Серыял і партрэты

№ 26 (997) 25.06.2011 - 02.07.2011 г

З пошты “К”: “Тэатры-студыі” ля мікрафона і ў музеях

22 чэрвеня на Першым канале Беларускага радыё ў праграме "Кароткія гісторыі" распачаўся радыёсерыял "Шляхам Перамогі" паводле апавяданняў беларускіх пісьменнікаў: Васіля Быкава, Івана Навуменкі, Міхася Лынькова, Алеся Савіцкага, Уладзіміра Федасеенкі, Алеся Шашкова. Творы, прысвечаныя старонкам гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, выконвае артыст, рэжысёр Беларускага радыё Алег Вінярскі.

У творчым багажы яго шмат работ, прысвечаных ваеннай тэме. Адна з апошніх - пастаноўка радыёспектакля "Пастка" паводле аднайменнай аповесці Васіля Быкава. Ва ўвасабленні яе прынялі ўдзел такія мэтры беларускай сцэны, як народны артыст СССР Генадзь Аўсяннікаў, заслужаны артыст Беларусі Андрэй Душачкін ды многія іншыя творцы.

Вінярскі-рэжысёр здолеў літаральна за адну гадзіну перадаць атмасферу часоў Вялікай Айчыннай вайны: артысты не ігралі, а - жылі на прыфрантавой паласе, на мяжы згубы. Да таго ж, голасам Алега Вінярскага агучваліся антываенныя думкі герояў твораў не толькі Васіля Быкава, але і Кузьмы Чорнага, нямецкага пісьменніка-антыфашыста Віллі Брэдэля ды многіх іншых літаратараў.

 Ля мікрафона Нацыянальнага радыё Алег Вінярскі працуе ўжо чвэрць стагоддзя. За гэты час ён правёў больш за тры тысячы мастацкіх праграм. Значны ўклад зроблены ім у літаратурныя музеі, якія сталі своеасаблівымі тэатрамі-студыямі, дзе адбываюцца камерныя спектаклі.

Шмат вялікага душэўнага запалу ў голасе спатрэбілася артысту, каб пражыць ля мікрафона, чытаючы цягам месяцаў унікальную эпапею "Прыгоды бравага салдата Швейка" Яраслава Гашака. Перад Вінярскім стаяла складаная задача персаніфікаваць кампазіцыйна мудрагелісты тэкст і стварыць драматычна "ясную" карціну, выклікаць у слухача адпаведную рэакцыю суперажывання. З найбольш яркіх апошніх дасягненняў Алега Вінярскага можна вылучыць літаратурнае чытанне рамана Я.Брыля "Птушкі і гнезды", а таксама пастаноўку на Беларускім радыё спектакля па п'есе Уладзіслава Сыракомлі "Магнаты і сірата", прысвечанага постаці князёўны Сафіі Слуцкай.

Нельга не адзначыць і адметны творчы праект, створаны пры непасрэдным удзеле Алега Вінярскага. Пастаноўка "Паміж двух партрэтаў", прэм'ера якой адбылася ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, аб'яднала такіх знакамітых творцаў, як Мікалай Гогаль і Сяргей Ясенін.

Таццяна ІГНАТОВІЧ