кантэксту. Сучасныя інфармацыйныя рэсурсы - гэта прагматыка, тое, што дазваляе развіваць, у першую чаргу, адукацыю, навуку, а праз гэта - і эканоміку, рэальны сектар нашай вытворчасці, прамысловасць, сельскую гаспадарку, сферу паслуг. Бо доступ да сусветных рэсурсаў дазваляе атрымліваць інфармацыю пра апошнія навуковыя дасягненні, тэхналагічныя і эканамічныя вынікі, новыя вынаходніцтвы, маркетынгавыя падыходы. Валодаючы гэтай інфармацыяй, нашы вытворцы могуць ствараць канкурэнтаздольную прадукцыю на ўзроўні сусветных стандартаў. Вось што вельмі важна, вось што галоўнае. Да таго ж, мы з'яўляемся бясспрэчнымі лідарамі па доступе да сусветнай інфармацыі на постсавецкай прасторы, а нашы еўрапейскія калегі прызнаюць за намі пэўнае лідарства ў Еўропе па дадзеным паказчыку. Мы забяспечваем доступ не толькі да Інтэрнэта. Бо я пакуль не ведаю прыкладаў, каб хтосьці быў здольны прыдбаць сабе для хатняга карыстання інфармацыйную базу даных, што каштуе дзясяткі тысяч валютных сродкаў. Гэта можа зрабіць толькі дзяржава, і гэта ўвасоблена ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. У нашай установе створаны такія ўмовы, калі, напрыклад, любы студэнт вышэйшай навучальнай установы Беларусі мае магчымасць атрымаць доступ да той жа інфармацыі, што і студэнт або прафесар Кембрыджскага або Оксфардскага ўніверсітэтаў. Я лічу тое адным з галоўных дасягненняў у гэтай сферы для нашай краіны. Дарэчы, гэта можна зрабіць не толькі ў Нацыяналцы, але і праз сістэму віртуальных чытальных залаў амаль ва ўсіх навучальных установах Беларусі і абласных бібліятэках. Цяпер распачалася праца па ўкараненні дадзеных магчымасцей у раённых бібліятэках.

Пра стандарты і дасягненні

- Адно з дасягненняў - гэта тое, што незалежная Беларусь захавала сетку бібліятэчных устаноў, якія былі створаны за савецкім часам, нягледзячы на ўсе складаныя абставіны. Другое дасягненне, не менш важнае, - гэта захаванне інфармацыйных рэсурсаў, фондаў бібліятэк. Бо ў нашай маладой дзяржаве ў пэўны перыяд склалася такая сітуацыя, калі бібліятэкі амаль не камплектаваліся новымі выданнямі. Але дзякуючы Указу Прэзідэнта Беларусі было прынята рашэнне выдаткоўваць на абнаўленне фондаў не менш за 15 працэнтаў ад агульнай сумы фінансавання бібліятэк. І гэта дало штуршок таму, каб у бібліятэкі пачала паступаць новая літаратура, новыя кнігі, газеты і часопісы. У далейшым, я спадзяюся, гэты стандарт-мінімум будзе не толькі захаваны, але мясцовыя ўлады будуць выдаткоўваць і больш фінансавых сродкаў на закупку новай літаратуры. Ну, і трэцяе - гэта камп'ютарызацыя нашых бібліятэк, падключэнне іх да электронных камп'ютарных сетак, стварэнне нацыянальнай бібліятэчнай электроннай сістэмы, а таксама падключэнне да сістэмы віртуальных чытальных залаў, што адбываецца цяпер, як і падключэнне да сусветных інфармацыйных рэсурсаў. Гэта будучыня, якой не трэба ні баяцца, ні супрацьпастаўляць ёй мінулае. Нішто не пагражае традыцыйнай кнізе, яна была, ёсць і будзе, але не трэба лічыць, што яна будзе адзінай, што сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі з'яўляюцца ворагамі кнігі. Мы павінны радавацца, што ёсць новыя тэхнічныя магчымасці, якія трэба выкарыстоўваць на карысць усім людзям.

Пра вяртанне каштоўнасцей у "лічбе" і...

 - Беларусь - краіна старажытнай кніжнай культуры. Больш за тое: гэта краіна, якая запачаткавала распаўсюджванне кнігі на ўсходнеславянскіх землях. Не трэба забываць, што адна з першых бібліятэк усходніх славян - гэта бібліятэка Полацкага Сафійскага сабора, якая фактычна ўзнікла і развівалася побач з бібліятэкай Яраслава Мудрага. Але, у адрозненне ад іншых старадаўніх бібліятэк, мы захавалі карані і нават кнігі з дадзенай бібліятэкі. Тыя кнігі, праўда, - не на тэрыторыі Беларусі, і трэба працаваць над тым, каб іх вярнуць, але гэта ўжо іншая справа. Самае галоўнае, што яны ёсць. Не трэба таксама забываць, што менавіта наша краіна дала ўсяму ўсходнеславянскаму свету першадрукара Францыска Скарыну, які зрабіў сапраўдную рэвалюцыю не толькі ў кніжнай сферы, але і ў развіцці ўсходніх славян. Але, на жаль, так здарылася, што ў ХХ стагоддзі развіццю кніжнай культуры, кніжнай спадчыны надавалася, на маю думку, недастаткова ўвагі. У пэўны перыяд быў этап забыцця каранёў, забыцця мінулага: ніхто не вывучаў рэлігійную кнігу, фонды тых магнацкіх родаў, што жылі на Беларусі, і шматлікія калекцыі былі забыты. І якраз новая незалежная Беларусь, ідэалогія нашай дзяржавы дазволілі нам вярнуцца да каранёў, да даследаванняў айчыннай кніжнай спадчыны. І гэтае вывучэнне пачалося амаль з першых гадоў Незалежнасці. Цягам дваццаці гадоў нарадзіліся такія буйныя праекты, як "Радзівіліяна", падтрыманая UNESCO, над якой працуюць даследчыкі як з Беларусі, так і з Расіі, Польшчы, Украіны, Літвы. Напрыклад, зусім нядаўна была прэзентавана "Сапегіяна" ў Ружанах - сумесны праект з Расійскай Федэрацыяй, але мы плануем прыцягнуць да яго калег з іншых суседніх краін. Нядаўна мы завяршылі першы этап праекта, таксама падтрыманы UNESCO, такі, як узнаўленне бібліятэкі Храптовічаў, якая цяпер знаходзіцца на Украіне. Зразумела, што мы працуем над спадчынай Францыска Скарыны. Усе гэтыя праекты, якія я называю, увайшлі ў Дзяржаўную праграму "Культура Беларусі" на 2011 - 2015 гады, і таму мы маем намер правесці больш грунтоўныя навуковыя даследаванні па выяўленні тых кніжных калекцый, якія былі ў Беларусі, даведацца, дзе яны знаходзяцца цяпер, а пасля правядзём бібліяграфічную рэканструкцыю і створым электронныя каталогі для таго, каб гэта было даступна ўсім, у першую чаргу - моладзі, якая больш актыўна працуе цяпер з электроннымі рэсурсамі.

Пра фундамент Незалежнасці

- Я лічу, што стварыць суверэнную, незалежную дзяржаву Беларусь, яе ідэалогію і сістэму нацыянальных каштоўнасцей немагчыма без апоры на глыбокія, векавыя карані культуры, гісторыі. Немагчыма ўзвесці высокі будынак на слабым фундаменце, немагчыма, каб вырасла велізарнае дрэва без каранёў. І толькі калі мы вывучым тысячагадовую гісторыю беларускіх земляў, культуру беларускага народа, толькі калі мы будзем усё гэта ведаць і гэтым ганарыцца, толькі тады наша дзяржава будзе моцнай, будзе існаваць стагоддзі і тысячагоддзі, як роўная сярод роўных і годная сярод годных.

 Фота Юрыя ІВАНОВА  

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"