"Халстамер" прывёз Гран-пры!

№ 26 (997) 25.06.2011 - 02.07.2011 г

Тройчы залатыя лялькі

/i/content/pi/cult/328/5975/pic_12.jpgЛітаральна днямі артысты Брэсцкага тэатра лялек вярнуліся з Прагі, дзе прымалі ўдзел у юбілейным, ХV Сусветным фестывалі тэатраў лялек. Як сцвярджаюць самі арганізатары фэсту, брастаўчане здзейснілі сапраўдны цуд: забралі амаль усе ўзнагароды, уключаючы Гран-пры форуму!

 

Погляд з Прагі...

Па выніках творчага форуму нязменны дырэктар Сусветнага фестывалю лялечнага мастацтва ў Празе і вядомы тэатральны дзеяч Чэхіі Род ПЕТРАВІЧ даслаў брэсцкім лялечнікам ліст, у якім, у прыватнасці, піша: "Сёлета на нашым фестывалі прысутнічалі ўдзельнікі і госці з 37 краін свету. І ўсе яны былі ўражаны вашым спектаклем "Халстамер". На іх погляд, ён сёння з'яўляецца адной з найлепшых пастановак у свеце, а ваш тэатр уваходзіць у лік тэатральнай эліты. І гэта вы падцвярджаеце цягам доўгага перыяду. Варта ўзгадаць першую перамогу ў Празе ў 2006 годзе і Гран-пры, заваяваны летась спектаклем "Месяц Сальеры". Сёлета тэатр трэці раз атрымаў Гран-пры і яшчэ тры ўзнагароды. Такога поспеху за ўсе 15 гадоў існавання пражскага фестывалю не меў ніводзін тэатр-удзельнік!"

Акрамя таго, Род Петравіч накіраваў лісты падзякі на адрас міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла Латушкі і губернатара Брэсцкай вобласці Канстанціна Сумара.

- Часам погляд збоку дапамагае лепш убачыць і ацаніць свае дасягненні, - распавёў спадар Петравіч у тэлефоннай размове.- Таму я лічыў неабходным падзякаваць за падтрымку цудоўнага калектыву з Брэста, бо дасягненні вашых лялечнікаў - вялікія і бясспрэчныя. Я ведаю гэтых творцаў цягам ужо шасці гадоў, і смела магу так казаць. Важна, што яны ўдасканальваюць сваё майстэрства, дасягаюць новых вяршынь. А гэта - зарука далейшых поспехаў і здзяйсненняў.

- Вы з'яўляецеся мастацкім кіраўніком Сусветнага карнавалу лялечнага мастацтва, які ўвосень будзе ўпершыню праходзіць у Казахстане...

- Перада мной пастаўлена задача: запрасіць на яго лепшыя тэатры лялек з усіх кантынентаў. І адно з першых запрашэнняў я накіраваў у Брэсцкі тэатр. Мне хацелася, каб гэты грандыёзны фэст у Алма-Аце адкрыў менавіта ваш спектакль "Халстамер". Але ўдзел брэсцкага калектыву ў Сусветным фестывалі ў Францыі, які таксама праходзіць у верасні, прымусіў мяне ўнесці яго ў праграму карнавалу на больш позні час. Зрэшты, гэта не істотна, бо галоўнае - пастаноўку павінны ўбачыць новыя гледачы якія, спадзяюся, высока ацэняць дадзены твор. Наогул, лічу, Беларусь мае права ганарыцца тым, што ў яе ёсць такія калектывы, як Брэсцкі тэатр лялек, які годна прэзентуе ваша мастацтва за межамі сваёй краіны. Без яго спектакляў і сусветнае мастацтва было б нашмат бяднейшым.

 

...і з Брэста

- Скажыце, - звяртаюся да дырэктара Брэсцкага тэатра лялек Міхаіла ШАВЕЛЯ,- у чым жа сакрэт такога міжнароднага поспеху тэатра?

- Трэба настойліва працаваць і ставіць сабе мэту. Гэта датычыцца і выбару матэрыялу для пастаноўкі, і тых цікавых творцаў, якія могуць неардынарна прачытаць іх, даць сцэнічнае жыццё класічным творам, што да гэтага, магчыма, было цяжка ўявіць у лялечным тэатры.

- Упершыню вы прынялі ўдзел у Сусветным фестывалі /i/content/pi/cult/328/5975/pic_13.jpgтэатраў лялек у 2006-м са спектаклем "Халстамер". Як вітала вас фестывальная публіка?

- Так, у той год у Прагу з'ехаўся 41 тэатр з 32 краін свету! І ўсе тэатры - носьбіты самабытных лялечных традыцый, прадстаўнікі разнастайных школ і накірункаў. Натуральна, што, нават нягледзячы на наяўнасць у нашай пастаноўкі досыць вядомай фестывальнай гісторыі, мы ўсё роўна хваляваліся, бо яшчэ ніколі не бачылі такой канкурэнцыі. Аднак перапоўненая добразычлівая зала дапамагла настроіцца на працу, і ў выніку той спектакль (як, зрэшты, і ўсе пазнейшыя) прайшоў выдатна. Мы, проста, у адзін момант адчулі, што не застанемся без узнагароды. І адчуванні гэтыя - спраўдзіліся: праз дзень пасля вяртання дадому ў тэатр патэлефанавала прадстаўніца нашага пасольства ў Чэхіі і павіншавала з перамогай - атрыманым Гран-пры.

- Калі ў 2010 годзе Брэсцкі тэатр лялек прапанаваў аргкамітэту чарговага фестывалю ў Празе спектакль "Месяц Сальеры", ён ужо ведаў яго ўзровень і маштабы...

- Натуральна, мы павінны былі трымаць марку. І тое, як прайшоў спектакль, як ён быў успрыняты гледачамі, засведчыла: калектыў выпрабаванне вытрымаў! У нас з'явілася шмат новых прыхільнікаў і шчырых сяброў. Гэта мы асабліва адчулі па бурных апладысментах залы, якія раздаліся ў момант аб'яўлення рашэння журы: Гран-пры фестывалю ў другі раз уручаецца Брэсцкаму тэатру! Прэзідэнт форуму Тодар Рысціч мусіў доўга чакаць, пакуль сціхнуць авацыі, каб аб'явіць, што тэатр з Брэста са спектаклем "Халстамер" як двойчы пераможца запрашаецца на наступны, юбілейны, XV фэст, які збярэ ўсіх пераможцаў ранейшых гадоў.

- Зноў - "Халстамер": лёс гэтай пастаноўкі, якая неаднойчы прэзентавала айчыннае лялечнае мастацтва, сам па сабе незвычайны і ў многіх момантах паказальны...

- Менавіта так. Спектакль гэты жыве і развіваецца цягам усяго свайго існавання. Прыкладам, гэтай вясной, рыхтуючыся да паездкі ў Прагу, мы зноў запрасілі рэжысёра Руслана Кудашова, каб ён увёў на ролю Халстамера новага выканаўцу - Уладзіміра Тэвасяна. І Руслан як чалавек вельмі творчы літаральна за некалькі рэпетыцый прыўнёс шмат новых выяўленчых сродкаў у саму пастаноўку, зыходзячы з акцёрскай індывідуальнасці выканаўцы, расставіў новыя акцэнты, і спектакль загучаў яшчэ больш пранізліва, драматычна. І, акрамя Гран-пры, атрымаў у дадатак тры дыпломы: за лепшую рэжысуру, сцэнаграфію і музычнае афармленне. У такія моманты кожны ўдзельнік калектыву адчувае гонар не толькі за свой тэатр, але і за тое, што ён прадстаўляе беларускае мастацтва.

Рыгор БАКІЕВІЧ

Брэст

На здымках: артысты тэатра ў Празе; сцэна са спектакля "Халстамер".

Фота аўтара і Станіслава КОРШУНАВА