Чаму маўчаць званочкі?

№ 26 (997) 25.06.2011 - 02.07.2011 г

Айчынны тэатральны асяродак ужо якое дзесяцігоддзе зачараваны пастаноўкамі літоўскіх калег. Тэатр, які адмаўляецца ад залішняй вербальнасці на карысць амаль язычніцкіх абрадаў і неўтаймаванага сімвалізму, збірае паўнюткія залы. На гэтай хвалі беларускія падмосткі раз-пораз папаўняюцца спектаклямі рэжысёраў з суседняй краіны ці пастаноўкамі па літоўскім матэрыяле. Цяпер дакрануцца да атмасфернай тэматыкі прапанаваў сталічны Новы тэатр: напрыканцы сезона тут прэзентавалі “Бляск летняй вады” па п’есе Лаўры-Сінціі Чарняўскайтэ.

/i/content/pi/cult/328/5976/pic_14.jpgЯк бачна, Новы тэатр працягвае папаўняць рэпертуар творамі маладых, але ўжо заявіўшых пра сябе драматургаў, якія яшчэ не ставіліся ў Беларусі. Такім чынам ён не толькі далучае да плыні сучаснай сусветнай драматургіі свайго гледача, але прапануе і прафесіяналам адкрыць для сябе новае перспектыўнае імя.

Прынамсі, Лаўра-Сінція Чарняўскайтэ стала вядомая ў 2000-х: хваля пастановак па яе першай п'есе пракацілася па расійскіх тэатрах і закранула фестывальны "M.@rt.кантакт". Рэжысёр-пастаноўшчык Віргінія Тарнаўскайтэ звярнулася да наступнага твора маладой аўтаркі.

Мастак-пастаноўшчык Яўген Волкаў імкнуўся перадаць містычнаць дзеі, аб'яднаўшы ў адзіную прастору інтэр'ер з экстэр'ерам: майстэрня скульптара Бэна адначасова з'яўляецца і пірсам ля загадкавай ракі, дзе яго дачка Базіле размаўляе з Рыбай - старажытнахрысціянскім увасабленнем Бога. Вось толькі сімвалічная хованка-храм дзяўчынкі чамусьці не аздоблена ў неабходнай колькасці званочкамі. Большасць тых высокіх пруткоў-рыб, якія, паводле рэжысёрскай задумы, павінны адгукацца тонкім звонам, што ачышчае ад наносных крыўд, вызваляе ад цяжару комплексаў і загойвае сардэчныя раны, у кульмінацыйных момантах душэўнага напружання... маўчаць. Так з-за дробязі, на якой завязана палова дзеяння спектакля, парушаецца тая самая атмасфера, што вызначае поспех такога кшталту тэатра.

Рэжысёр Віргінія Тарнаўскайтэ выкладае ў Тэатральнай школе №1, якая з'яўляецца структурным падраздзяленнем Новага тэатра. Верагодна, таму акцёрскі ансамбль будаваўся вакол адзінаццацігадовай навучэнкі ўстановы Валерыі Сакаловай. Сапраўды, маленькай актрысе ўдалося стварыць вобраз загнанай у клетку свайго болю дзяўчынкі, што "пачувае сябе гадоў на дзвесце: старой, замаруджанай і ўсім абавязанай". Але агульнае адчуванне знаходжання на краі прорвы можа з'явіцца толькі тады, калі дзіцячую арганічнасць адценяць прафесійныя акцёры.

Большасць жа артыстаў, аддаўшы першую скрыпку школьніцы, /i/content/pi/cult/328/5976/pic_15.jpgбыццам бы зусім зніклі з палітры спектакля. Пакінуўшы на водкуп метафарычнасці пункцірныя праходкі па сцэне напрыканцы ці на пачатку мізансцэн, яны паплылі па волі той самай летняй вады і не сталі заглыбляцца ў псіхалагічныя партрэты сваіх герояў. Прынамсі, бацька галоўнай гераіні -Бэн у выкананні Валерыя Агаяна - так і застаўся плоскаснай фігурай у дзіцячым расповедзе. А шкада, бо тэкст Лаўры-Сінціі Чарняўскайтэ змяшчае нямала зачэпак для заглыблення ў матывацыю ўчынкаў герояў. Побытавая, на першы погляд, гісторыя можа пераўтварыцца ў разважанне пра дарослых, якія, песцячы свой эгаізм, вымушаюць дачок і сыноў на парозе жыцця па-дзіцячы прагна жадаць смерці.

Базіле ў вострыя муры адзіноцтва заганяе маці, якая на вачах у дачкі заканчвае жыццё самагубствам, бо не змагла знайсці кампраміс паміж каханнем да сяброўкі і пачуццямі да мужа, ад якога нарадзіла дзіця. Сваю "цагліну ў сцяну" дадае бацька, замкнёны ў спробах ухапіць здань памерлай жонкі. Былая сяброўка маці, закаханая ў Бэна маладая настаўніца, ды шматлікія хворыя хадакі ўспрымаюць школьніцу толькі ў якасці прадмета для дасягнення пастаўленых мэт. Пабачыць жа акрываўленыя камяні ў сваёй руцэ, адчуць чужы боль і паспрабаваць думаць не толькі пра сябе, але і пра тых, хто цябе любіць, - гэтаму ўсяму і вучацца героі цягам усёй дзеі ў загнанай знутры сваёй "нікому непатрэбнасцю" дзяўчынцы...

На здымках: сцэны са спектакля.

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"