Кропка інсайту

№ 26 (997) 25.06.2011 - 02.07.2011 г

Абарона дыпломаў у шасці рэцэнзіях

/i/content/pi/cult/328/5972/pic_5.jpg

Апошнія дні чэрвеня штогод становяцца яшчэ гарачэйшымі, калі ў студэнцкіх аўдыторыях віруе абарона дыпломаў. А калі дыпломнікі - носьбіты творчых прафесій? А калі яны фатографы, хто, можна сказаць, літаральна ўчора схапіў нечаканы, але такі жаданы інсайт? Карацей, уявіце сабе кропку кіпення крэатыву і творчай думкі, што панавала ў час абароны дыпломаў выпускнікамі факультэта дызайну і ДПМ Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Рэцэнзентам работ шасці выпускніц запрасілі выступіць мяне. Так і нарадзіліся гэтыя фрагменты з нататак на палях рэцэнзій. 

 

Міла, або Злітнасць з мадэрнам

Фотаздымкі, прадстаўленыя Мілай Зверавай, цікавыя сваёй незвычай/i/content/pi/cult/328/5972/pic_7.jpgнасцю. І не толькі таму, што яна абмежавала сябе тэхнікай перадачы выявы (пінхол- сваячка камеры абскура), а ў яе работах (я назваў бы іх нават творамі мастацтва) праглядаецца дачыненне, злітнасць з мадэрновай беларускай паэзіяй.

 Не так шмат прыкладаў, калі фатаграфія ілюструе мастацкія творы. А ў дыпломнай працы прадстаўлена даследаванне тэмы і прыведзены прыклады з сусветнай практыкі. Гэта сведчыць аб сур'ёзнай падрыхтоўцы Мілы Зверавай да вырашэння праблемы ўдзелу дызайнфатографаў у дзейнасці выдавецтваў.

Тым не менш, мне пакуль цяжка сказаць, дзе знойдзе прымяненне гэтая выдатная экспазіцыя. Сама ж Міла Зверава падобная на сябе, і будучыня - у ейных руках. Дыпломная праца заслугоўвае найвышэйшай адзнакі.

 

Таццяна, або Не прыдуманая гісторыя

Выбар Таццянай Давыдзенка тэмы ўласнай дыпломнай працы - рэальны. Здымка ж у начны час - вынік прафесійнага валодання фотакамерай.

Бяспека дзяўчыны на вуліцы ў вячэрні час - не прыдуманая гісторыя. І перад намі- па-майстэрску выкананыя фатаграфіі. Лічу, гэта нават новы жанр апавядання - фотааповед, дзе мінімум тэксту і максімум драматызму. Аўтар разам са сваёй гераіняй рухаецца па цёмнай вуліцы дахаты.

У дыпломе прадстаўлена дзевяць планшэтаў-рэкамендацый, як сябе паводзіць, тых плакатаў, якія можна выдаваць масавым тыражом. Актуальнасць тэмы, дасканалае даследаванне праблемы начнога горада, высокамастацкае выкананне заслугоўваюць высокай адзнакі.

/i/content/pi/cult/328/5972/pic_6.jpg

Настасся, або Там, дзе цесна, але ўтульна

Аўтар праекта "Людзі, якія працуюць у маленькіх прасторах" Настасся Бачыла правяла глыбокае сацыялагічнае даследаванне. Прызнаюся, спачатку быў не на баку аўтара. Але пераканаўчасць абароны падштурхнула мяне да прызнання сваёй некампетэнтнасці ў дадзеным пытанні.

Што бачым? Шэсць здымкаў, выкананых у розных месцах Мінска, там, дзе цесна, але ўтульна. Мо я не ўбачыў праблему, якую трэба вырашаць? Але - пабачыў вострае жаданне аўтара дапамагчы адзінокім людзям. І заключныя словы дыплома з'яўляюцца пацвярджэннем: "Складана казаць аб эфекце, які дадзены праект можа зрабіць. Дапускаю, ён можа быць карысным для ўсіх, хто даследуе і фіксуе візуальную культуру нашага часу".

Я ж распавяду, як на маіх вачах фотааматар стаў прафесіяналам-фатографам. Было гэта ў часы "перабудовы". Лёс, або выпадак, кінуў нас у камандзіроўку ў Заходні Берлін. Прыняў нас на высокім узроўні бургамістр. Мы жылі ў шыкоўным гатэлі ў цэнтры Заходняга Берліна. Сустракаліся раніцай за сняданкам.

"Мала часу застаецца", - наракаў неаднойчы Міхаіл. - "У чым справа?"- "Дык трэба ж над кожным негатывам папрацаваць!" (Здымалі мы на плёнку аналагавымі камерамі.-Ю.І.). Да майго глыбокага шкадавання, многія фотааматары асноўную частку часу праводзілі не на здымцы, дзе жыццё віруе, а ў лабараторыі, даводзячы малюнак да ідэальнай, як ім здавалася, якасці.

- Міша, - казаў я яму,- паглядзі: вакол нас - жыццё. Усё- новае, раней нябачанае. Сачы, заўважай, адкрывай яго для сябе. Спрачайся сам з сабой, са мной, з людзьмі навокал!

Вынікам камандзіроўкі была выстаўка "Іншымі вачыма". Фотаздымкі Міхаіла Жылінскага былі сапраўды адкрыццём Заходняга Берліна. У яго было жаданне "ўбачыць". І ён - убачыў!..

Дыпломная ж праца Настассі Бачыла заслугоўвае станоўчай ацэнкі.

 

Ірына, або Кветкі з намі...

/i/content/pi/cult/328/5972/pic_8.jpgДыпломная праца Ірыны Залознай дзеліцца на дзве часткі. Першая, я назваў бы яе даследаваннем, разумее мову кветак і чалавека, які размаўляе на гэтай мове. Флораграфіка нарадзілася на Усходзе і знайшла працяг у нас. "Кветкі заўсёды скаралі чалавечае сэрца. Кветкі з намі- у дні радасці і ў дні смутку, яны дапамагаюць выказаць нашы пачуцці і настроі, яны натхнялі і натхняюць на стварэнне цудоўных вершаў і карцін", - піша Ірына і пацвярджае свае словы здымкамі ў календары - галоўнай частцы дыплома.

Фотаздымкі-кветкі ўяўляюць з сябе галерэю "Поры года". Мне прымроілася нават, што чую мелодыю Чайкоўскага. Чорны фон удала падкрэслівае прыгажосць кветкі. Мастак паказвае нам не ўсю яе, а толькі фрагмент, адзначаючы пункцірам сваю прысутнасць. Замест назваў месяцаў - лічбы. Карацей, мне спадабалася. У гэтым я ўбачыў філасофію.

Ведаеце, у Кодэксе гонару дызайнера ёсць такія словы: "Дызайнер абавязуецца з прафесійнай адказнасцю дзейнічаць у інтарэсах экалогіі і абароны асяроддзя". Ірына Залозная выдатна справілася з гэтым пунктам у Кодэксе гонару і яе дыпломная праца заслугоўвае высокага бала.

 

Наталля, або Верлібр прафесіі

Я такі каляндар купіў бы і павесіў на бачным месцы, распавядаючы сваім гасцям аб кожнай працы, адгортваючы лісты на месяц наперад! Выкананыя з любоўю да твораў калег з кафедры ДПМ, фатаграфіі становяцца вечнымі... Удала выкарыстаны святло, падабраны фон і колеравае рашэнне.

У календары - шэсць лістоў: - па два месяцы на кожным. Гэта зачароўвае і стварае ўражанне інтрыгі. Асабліва на трэцім аркушы, калі вясна сустракаецца з летам. З задавальненнем гартаю:

Іней студзеня - лютага. Сакавік - красавік- чаканне цяпла і любові. Квітнеючыя май - чэрвень. Філасофская недаказанасць - ліпень - жнівень. З тонкім гумарам - верасень - кастрычнік. Халодныя лістапад - снежань.

Я назваў бы гэта паэмай, прысвечанай атмасферы творчасці і вопыту.

Асабліва адзначаю вокладку: фрагменты фатаграфій інтрыгуюць і прымушаюць чакаць адкрыцця.

"Рэклама - сацыяльны візуальны інструмент, які спрыяе прыцягненню ўвагі аўдыторыі да таго або іншага аб'екта", - піша ў сваёй дыпломнай працы Наталля Кашэўская. Падаецца, дакладнае вызначэнне.

Мая ж парада - высока трымаць гонар і годнасць сваёй прафесіі.

Дыплом жа заслугоўвае высокай адзнакі.

 

Вольга, або Той, хто мае рацыю

Атрымаў сапраўднае задавальненне, разглядаючы партрэты, выкананыя Вольгай Страх. Яна вельмі дакладна вызначыла падыход да працы фатографа (фотакарэспандэнта, фотамастака, рэпарцёра): "Для фатографа псіхалагічны партрэт - досыць складаная задача. Большасць людзей, пазіруючы, адчуваюць дыскамфорт. Заслужыць прыязнасць, дапамагчы ім расслабіцца і раскрыць свае характэрныя рысы не так проста".

Вольга, вы маеце рацыю. Адзін мой знаёмы кінааператар казаў: "Ты здымаеш адзін кадр, а ў мяне кіно - 24 кадры ў секунду! Я з гэтых метраў кінаплёнкі столькі шэдэўраў настрыгу!..".

Думаю, не са злосці мой калега сказаў такія словы. Я ж яму не адказаў тады. А ў нашай прафесіі галоўнае - злавіць момант, а раней - стварыць сітуацыю: у адрозненне ад кіно, фотакар - і аўтар сцэнарыя, і рэжысёр, і аператар, і мастак па святле...

Я не знаёмы з Вольгай, але ўбачыў у кожным партрэце яе саму, таму што яна не проста фатограф, а псіхолаг. Я заўсёды кажу: добрая фатаграфія - добрае стаўленне да фатографа. Перш чым сфатаграфаваць, яна (я ў тым перакананы) выдаткавала не адну гадзіну на знаёмства з героем. Гэта стыль КарцьеБрэсона, які гадзінамі, ведаю, праводзiў са сваім сябрам і рабіў два - тры кадры. Іх мы вывучаем як класіку фотапартрэта.

Не верце тым, хто скажа: маўляў, сфатаграфаваць чалавека- абы-якая штука. Слушна, лічу, пра нашу прафесію сказаў мой калега Яўген Рагін: "Фатограф - паляўнічы за думкай. Ён гатовы сядзець у засадзе гадзінамі, вымотваючы ахвяру дашчэнту. Ахвяра, разумеючы непазбежнасць, пачынае здзіўляць: спачуваннем, поглядам, думкай".

Такім чынам, сем партрэтаў мастакоў. Георгій Паплаўскі. На мяне ён такім поглядам ніколі не паглядзіць, хоць знаёмы мы з ім шмат гадоў. Бачу тут характар мастака. Міхаіл Будавей: выдатны партрэт чалавека, занятага сваімі думкамі, і, у той самы час, адчуваю зноў-такі характар творцы. Алесь Ксяндзоў сваім поглядам ілюструе свае работы - такія ж задуменныя. Уладзімір Кожух: гэта не фотапартрэт, а- скульптура. Уладзімір Вішнеўскі ў сваёй задуменнасці перасягнуў у нечым, здаецца, самога Радэнавага "Мысляра". З Леанідам Хобатавым я не знаёмы, але, гледзячы на ягоны партрэт, убачыў яго падобным да Андрэя Рублёва, калі той увайшоў у храм з белымі сценамі, якія яму трэба было распісаць. А пра Уладзіміра Пракапцова ходзяць легенды. То ён кажана ператварыў у жанчыну, то, як у Шагала, ягоныя героі ўзляцелі. У мяне на выстаўцы ёсць яго партрэт на фоне Радзівілаўскай калекцыі. Але партрэт аўтарства Вольгі падкупіў мяне сваёй шчырасцю. Ён лепшы за маю работу.

Фотаздымкі выкананы ў чорна-белым варыянце, і ад гэтага яны выйграюць. Дыпломная заслугоўвае высокага бала.

Рэцэнзент Юрый ІВАНОЎ

Фота Юліі САВІЦКАЙ

 

Аўтар: Юрый ІВАНОЎ
фатограф